Выбрать главу

Прайшоў час, i скатаў у рацэ зноў развялося столькi ж, колькi было раней, бо ў iх народжваецца шмат дзяцей. Чалавек таксама ачуняў. I ён быў такi ўдзячны скатам, якiя выратавалi яму жыццё, што перасялiўся на востраў. Летнiмi вечарамi ён любiць ляжаць там на пляжы i курыць пры месяцавым святле. А скаты тым часам нягучна гутараць i паказваюць на яго рыбам, якiя яго не ведаюць, i расказваюць iм пра вялiкую бiтву, якую яны некалi вялi поплеч з гэтым чалавекам супраць ягуараў.

ПЧАЛА-ГУЛЬТАЙКА

Жыла сабе ў адным вуллi пчала, якая не любiла працаваць. Яна лётала з дрэва на дрэва, ад кветкi да кветкi, але замест таго, каб збiраць нектар ды рабiць мёд, сама ўвесь нектар выпiвала.

Была яна пчолка-гультайка. Кожную ранiцу, як толькi сонейка сагравала паветра, яна вылазiла з вулля i глядзела, цi добрае надвор'е, потым прычэсвалася лапкамi, як гэта робяць мухi, i ляцела гуляць, радуючыся пагоднаму дню. Лётаючы з кветкi на кветку, яна гула ад задавальнення, потым вярталася ў вулей, потым - зноў вылятала з яго, i так бавiла цэлы дзень. А тым часам астатнiя пчолы шчыравалi, стараючыся напоўнiць усе соты мёдам, бо мёд найлепшае харчаванне маленькiм пчолкам, якiя толькi што нарадзiлiся.

Пчолы - насякомыя вельмi сур'ёзныя. I таму iх урэшце пачалi абураць такiя паводзiны iх сястры. Каля ўвахода ў вулей заўсёды дзяжурыць некалькi вартаўнiчых пчол, якiя глядзяць, каб у вулей не запаўзлi казуркi. Звычайна гэта сама старыя пчолы, якiя ўжо добра дасведчаныя ў жыццi. Спiны ў iх зусiм голыя, бо яны ўвесь час труцца аб дзверы вулля i выцiраюць у сябе на спiнах усе валаскi.

I вось аднойчы вартаўнiчыя пчолы спынiлi гультаяватую пчолку каля ўвахода i сказалi ёй:

- Сястра, ты павiнна працаваць, бо ўсе мы, пчолы, заўсёды працуем.

Пчолка адказала:

- Але я ўвесь дзень лётаю i вельмi стамляюся.

- Справа не ў тым, што ты вельмi стамляешся, - сказалi пчолы, - а ў тым, што ты павiнна хоць крыху працаваць. Глядзi, мы папярэджваем цябе першы раз.

I сказаўшы гэта, яны прапусцiлi яе.

Але гультайка не падумала выпраўляцца. I наступным вечарам вартаўнiчыя пчолы сказалi ёй зноў:

- Сястра, ты павiнна працаваць.

А яна адразу адказала на гэта:

- Ну добра, днямi пачну.

- Не, не днямi, - сказалi пчолы, - а заўтра. Запомнi гэта.

I яны ўпусцiлi яе i гэты раз.

Але наступным вечарам паўтарылася тое самае. I не паспелi вартаўнiчыя пчолы ёй што-небудзь сказаць, як пчолка сама iм крыкнула:

- Добра, добра, сёстры! Я памятаю, што паабяцала!

- Справа не ў тым, цi памятаеш ты абяцанне, - адказалi ёй вартаўнiчыя пчолы, - а ў тым, каб ты працавала. Сёння 19 красавiка. Дык вось, пастарайся заўтра, 20 красавiка, прынесцi хоць бы кропельку мёду. А цяпер праходзь.

I сказаўшы гэта, яны саступiлi ўбок, прапускаючы яе ў вулей.

Але i 20 красавiка прайшло марна, як i ўсе ранейшыя днi, з той толькi рознiцаю, што, калi сонца пачало апускацца, надвор'е сапсавалася i падзьмуў халодны вецер.

Гультаяватая пчолка хуценька паляцела да вулля, думаючы, як ёй будзе ў iм цёпла. Але калi яна сабралася ўвайсцi, вартаўнiчыя пчолы не ўпусцiлi яе.

