Выбрать главу

У Індыі аднаго з найбольш шануемых багоў — Шыву — заўсёды суправаджае бык Нандзі. Хрысціянская царква бачыць ў Шыве бога-разбуральніка, па сутнасці д’ябла. Аднак насамрэч Шыва знішчае ўсё старое, аджыўшае, у той жа ступені ён — і стваральнік. Амбівалентнасць вобраза індуізм тлумачыць у тым сэнсе, што на самай справе нішто не знішчаецца поўнасцю, а толькі трансфармуецца, пераходзіць з адной форму ў іншую. Бык Нандзі якраз падкрэслівае стваральную сілу Шывы і сам увасабляе мужчынскі апладняючы пачатак. У Індыі часта можна бачыць велізарныя скульптуры быка каля храмаў Шывы [6, 64].

Культы Апіса і Нандзі — вышэйшае, найбольш шыкоўнае ўшанаванне канкрэтнай жывёліны, якая азначала божаскую існасць. Культ быка выявіўся і ў дэкаратыўных рэчах, і ў архітэктурных элементах, бо архітэктура на старажытным Усходзе лічылася галоўным з відаў мастацтва. Так, на свяшчэннай браме багіні Іштар у Вавілоне (а гэтая брама — шэдэўр сусветнага мастацтва) захаваліся шматлікія выявы быкоў. Уваход у рэлігійную сталіцу Персідскай імперыі горад Персепаль, разбураны Александрам Македонскім, сцераглі каласальныя чалавека-быкі і крылатыя быкі [68, 67]. На Каўказе тысячагоддзямі выкарыстоўвалі амулеты з выявамі бычыных галоў. У Старажытнай Грэцыі на сцянах дамоў вывешвалі чарапы быкоў, якія ўрэшце, высечаныя з каменя, ператварыліся ў архітэктурна-дэкаратыўную дэталь — букранію (капітэль калоны ў выглядзе двух бычыных галоў) [24, 52]. Ва ўсіх народаў Азіі і Міжземнамор’я галовы быкоў упрыгожвалі посуд, мэблю, зброю, калоны. Бадай, ні адзін жывёльны вобраз не сустракаецца ў мастацтве так часта.

Вялікая група даследчыкаў з розных краін, напрыклад, А. Крап, А. Галан, звязваюць культ быка не з сонцам, а з месяцам — на той падставе, што яго рогі падобныя да серпіка месяца. У сувязі з семантыкай самога быка рогі пачалі азначаць мужнасць. У Пярэдняй Азіі не толькі багі, а і некаторыя цары адлюстраваны з рагамі. Геніяльны скульптар эпохі Адраджэння Мікельанджала зрабіў скульптуру прарока Маісея менавіта з рагамі. Рагатымі былі шлемы ў ваяроў некаторых народаў, напрыклад, у германцаў. Нават жаночыя галаўныя ўборы яшчэ ў ХІХ ст. у Іране, Расіі, Беларусі мелі рожкі. Праўда, мы звязваем падобныя ўпрыгожанні хутчэй з магіяй (а на самай справе — з фізікай), чым непасрэдна з міфалагічнымі ўяўленнямі, бо такога кшталту форма галаўнога ўбору — добры рассейваючы контур, які «здымае» дрэнныя энергіі, нізкія частоты выпраменьванняў, шкодныя для чалавека. Безумоўна, гіпотэза патрабуе пэўных навуковых доказаў.

На нашу думку, бык — усё ж сонцавы сімвал, ва ўсялякім разе, у індаеўрапейцаў. Іспанскі даследчык сімвалізму Х.Э. Керлат прапануе альтэрнатыўны варыянт: бык адпавядае пераходнай зоне паміж стыхіямі Агню і Вады, ён, магчыма, сімвалізуе сувязь паміж Небам і Зямлёю [53, 103]. Кампрамісная тэорыя Керлата яднае сімвалізм міфаў і рацыянальнае стаўленне продкаў да практычнага выкарыстання быкоў ды кароў. Быкі шырока выкарыстоўваліся ў земляробстве па ўсёй Еўропе і Азіі, акрамя таго, нашы продкі заўсёды спажывалі ялавічыну, у якой шмат жалеза, а таксама пілі малако. Натуральна, што дзякуючы такой ежы індаеўрапейцы, якіх сёння ўсё часцей называюць арыйцамі, былі магутнымі, дужымі, высокімі людзьмі. Вось чаму менавіта яны заваявалі агромністую тэрыторыю — фактычна паўсвета, ва ўсіх рэгіёнах раствараючы ў сабе мясцовы этнічны элемент, — як правіла, намнога драбнейшы целам.

Арыйцы-беларусы дзікага быка называлі «турам». Навукоўцы-біёлагі адзначаюць: «Першабытны бык тур — вымерлая млекакормячая жывёла… Продак еўрапейскай свойскай буйнай рагатай жывёлы… Да пачатку ХVІІ ст. трапляўся ў Белавежскай пушчы, у лясах Панямоння і Прыбужжа. У прыродных умовах апошні першабытны бык быў забіты ў 1627 годзе…» [127, ІV, 176–177]. «Тур», безумоўна, надзвычай старажытнае індаеўрапейскае слова, якое шырока выкарыстоўваецца ў анамастыцы. У старажытных германцаў вярхоўны бог Тор якраз і азначаў «бык» і меў выгляд волата з рагамі. У беларусаў адзін з найбольш старажытных гарадоў — Тураў, у італьянцаў — Турын; у Францыі ёсць вобласць Турэнь, у Аўстрыі — Цюрынгія. Нельга не згадаць назву цэлай краіны — Турцыі, этнасу — цюркаў. Акрамя таго, у беларусаў — Туравейскае возера, рэчка Тураўлянка, вёска Турасы. Можна прывесці літаральна сотні геаграфічных назваў, а таксама этнонімаў у Еўразіі, звязаных з турам.