Выбрать главу

Прызнайся, бедная мая Іза, што я па-свойму хацеў табе дабра, быў патрэбным, карысным табе, і, калі ты сёння даглядаеш хворых на рак, то гэтым яны абавязаны крыху і мне. Бо раней твая «любоў да блізкага» датычылася толькі тваіх дзяцей. Ім ты аддавала ўсю сваю дабрату і пяшчоту. Дзеці… Дзеці… Дзеці… Больш ты нікога не бачыла… І не толькі мяне, мужа свайго, але і ўсяго свету. Ты нават Богу малілася толькі за здароўе і будучыню тваіх дзяцей. І за гэта я любіў уесці цябе: «Іза, а ці не лепш было б сапраўднаму хрысціяніну жадаць, каб Бог паслаў яго дзецям бяду, беднасць, хваробы?» Ты рэзка абрывала мяне: «Не хачу я з табой гаварыць! Сам не ведаеш, што мелеш…»

Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнік нашых дзяцей, дваццацітрохгадовы семінарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкі і без ніякай літасці ставіў маладога чалавека ў цяжкае становішча, бо звяртаўся да яго толькі тады, калі сам быў упэўнены, што праўда на маім баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры і не ўмеў хаваць сваіх думак. Калі пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з'явілася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. «Падумаць толькі: праз нейкага там жыда перастройваць усю армію, падрываць яе моц, прэстыж!» — абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нібыта не згаджаўся з табой, і не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: «Нават у імя выратавання радзімы сапраўдны хрысціянін не можа дапусціць, каб засудзілі невінаватага».

Зрэшты, я надта і не стараўся перамяніць твае адносіны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькі з карыкатур, што змяшчалі на сваіх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучыліся і дзеці. І нават тады, калі, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталіся пры сваёй думцы, лічылі, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хітрасці. І вось вы дайшлі да таго, што згаварыліся маўчаць пры мне. Варта было мне толькі ўвайсці, як разам змаўкалі ўсе размовы, — што, дарэчы, здараецца і цяпер. Але часам вы не ведалі, што я затаіўся ў кустах і падслухоўваю, а калі я нечакана выходзіў, вам не было куды дзявацца і вы мусілі прымаць бой.

— Гэта святы чалавек, — гаварыла ты пра абата Ардуэна, — але яшчэ зусім дзіця: ніяк не можа ўцяміць, што на свеце ёсць ліха. Мой муж гуляе сабе з ім, як кот з мышкай, таму і трымае яго ў доме… Бач, і на бязбожнасць забыўся…

Праўду кажучы, я згадзіўся наняць гэтага духоўнага настаўніка толькі таму, што ніхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмі за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лічыў гэтага сарамлівага, цыбатага юнака нікчэмнай істотай і не звяртаў на яго ніякай увагі. Ён даваў урокі дзецям, вадзіў іх на прагулкі, мала еў і ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу ішоў у свой пакойчык. Калі часам дома нікога не было, ён спрабаваў іграць на піяніна. У музыцы я не разбіраюся, але, як ты казала, «слухаць яго было прыемна».

Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, і не здагадваешся, што іменна з-за яго паміж мною і гэтым маладым чалавекам завязалася нітачка ўзаемнай сімпатыі. Аднойчы дзеці прыбеглі і сказалі мне, што да нас ідзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вінаграднік і схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пільная патрэба. Праклінаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмі баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калісьці ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семінарыста — выдатніка і вопытнага духоўнага настаўніка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымліваецца з-за яго здароўя. І вось наш святар толькі што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплінарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасці вельмі любіць музыку, і аднаго разу нехта з семінарыстаў спакусіў яго пайсці ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семінарыі. Хоць ён быў у цывільным, яго пазналі ў тэатры і данеслі дырэктару семінарыі. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнічала выканаўца арыі Таіс[7], мадам Жаржэта Лебрэн. Калі яна выйшла на сцэну з голымі нагамі, у кароткай грэчаскай туніцы, перахопленай пад грудзьмі сярэбраным поясам («Кажуць, больш на ёй нічога не было»), па зале пракацілася спалоханае: «А-ах!» Нейкі стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: «Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакаціліся?! Куды мы трапілі?!» Вось на якім канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну і яго сябру. Адзін злачынец быў адразу выключаны з семінарыі. Ардуэну даравалі за яго выдатныя поспехі ў вучобе, але начальства пастанавіла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан…

вернуться

7

«Таіс» — лірычная драма кампазітара Ж.Маснэ паводле аднайменнага рамана А.Франса, які прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысціянскага фанатызму.