Выбрать главу

У так званы арыйскі перыяд нашай гісторыі пераасэнсоўваюцца шмат якія ранейшыя міфалагічныя персанажы. Мыш застаецца папулярнай дзеючай асобай казак, загадак, замоў, але стаўленне да яе земляробаў-арыйцаў усё больш негатыўнае: на першы план у ацэнцы мышы выходзіць знішчэнне ёю ўраджаю, а таксама сувязь з падзем’ем — іншасветам нячысцікаў і грэшных душ. У беларускай казцы «Верабей і мыш» істоты зноў жывуць разам, як і ў кітайскім паданні, але жывуць ужо не ў згодзе: хітрая мыш абдурвае прасцяка-вераб’я. Між імі ўзнікае вайна. Урэшце сокал (у міфалогіі ён заўсёды сімвалізуе сонца), пакліканы на дапамогу вераб’ём, перамагае мышынае войска. Як бачым, казка яўна перагукваецца з кітайскім міфам пра сяброўства птушкі і мышы. Але нашы продкі распавядаюць пра, так бы мовіць, вынік суіснавання — вайну паміж птацтвам і звяр’ём, інакш кажучы, вайну Неба і Зямлі, якія звычайна заўсёды знаходзяцца ў гармоніі. Заўважым, што эпізод пра двубой двух біясферных царстваў з’яўляецца не толькі асобным казачным сюжэтам, але і як бы пралогам да некаторых беларускіх казак, тэма якіх з гэтай бітвай абсалютна не звязана. Значыць, пакідаючы ў казачным эпасе такога кшталту матыў, продкі лічылі яго надзвычай важным. Можна думаць, што тут у сімвалічнай форме згадваецца пра касмічную катастрофу.

Нам здаецца, што мыш у нейкі момант развіцця свядомасці індаеўапейскага субстрату замяніла сабою цмока-змея, персанажа ва ўсіх міфалогіях свету надзвычай распаўсюджанага. Як і чаму адбылася такая трансфармацыя, такое здрабненне вобраза магутнага дракона, сказаць пакуль цяжка. Але, магчыма, менавіта таму ў эпоху Сярэднявечча мыш — асабліва кажан — стала лічыцца інкарнацыяй д’ябла, а значыць, увасабляць усё ліхое.

Да нашага часу асталася ў шмат якіх народаў прыкмета: масавые перасяленні мышэй і пацукоў — да вайны. Рацыянальна вытлумачыць з’яву не так складана: звычайна міграцыі дробных жывёл адбываюцца ў перыяд сонечнай актыўнасці (раз у адзіннаццаць гадоў), якая, верагодна, і ў людзях абуджае агрэсіўнасць. Ва ўсялякім разе, вядомы савецкі геліябіолаг Аляксандр Чыжэўскі, вучань Канстанціна Цыялкоўскага, звязваў з актыўнасцю Сонца шмат якія войны ды рэвалюцыі. Ужо не першы раз навука пацвярджае народную мудрасць.

Назіральнасць нашых продкаў выявілася і ў іншай прыкмеце: калі мышэй багата бывае зімою, дык на лета можна чакаць добры ўраджай. Мышы і пацукі выдатна прадчуваюць кліматычную перспектыву, змены ў надвор’і, і адпаведна гэтаму размнажаюцца. Іх выключная жывучаць і, сапраўды, дзіўная магчымасць прадчування (пацукі пакідаюць карабель, які павінен затануць, мышы астаўляюць дом перад пажарам) таксама садзейнічалі міфалагізацыі. Адсюль незлічоная колькасць прыкмет, забабонаў, парад. Так, нявеста павінна была ехаць на вянчанне не еўшы, каб мышы нічога не пагрызлі ў яе доме [101, 270]. Каго мыш пакусае, таго чакае няшчасце [92, 271]. Калі ў доме заводзіцца шмат мышэй, значыць, яны некага выжываюць — чакаецца смерць ці ад’езд аднаго з членаў сям’і [13, 179].

У прынцыпе такога кшталту прыкметы таксама можна растлумачыць: мышы пераносяць розныя бактэрыі, ад іх сапраўды існавала і існуе рэальная небяспека хвароб. Жудасныя эпідэміі чумы ў сярэднявечнай Еўропе звязваюць якраз з пацукамі: ад іх пачаўся мор, што выкасіў трэцюю частку насельніцтва амаль усіх еўрапейскіх краін. Дарэчы, нямала пасадзейнічала і інквізыцыя, што вешала і паліла кошак, лічачы, што ў іх ператвараюцца ведзьмы. Між тым, у Старажытным Егіпце за тысячагоддзі да эпохі Сярэднявечча кошкі — хутчэй за ўсё дзякуючы іх выдатным якасцям паляўнічых на мышэй — лічыліся свяшчэннымі жывёламі (адсюль пытанні: хто быў разумнейшы — егіпцяне ці інквізітары, ды што такое прагрэс?). Магчыма, менавіта пасля моравай язвы мышэй і пацукоў пачалі суадносіць з д’яблам. У «Фаусце» Ёгана Гётэ пацук выгрызае асаблівую пентаграму на дзвярах, каб адкрыць дарогу Мефістофелю [22, 179].