Праз год пасля нашага вяселля моцна захварэў твой бацька, і дарога ў маёнтак Сенон была для нас закрыта. Ты доўга не думала і вырашыла, што мы паселімся ў Калезе. З усяго, што было ў мяне, ты сапраўды шчыра палюбіла і прыняла толькі маю радзіму. Ты пусціла карэнне ў маю родную зямлю, але яно так і не пераплялося з маім карэннем. Дзеці заўсёды праводзілі свае вакацыі ў гэтым доме, у гэтым садзе. Тут памерла наша маленькая дачушка Мары. Але смерць яе не выклікала ў тваёй душы жаху да гэтага дома, — наадварот, той пакой, дзе білася ў перадсмяротных пакутах наша Мары, ты і цяпер лічыш святым месцам. Тут ты вывела свой вывадак, песціла і даглядала дзяцей, не спала начамі над калыскай, чытала натацыі нянькам і гувернанткам. Тут, паміж вось гэтымі яблынямі нацягвалі вяроўкі і вешалі на іх памытыя сукеначкі Мары… А тут, у гэтай гасцінай, абат Ардуэн сядаў за піяніна. Вакол збіраліся дзеці і спявалі хорам. Прычым спявалі не толькі псалмы і духоўныя гімны, — «каб не разгневаўся тата». Летнімі вечарамі я любіў пасядзець каля дома, папаліць і паслухаць чыстыя дзіцячыя галасы, што старанна выводзілі арыю з оперы Люлі[6]: «Ах, лясы і скалы, светлыя крыніцы…» Ціхае, спакойнае шчасце, ды толькі не маё… Я гэта ведаў. Забаронена для мяне сфера чысціні, узнёсласці і светлых мрояў: спакойнае каханне… маркотная хваля цалуе бераг…
Варта было мне зайсці ў гасціную, як галасы змаўкалі. Спыняліся ўсе размовы. Першая выходзіла Жэнеўева з кніжкай у руках. І толькі Мары не баялася мяне. Я клікаў яе да сябе, і яна прыбягала. Я браў яе на рукі, яна пяшчотна тулілася да мяне. Я чуў, як б'ецца яе маленечкае сэрца, — часта-часта, нібы ў птушачкі. А толькі, бывала, выпушчу яе, яна пырхне ў сад… Мары!..
Вельмі рана дзяцей пачало непакоіць тое, што я не хаджу ў царкву і ем скаромнае ў пятніцу. На іх вачах ішла барацьба паміж бацькам і маці, але вельмі рэдка справа даходзіла да вострых канфліктаў, калі я, шчыра кажучы, найчасцей цярпеў паражэнне. Пасля кожнай сутычкі працягвалася нябачная вайна. Месцам баявых дзеянняў заўсёды быў Калез, бо ў горадзе я амаль не бываў дома. Але мой адпачынак заўсёды супадаў са школьнымі канікуламі, і два месяцы (жнівень і верасень) мы збіраліся тут усе разам.
Добра помню той дзень, калі мы ўпершыню сутыкнуліся з табой лоб у лоб (усё пачалося з-за аднаго жарту, які я дазволіў сабе ў прысутнасці Жэнеўевы, а яна якраз вучыла «закон божы»); у той спрэчцы я даволі рэзка загаварыў пра сваё права берагчы розум маіх дзяцей, а ты — пра свой абавязак ахоўваць іх душы. Вось тады і адчуў я тваю сілу: я быў поўнасцю разбіты і мусіў пагадзіцца, каб выхаванне Хюбэра даверылі езуітам, а дзяўчатак аддалі ў пансіён пры жаночым манастыры. Усё адбылося так, як таго і патрабавалі «прэстыжныя традыцыі сям'і Фандадэж». Мяне ахапіла крыўда, прага помсты. Цяпер-то я ўжо добра ведаў, як вывесці цябе з раўнавагі, пра што загаварыць з табой, каб ты хоць ад нянавісці забылася пра сваю абыякавасць да мяне… Рэлігія — вось што звядзе нас з табой у рукапашным баі! Калісьці нявер'е ў Бога было для мяне толькі незапоўненай формай, куды зліваліся, нібы струмені расплаўленага металу, слёзы і крыўды дробнага селяніна, які хоць і разбагацеў, але ўсё роўна цярпеў знявагу і кпіны ад сваіх аднакласнікаў; цяпер на змену колішнім юнацкім слёзам і крыўдам прыйшла горыч любоўнага расчаравання і глыбокай нянавісці.
І вось аднойчы за сталом зноў разгарэўся бой. (Я папытаўся ў цябе, ці атрымлівае асалоду ўсявышні, калі глядзіць на цябе, як ты ў посны дзень ясі стронгу замест варанай цяляціны.) Ты дэманстратыўна выйшла з-за стала. Трэба было бачыць, як паглядзелі на мяне дзеці… Я пайшоў за табой у тваю спальню. Ніякіх слёз на тваіх вачах не было. Ты спакойна сустрэла мяне, гаварыла так, нібы нічога і не было. У той дзень я зрабіў для сябе цікавае адкрыццё: не так ужо і не абыходзіла табе маё «асабістае» жыццё. Аказалася, што ты перахапіла некаторыя пісьмы, якія давалі табе ўсе падставы патрабаваць разводу праз суд. «Я засталася з табой толькі дзеля дзяцей, але, калі ты яшчэ хоць раз паспрабуеш глуміцца над іх душамі, я не спынюся ні перад чым…»
Што ж, ты і сапраўды ні перад чым не спынілася б, і, бадай, развіталася б і са мной, і з маімі грашыма. Пры ўсёй тваёй хцівасці да чужога багацця ты пайшла б на любую ахвяру, абы ў душах дзетак тваіх засталіся непарушнымі «асновы веры» — гэты збор выдуманых правілаў, формул, звычак…
6
Жан-Батыст Люлі (1633–1687), французскі кампазітар, заснавальнік французскай класічнай оперы.