Выбрать главу

Марыя Роўда

Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі

Аповесці, апавяданні

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.

Электронная кніга падрыхтавана па выданні:

Роўда, М.

Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі : аповесці, апавяданні / Марыя Роўда. — Мінск : Кнігазбор, 2015. — 312 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; вып. 71).

ISBN 978-985-7144-09-9.

Кніга Марыі Роўды ўяўляе сабой зборнік апавяданняў і аповесцяў, напісаных на мяжы дваццатага і дваццаць першага стагоддзяў. Героі твораў — гэта моладзь дзевяностых, якая шукае сябе, сапраўднае каханне і свае карані на разломе часу, калі здаецца, што паўстае цалкам новая Беларусь. Ці знаходзяць героі ў сярэднім веку тое, што шукалі ў маладосці, якую яны стварылі будучыню, з самаіроніяй, сумам і любоўю распавядаецца аўтарам у творах новага тысячагоддзя.

© Роўда М., 2015

 © ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2015

© Афармленне. ПУП «Кнігазбор», 2015

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

АПОВЕСЦІ

«1896»

Бледнатварая й рудая — каму ты гэткая трэба? Толькі й застаецца табе цяпер, што сядзець у гэтым старым парку, які й не парк ўжо даўно, а спарахнелая батанічная шыза, якую маленькая пляменніца твая называе балотам. Прыстойныя людзі ў гэты парк ні нагой: таямнічая старасвеччына, крымінальныя падлеткі, памятка забітай маньякам жанчыне. Сюды калі й ходзіць хто, дык гэта беспрытульныя закаханыя альбо мастакі й маргінальныя паэты. Адныя — каб самаахвярна суполіцца на схіле зарослага кустамі й дрэвамі стромкага берага, а другія — каб натхніцца маляўнічымі руінамі. Дзіва, як гэтыя руіны яшчэ тут захаваліся — у самым эпіцэнтры вірлівага ўскрайку горада, у атачэнні навамодных шматпавярховікаў, розных па сваім выглядзе й напоўненасці чалавекамі, але безаблічных і чужых. Хаця што я гэтак разышлася? Сама я тут таксама чужая, хаця й купляю адсырэлы хлеб у мясцовай краме, смятану ў пакетах ці баначках, піва, масла, сыр і тлушч. Гэта нешматлікія адгалоскі нармалёвага жыцця мікрараённых цывілізацыяў — цукеркі я не спажываю, а астатнія прадукты прызначаныя, здаецца, для турыстаў і альпіністаў. Тушонка, кансервы, згушчонка — асартымент чорнага рынку ваенных часоў. Турыстаў і альпіністаў сярод мясцовых няма: я б іх адразу вылічыла. Так што, магчыма, у гэтай мясцовасці вайна. І вылічваюць мяне — гэта дакладна.

Я бачу, як на мяне касавурацца жанкі, як пакрыўджана-агрэсіўна зыркаюць мужчыны. Ні з аднымі, ні з другімі я на кантакт не іду, таму першыя падазраюць мяне ў тайных зносінах з апошнімі, а гэтыя не могуць уцяміць, чаму мяне не прываблівае іхняя гераічна-прапітая мужчынскасць. Карацей, я тая самая «чужаніца», якая «жыве побач», той самы «каралёк». Відаць, асоба мая старанна абгаворваецца ў хатах, бо дзеці таксама трымаюцца ад мяне далей. Да таго ж я абрываю іхнюю алычу й яшчэ нейкія дзівосныя, відаць, эксперыментальныя ягады, што растуць тут на кожным рагу — ля хат і ў парку. Я не ведаю, што тут каму належыць і ці належыць увогуле. А паколькі галоўнага гаспадара, пана Любанскага, ужо даўна няма на свеце, я з бессаромнай непасрэднасцю пад’ядаю мясцовыя дзівосы.

На людскі недавер я не крыўдую, бо (цешу сябе гуманістычным спадзевам) разумею. Жыве іх тут няшмат — усе яшчэ з даўніх часоў, і шмат у каго бабкі ды дзедкі, калі верыць часопісным артыкулам, рабілі ў пана. Некаторых людзей я пазнаю менавіта па фатаграфіях у часопісах. Нават па фатаграфіях іхніх продкаў. Мне падабаецца гадаць, чыя гэта бабця працавала пакаёўкай у пані Любанскай, чый дзед басаногім падшыванцам насіў цыдулкі на ўскраек парку, дзе яго чакаў самавіты вершнік з уладнай паставай і сумнымі вачыма. Я мяркую, і, магчыма, нават правільна вызначаю. Але нішто ўжо ў гэтых занядбаных людзях не нагадвае пра старыя чароўныя часы. І нездарма, відаць, ацывілізаваныя насельнікі мікрараёнаў клічуць мясцовых абарыгенамі.

Абарыгены ж таксама бачаць сябе ў марах ацывілізаванымі й справядліва лічаць, што маюць поўнае права скарыстаць з дасягненняў прагрэсу. Таму амаль усе яны будуюцца ў былым чыстым полі. На гэтым полі я калісьці шасцікласніцай палола на школьнай практыцы буракі, і настаўніца-наглядчыца сказала, што раблю я, як для сябе. Тады я яшчэ не ведала, як можна інакш, а таму стараннасцю й сумленнасцю сваёй, відаць, узгадавала сабе нечуваную ўдачу. Цяпер на гэтым полі будуецца дом, дзе, верагодна, на тых самых градах паўстане мая трохпакаёвая кватэра.