- Нельга! - цвёрда сказалi яны.

- Я хачу ўвайсцi, - пачала румзаць пчолка. - Гэта мой вулей.

- Гэта вулей добрых i працавiтых пчол, - адказалi ёй вартаўнiчыя. Гультайкам сюды ўваход забаронены.

- Я заўтра абавязкова пачну працаваць, - папрасiлася пчолка.

- У тых, хто не працуе, заўтра няма, - адказалi пчолы, якiя былi добра знаёмыя з фiласофiяй.

I з гэтымi словамi яны выштурхалi яе прэч. Не ведаючы што рабiць, пчолка яшчэ трошкi палётала вакол вулля, але надыходзiла ноч i ўжо амаль нiчога не было бачна. Яна хацела зачапiцца за лiст, але павалiлася на зямлю. Ад халоднага ветру ў яе здранцвела ўсё цела, i яна ўжо зусiм не магла лятаць.

Тады яна папаўзла па зямлi, пералазячы цераз палачкi i каменьчыкi, якiя здавалiся ёй цэлымi горамi, i калi дапаўзла да ўвахода ў вулей, з неба пачыналi падаць халодныя кроплi дажджу.

- Ах, Божухна! - закрычала няшчасная. - Iдзе дождж! Я памру ад холаду.

I яна паспрабавала ўвайсцi ў вулей. Але ёй зноў заступiлi дарогу.

- Прабачце мне! - зарумзала пчолка. - Дазвольце ўвайсцi!

- Позна! - адказалi ёй вартаўнiчыя пчолы.

- Сёстры, калi ласка! Мне хочацца спаць!

- Позна! - зноў быў ёй адказ.

- Сяброўкi, мне холадна! Злiтуйцеся!

- Немагчыма!

- Даруйце астатнi раз! Я памру!

Тады вартаўнiчыя пчолы сказалi:

- Не, ты не памрэш. Але за гэтую ноч ты даведаешся, што такое адпачынак, зароблены працаю. А цяпер - iдзi.

I яны выштурхалi яе.

Дрыжачы ад холаду, спатыкаючыся, з мокрымi крыламi, пчолка папаўзла прэч. Яна паўзла i паўзла, пакуль раптам не правалiлася ў нейкую дзiрку. А дакладней, гэта была не дзiрка, а цэлая пячора, i пчолка пачала ў яе падаць.

Ёй здалося, што яна не перастане падаць нiколi. Але ўрэшце яна апынулася на дне i ўбачыла якраз перад сабой вялiкую гадзюку - зялёную змяю са спiнай чырвона-цагельнага колеру. Гадзюка ляжала, скручаная ў клубок, i пазiрала на пчалу, гатовая на яе скочыць.

Папраўдзе тая пячора была дуплом у старым дрэве, i гадзюка зрабiла ў iм сваё логвiшча.

Трэба сказаць, што змеi вельмi любяць пчол, бо пчолы для iх - вялiкi ласунак. Таму, калi пчолка апынулася перад сваiм ворагам, яна заплюшчыла вочы i шэптам прамовiла:

- Бывай, маё беднае жыццё! Сёння апошнi раз мне давялося бачыць святло...

Але на яе вялiкае здзiўленне, змяя не паспяшалася яе праглынуць i сказала:

- Ну што, як жывеш, пчолка? Вiдаць, ты не надта руплiвая, што апынулася тут у такi познi час.

- Гэта праўда, - прамармытала пчолка. - Я не працую i таму вiнаватая.

- Калi гэта так, - здзеклiва прашыпела змяя, - дык я зараз звяду са свету такую паганую iстоту, як ты. Я цябе зараз з'ем.

Пчала ўся задрыжала i крыкнула:

- Але гэта несправядлiва, несправядлiва! Несправядлiва есцi мяне толькi таму, што вы дужэйшая за мяне. Толькi людзi ведаюць, што такое справядлiвасць!

- Га! - усмiхнулася змяя i борздзенька зноў скруцiлася ў клубок. - Дык ты добра ведаеш людзей? I ты думаеш, што людзi, забiраючы ў вас мёд, болей справядлiвыя, апошняя ты дурнiца?