Выбрать главу

- Бачу, мама! Я ўсё бачу!

А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галiну i заплакала ад радасцi.

Маленькая лань цалкам вылечылася. Але хоць яна вылечылася i была здаровая ды ўсiм задаволеная, быў у яе адзiн сакрэт, якi яе засмучаў. А сакрэт быў у тым, што яна вельмi хацела аддзячыць чалавеку, якi быў з ёю такi добры; яна хацела аддзячыць ды не ведала як.

I вось аднойчы ёй здалося, што яна прыдумала спосаб. Яна пачала хадзiць па берагах балот i затокаў, каб назбiраць чаплiных пёраў i занесцi iх паляўнiчаму. А паляўнiчы часам таксама ўспамiнаў невiдушчую лань, якую ён вылечыў.

Аднойчы дажджлiвым вечарам чалавек чытаў у сваiм пакоi. Ён быў вельмi задаволены, бо толькi што паправiў саламяную страху, i цяпер яна больш не цякла. Ён чытаў, калi раптам пачуў, як нехта стукаецца. Адчынiўшы дзверы, ён убачыў маленькую лань, якая трымала клуначак - прамоклы наскрозь скрутак з пёрамi чаплi.

Паляўнiчы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнiчы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмi бедны. Тады яна назбiрала вялiкiх, сухiх i чыстых пёраў i праз тыдзень прыйшла да паляўнiчага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мiнулага разу, калi ён засмяяўся ад расчуленасцi, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. I цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, якi лань выпiла з вялiкiм задавальненнем.

З таго часу лань i паляўнiчы вельмi пасябравалi. Лань заўсёды старалася прынесцi чалавеку чаплiных пёраў, якiя каштуюць вялiкiх грошай, i яны, гутарачы, бавiлi разам цэлыя гадзiны. Чалавек заўсёды ставiў на стол горшчык з мёдам i падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамi, якiя ланi ахвотна ядуць i гэта нiяк iм не шкодзiць. Так яны i бавiлi час, седзячы каля печы, якую паляўнiчы палiў дрывамi, ды пазiраючы на полымя, а за сцяною лiў дождж i вецер скаланаў саламяную страху хаты.

Баючыся сабак, лань звычайна прыходзiла да чалавека тымi начамi, калi была навальнiца. I таму кожны раз, калi з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнiчы загадзя ставiў на стол горшчык з мёдам i сцялiў сурвэтку, а сам браў кнiгу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калi ў дзвярах пачуецца такi знаёмы стук ягонай сяброўкi ланi.

ГIСТОРЫЯ ПРА ДВАIХ ДЗЕТАК КААЦI I ДВАIХ ДЗЯЦЕЙ ЧАЛАВЕКА

У аднаго каацi было трое дзетак. Жылi яны ў лесе, елi фрукты, карэнне i птушыныя яйкi. А калi сядзелi на дрэве i раптам чулi моцны шум, дык iмклiва саскоквалi на зямлю i ўцякалi, задраўшы хвасты.

I вось аднаго разу, калi каацяняты крыху падраслi, мацi паклiкала iх залезцi да сябе на апельсiнавае дрэва i сказала iм так:

- Каацяняткi, вы ўжо дастаткова падраслi, каб самiм шукаць сабе ежу. I вы павiнны навучыцца гэтаму, бо калi зробiцеся зусiм дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе каацi. Большанькi з вас ласы да макрыц i слiмакоў, i ён знойдзе iх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэднi - вялiкi аматар фруктаў, i ён зможа знайсцi iх на гэтым цi на другiх дрэвах: апельсiны будуць ажно да снежня. А меншы, якi ласуецца толькi птушынымi яйкамi, можа хадзiць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але баранi яго Бог хадзiць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.

I асаблiва, дзеткi мае, вы павiнны баяцца сабак. Аднойчы я з iмi бiлася i ведаю, што кажу, - з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамi заўсёды iдуць людзi, у якiх ёсць магутны гром, якi забiвае. Як толькi пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Iначай вас могуць застрэлiць.

Так навучала iх мацi. Потым яны ўсе злезлi з дрэва i разышлiся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць каацi.

Большы, якому захацелася паесцi слiмакоў, шукаў iх у гнiлым ламаччы i пад прэлай травой. I знайшоў iх столькi, што хутка наеўся i задрамаў. Сярэднi, якi болей за ўсё на свеце любiў фрукты, наеўся колькi хацеў апельсiнаў, бо сярод лесу расло шмат апельсiнавых дрэваў - гэта звычайная рэч у Парагваi i Мiсьёнэс. I нiхто з людзей не патурбаваў яго. А меншы, якi без памяцi любiў птушыныя яйкi, папахадзiў цэлы дзень i знайшоў усяго толькi два гняздзечкi: адно туканава з трыма яйкамi i адно туркаўкi, у якiм яек было толькi два. Усяго разам - пяць маленечкiх яечак: надта мала, каб добра пад'есцi. I таму, калi настаў вечар, маленькi каацi быў такi самы галодны, як i ранiцай. I зажурыўшыся, ён сеў непадалёк ад ускрайку лесу. Адсюль ён убачыў за дрэвамi поле i ўспомнiў параду мацi.

"Чаму гэта мама забаранiла шукаць гнёзды ў полi?" - падумаў ён. I так разважаючы, ён раптам пачуў вельмi далёка спеў нейкай птушкi.

- Якая гучная песня! - сказаў каацi ў захапленнi. - I якiя, напэўна, вялiкiя яйкi павiнны быць у такой птушкi!

Спеў пачуўся зноў. I тады каацi кiнуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткi, не разбiраючы дарогi, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзiлася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак i паглядзеў у поле. Удалечынi стаяў чалавечы дом, i побач ён убачыў чалавека ў ботах, якi вёў на повадзе каня. I яшчэ ён убачыў вялiкую птушку, якая спявала. Тады каацi пляснуў сябе па лбе i сказаў:

- Ну, якi я недарэка! Я цяпер успомнiў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калi мы сядзелi на дрэве. Пеўнi вельмi хораша спяваюць, i ў iх шмат курэй, якiя нясуць яйкi. Вось бы паесцi гэтых курыных яек!

Усiм вядома - нiшто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкi. I хоць на адну хвiлiнку маленькаму каацi ўспомнiлася парада, якую дала яму мацi, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску i пачаў чакаць, калi добра сцямнее, каб пралезцi ў куратнiк.

Нарэшце апусцiлася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нiчагуткi было не чуваць. Маленькi каацi вельмi ўзрадаваўся, што зараз зможа з'есцi сто, тысячу - не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступiў у куратнiк i першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлi. Спачатку ён вырашыў пакiнуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было ладнае. Але ў яго пацякла слiна, i ён, не ўтрымаўшыся, схапiў яйка зубамi.