Выбрать главу

I ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвiлiнаю наблiжалася. Тады скаты сабралi ўсiх дарадаў, якiя чакалi загаду, i крыкнулi iм:

- Хутчэй, даражэнькiя! Абплывiце ўсю раку i ўзнiмайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збiраюцца вакол вострава! Пабачым, цi пройдуць гэтыя ягуары!

I войска дарадаў у тое ж iмгненне разбеглася ўверх i ўнiз па рацэ, пакiдаючы за сабой на вадзе барозны.

На Явэвiры не было нiводнага ската, якi б не атрымаў загаду прыплысцi да берага ракi побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў - з усёй Явэвiры збiралiся скаты, каб абаранiць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасцi сюды-туды сноўдалi дарады.

I зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, i ягуары высыпалi на бераг.

Iх было шмат - здавалася, што ўсе мiсьёнэскiя ягуары сабралiся тут, ля ракi. Але i рака Явэвiры ўся вiравала ад скатаў, якiя сабралiся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.

- Дарогу ягуарам! - зараўлi драпежнiкi.

- Няма вам дарогi! - адказалi скаты.

- Паўтараем - дайце дарогу!

- Не дамо!

- Глядзiце ж! Калi не дасце нам прайсцi, не застанецца нi ската, нi скатавага дзiцяцi, нi скатавага ўнука!

- Можа быць! - адказалi скаты. - Але нi ягуары, нi ягуаравы дзецi, нi ягуаравы ўнукi - нiводзiн ягуар у свеце не пройдзе тут!

Так адказалi iм скаты. Тады ягуары зараўлi апошнi раз:

- Патрабуем нас прапусцiць!

- Нi, нiколi!

I тады пачалася сапраўдная бiтва. Гiганцкiм скачком ягуары кiнулiся ў ваду! Але яны ўпалi на суцэльны подсцiл са скатаў. Скаты пачалi бiць iх, працiнаць iм лапы ўдарамi сваiх вострых шыпоў, i на кожную рану ягуары азывалiся страшным рыкам ад болю. Але ж i яны адбiвалiся лапамi, з усяе сiлы лупцуючы iмi ў вадзе. I скаты, распаласаваныя кiпцюрамi ягуараў, узляталi ў паветра.

Уся Явэвiры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гiнулi сотнямi... Але ж i ў ягуараў былi жахлiвыя раны, i яны, рыкаючы, адступалi, каб са страшна апухлымi лапамi адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кiпцюрамi ягуараў, не адступалi. Яны нi на хвiлiну не пакiдалi абараняць пераход. Шмат хто з iх узлятаў у паветра i зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў i зноў кiдалiся на ворага.

Паўгадзiны доўжылася гэтая жахлiвая бойка. А праз паўгадзiны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелi на беразе i раўлi ад болю: нiводзiн з iх не прайшоў. Праўда, i скаты стамiлiся да знямогi. Шмат хто загiнуў. I тады тыя, што засталiся жывыя, сказалi:

- Другой такой атакi нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якiя ёсць у Явэвiры!

I дарады зноў разбеглiся ўверх i ўнiз па рацэ, i плылi яны ўсе так шпарка, што пасля iх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставалiся барозны.

А скаты тым часам паплылi да чалавека.

- Мы болей не вытрываем! - сказалi са смуткам скаты. I сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.

- Iдзiце, скаты! - сказаў паранены чалавек. - Пакiньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмi шмат для мяне зрабiлi. Хай ягуары пройдуць!

- Нi, нiколi! - у адзiн голас крыкнулi скаты. - Пакуль у нашай рацэ Явэвiры ёсць хоць адзiн жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, якi некалi абаранiў нас!

Тады паранены задаволена прамовiў:

- Скаты! Я амаль памiраю, i мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калi толькi мне прынясуць вiнчэстэр, мы добра пажартуем, i гэта я вам абяцаю.

- Так, мы ведаем! - падбадзёрыўшыся, адказалi скаты.

Але скончыць гамонку яны не змаглi, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылi на ногi i, выгнуўшы спiны, як для скачка, рыкнулi:

- Апошнi раз i раз назаўжды патрабуем: дарогу!

- Нi, нiколi! - адказалi скаты i зноў сабралiся ля берага.

Але i ягуары ўжо скочылi ў ваду, i страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвiры ад берага да берага была чырвоная ад крывi. Кроў пенiлася хвалямi на пяску. Ляцелi ў паветра разарваныя скаты, раўлi ад болю ягуары, але нiхто не адступаў нi на крок.

I ягуары ўжо не толькi не адступалi, але пачалi прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх i ўнiз па рацэ, склiкаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагалiся перад востравам, i палова iх ужо загiнула. А тыя, што заставалiся, былi ўсе параненыя i знямоглыя. I тады яны зразумелi, што не здолеюць пратрымацца больш нi хвiлiны i што ягуары пройдуць. I няшчасныя скаты, якiя лiчылi, што лепей памерiц, чым аддаць свайго сябра, з астатнiмi сiламi кiнулiся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылi ўжо да вострава i былi недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулi:

- Да вострава! Усе на той бераг!

Ды было ўжо позна - яшчэ два ягуары кiнулiся плыць, а праз хвiлiну ўсе яны ўжо былi пасярод ракi, i з вады высоўвалiся толькi iх галовы.

Але ў гэтае самае iмгненне адзiн звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькi ставала сiлы плыў праз Явэвiры: гэта быў капiбара, якi дабiраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вiнчэстэр з набоямi.

Чалавек закрычаў ад радасцi, яму яшчэ заставаўся час, каб заступiцца за скатаў. Ён папрасiў капiбару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, i лёгшы, ён маланкава зарадзiў вiнчэстэр. I якраз у той момант, калi распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылi, што прайгралi бiтву i што ягуары зараз разарвуць iх няшчаснага параненага сябра на шматкi - якраз у гэты момант яны пачулi аглушальны стрэл! I ўбачылi, што пярэднi ягуар, якi ступiў ужо на пясок, раптам падскочыў i павалiўся мёртвы з прабiтаю галавой.

- Брава! Брава! - закрычалi вельмi задаволеныя скаты. - У чалавека вiнчэстэр! Мы выратаваныя!

I так моцна ўзрадавалiся, што закаламуцiлi ўсю ваду. А чалавек спакойна раз за разам страляў, i кожны стрэл прыносiў смерць новаму ягуару. На рык кожнага ягуара, якi падаў мёртвы, скаты адказвалi, б'ючы хвастамi па вадзе.

Адзiн за адным ягуары гiнулi пад кулямi, быццам галовы iм працiнала маланка. Усё гэта доўжылася ўсяго дзве хвiлiны. Адзiн за адным ягуары патаналi, iдучы на дно, i там iх з'ядалi прагныя рыбы. А некаторых зносiла рака, i дарады плылi разам з iмi аж да самай Параны i елi iх, ад задавальнення выскокваючы з вады.