Выбрать главу

Наяўнасць у наш час жывёльнага касмічнага цыклу, усходняга «казачнага» календара, на першы погляд здаецца архаічным і наіўным. На самай справе кітайскі каляндар перадае нейкія важныя рытмы ды вібрацыі Космасу і ўтварае адзіную касмаганічную сістэму, якая інтэгруе ў сабе ўласна паняцці лінейнага і цыклічнага часоў. У аснове такога кшталту сістэмы — вера ў цыклічнае «разгортванне» ды «згортванне» Сусвету, пра што сведчыць таксама і сучасная фізіка (так званая сінгулярнасць). Магчыма, у гэтым — прычына папулярнасці кітайскага календара таксама і на Захадзе, у тым ліку, у апошнія дзесяцігоддзі — на Беларусі.

Наша гаворка пра тую ці іншую жывёлу, што сімвалізуе пэўны год згодна ўсходняга календара, распачата не столькі з-за асаблівай прыхільнасці да Усходу, колькі з-за жадання вярнуцца да вытокаў чалавечай культуры, да першапрычын гісторыі і перадумоў свядомасці. Псіхалагічны свет чалавека народжаны з міфа: гэта тая духоўная формула, якая вобразы падсвядомасці пераводзіць на мову практычнага быцця. Каб зразумець душу чалавека, неабходна ведаць міфалогію, тым больш, што міфалагічная свядомасць пануе і сёння (праўда, гэта ўжо іншая міфалогія, але прынцып яе дзейнасці — той самы, што і ў глыбокай старажытнасці). З другога боку, вяртанне да архаічнага жывёльнага календара дазваляе наблізіцца да рэлігійна-сацыяльнай гісторыі чалавецтва. У гісторыі культуры адбілася душа чалавека, племені, нацыі, таму наша задача — сінтэзуючая: злучыць аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, праз адну з’яву паспрабаваць паяднаць краіны ды народы.

Распавядаючы пра жывёл — знакі-сімвалы ўсходняга календара, мы не маем на ўвазе кіравацца астралагічнай навукай, тым больш займацца прадказаннямі. Мэта ў нас іншая: сцвердзіць нацыянальны, менавіта беларускі, погляд на ўсходні каляндар, знайсці першаасновы — архетыпы чалавечай культуры — і адсюль — моманты падабенства ў, здавалася б, далёкіх паміж сабою славянскай і кітайскай цывілізацыях. Усё гэта, можна спадзявацца, будзе працаваць на умацаванне сяброўства паміж нашымі народамі.

Звяртанне да ўсходняга жывёльнага календара — падстава і для таго, каб высветліць вытокі сімвалізму некаторых папулярных анімалістычных вобразаў у сусветнай культуры. Сімвал — знак не нашай, прагматычнай, будзённа-шэрай, прыземленай рэальнасці, а іншай — той, што захоўвае былое адзінства ведаў пра Бога, Прыроду і сацыяльнае жыццё людзей.

Цыкл нарысаў пра каляндарны бестыярыум мае на мэце расшыфроўку сэнсаў, што стаяць за пэўнымі вобразамі, і дашукванне прычын шырокага ўжывання тых ці іншых жывёльных персанажаў не толькі ў календары мудрых кітайцаў, але і ў фальклоры, прыгожым пісьменстве, мастацтве іншых народаў. Некаторыя беларускія даследчыкі (А. Бельскі, Л. Бараноўская) сцвердзілі ў айчыннай навуцы паняцце «мастацкая анімалістыка», якое разглядаецца як пэўная сістэма вобразаў, што мае сваімі вытокамі міфапаэтычнае мысленне. Мастацкая анімалістыка, як і мастацкая дэндралогія, ў значнай ступені пашырае кола сімвалаў культуры і дае магчымасць лепш разумець мастацкую творчасць і законы дзейнасці чалавечай фантазіі. Акрамя таго, вобразы жывёл могуць у значнай ступені ўзбагаціць выкладанне літаратуры ў базавай школе і ВНУ — пашыраюць далягляды мастацтва, вучаць бачыць у жыцці цудоўнае.

Для таго, каб арыентавацца ў кітайскім календары, нагадаем, што найбольш блізкія па часе гады ў канцы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў мелі ці будуць мець наступныя значэнні:

1995, 2007 — гады свінні

1996, 2008 — гады мышы

1997, 2009 — гады быка

1998, 2010 — гады тыгра

1999, 2011 — гады зайца

2000, 2012 — гады дракона

2001, 2013 — гады змяі

2002, 2014 — гады каня

2003, 2015 — гады авечкі

2004, 2016 — гады малпы

2005, 2017 — гады пеўня

2006, 2018 — гады сабакі

Мыш

Згодна традыцыі, цыкл усходняга жывёльнага календара пачынаецца з года мышы. Гэта даволі дзіўна, бо названая жывёлінка — самая маленькая ды нязначная з усіх істот, якія былі ўключаны архаічнымі кітайцамі ў зорны задыяк. Аднак жыхары старажытнага Кітая не раз выяўлялі сваю глыбокую мудрасць у розных сферах жыцця, тым больш у такой важнай, як каляндар, а нам неабходна зразумець, чым яны кіраваліся, пачынаючы касмічны цыкл менавіта з мышы.

Мыш, паводле міфалагічных уяўленняў, — сімвал багацця і дабрабыту, у Кітаі словы «мыш» і «шчасце» абазначаюцца адным і тым іерогліфам «фу». Мыш лічылі настолькі магутнай, што яе імкнуліся ўсяляк задобрыць. Існавала павер’е пра вяселле мышэй. У пэўны перыяд года кітайцы рана клаліся спаць і не запальвалі святло, каб не перашкаджаць мышам гуляць і не ўзбуджаць іх гнеў. У мангольскай юрце, раздзеленай на дванаццаць сектараў адпаведна кітайскага календарнага цыкла, у сектары мышы знаходзіцца ўсё багацце сям’і, хатні скарб, каштоўная маёмасць. Гэты ж «куток» найбольш і ўпрыгожаны. Вось чаму год мышы — год збірання багацця, у прынцыпе год шчаслівы для чалавецтва, краіны, народа, кожнай сям’і. Стол пад год мышы павінен быць асабліва багаты. Але нагадаем, што ўсходні каляндар — месяцавы, рухомы і зусім не супадае з грыгарыянскім, таму і Новы год прыходзіцца ў кожным цыкле на розныя даты.