Выбрать главу

Абат Ардуэн падымаў цябе, гаварыў пра дзяцей, на якіх трэба быць падобным, каб увайсці ў царства нябеснае да Бога: «Яна жывая, яна бачыць вас, яна чакае вас…» Ты толькі ківала галавой. Словы гэтыя не даходзілі да цябе. І вера твая не магла табе дапамагчы. Ты думала толькі пра гэтае мёртвае цела, якое было часцінкай тваёй плоці… Цела Мары… Хутка яго закапаюць у зямлю… А я, бязбожнік, гледзячы на труп сваёй дачкі, зразумеў усё страшнае значэнне слова «прах». Мяне апанавала пачуццё незваротнай страты, вечнай разлукі… Яе тут ужо не было. А гэта зусім не яна. «Вы шукаеце Мары? — Тут яе больш няма…»

Пазней ты папракала мяне, што я хутка пра яе забыўся. Не ведаеш ты, што абарвалася ўва мне, калі я падышоў да труны развітацца і апошні раз пацалаваў Мары. Гэта ж была ўжо не яна!.. Ты праклінала мяне за тое, што я не хадзіў з табой кожны дзень на могілкі. «Нагі яго там не бывае, — паўтарала ты. — І гэта бацька! Як яму не брыдка! А, здаецца, адну толькі Мары ён і любіў. Камень, а не сэрца ў гэтага чалавека!»

Марынета прыязджала на пахаванне, але праз тры дні зноў паехала ад нас. Гора асляпіла цябе, і ты не бачыла новай бяды. Ад'езд сястры як быццам прынёс табе палёгку. А праз два месяцы мы даведаліся пра яе заручыны з нейкім літаратарам ці журналістам з Б'ярыца. Умешвацца ўжо было позна. Гэтага дараваць ты не магла. У табе заклекатала нянавісць да Марынеты. Ты не пажадала бачыць яе мужа, хоць гэта быў самы звычайны малады чалавек, якіх шмат на белым свеце. Адзіным яго злачынствам было тое, што ён пазбавіў нашых дзяцей багатай спадчыны, якой, дарэчы, і сам не пакарыстаўся, таму што большая яе частка пайшла пляменнікам барона Філіпо.

Разважлівасці табе заўсёды не хапала. Вось і на гэты раз ты лаяла на чым свет стаіць «злачынцу». Павер, ніколі ў жыцці не сустракаў я чалавека больш несправядлівага, чым ты. На споведзі ты, пэўна, каешся ў сваіх маленькіх грашках, а не бачыш таго, што кожны твой учынак, усё тваё жыццё — грубае парушэнне евангельскіх запаведзяў. Калі трэба знішчыць ненавіснага табе чалавека, ты і вокам не маргнеш і нагаворыш на яго ўсяго, што толькі не прыйдзе табе ў галаву. Тут ты не спынішся ні перад праўдай, ні перад хлуснёю. Ты ніколі ў вочы не бачыла мужа сваёй сястры, ведаць не ведала яго, а з поўнай упэўненасцю ўсім трубіла: «Ведаеце, Марынета паехала ў Б'ярыц і стала ахвярай гэтага нягодніка. Прайдзісвет, з тых, што бадзяюцца па свеце і арудуюць у атэлях…»

Калі няшчасная Марынета памерла ад родаў (ах, не хачу я судзіць цябе так жорстка, як ты мяне пасля смерці Мары!), — мала сказаць, што ты спакойна перанесла гібель сваёй сястры, ты, здавалася, нават радавалася: «Ну, што я гаварыла? Інакш гэта і не магло скончыцца. Сама пайшла на пагібель!..» Ну, а табе, вядома, няма ў чым сябе папракаць: абавязак ты выканала поўнасцю: «Сястра ведала, што дзверы ў бацькоўскі дом для яе не былі зачыненыя, мы чакалі яе, варта ёй было толькі знак падаць…» Ва ўсякім разе, ты шчыра магла сабе сказаць: «Не я на гэта яе падштурхнула». Не так проста, аказваецца, было табе вытрымаць сваю цвёрдасць. «Але што зробіш, — апраўдвалася ты, — у жыцці бываюць выпадкі, калі трэба прымусіць сваё сэрца маўчаць».

Не, не буду я цябе дакараць. Я гатоў нават прызнаць, што ты з дабрынёй і пяшчотай ставілася да сына Марынеты, яе маленькага Люка. На лета ты забірала хлопчыка да сябе, а зімой ездзіла да яго, — ён вучыўся ў пансіёне недалёка ад Баёна. Ты гаварыла: «Я выконваю свой абавязак, раз яго бацька не хоча клапаціцца пра хлопчыка…»

Я ніколі табе не расказваў, што ў верасні 1914 года бачыў у Бардо бацьку нашага Люка. Я хацеў купіць сабе сейф, але ўсе сейфы разабралі бежанцы з Парыжа[9]. Нарэшце дырэктар Ліёнскага банка паведаміў мне, што адзін яго кліент вяртаецца ў Парыж і, магчыма, згодзіцца прадаць мне свой сейф. Калі мне сказалі прозвішча гэтага кліента, я зразумеў, што гэта бацька Люка. Мушу цябе засмуціць: ён зусім не быў падобны да той пачвары, якую ты сама сабе намалявала. Самы звычайны чалавек. Узрост — трыццаць восем гадоў, выгляд стомлены. І напэўна ж баяўся, каб не забралі ў войска. Цяжка ў ім было пазнаць таго маладога чалавека, якога бачыў я чатырнаццаць гадоў таму назад на пахаванні Марынеты. Тады ж я меў з ім дзелавую размову. Ён гаварыў са мной шчыра, адкрыта. Аказваецца, у яго была сужыцелька-жанчына, мусіць, не вельмі добрая, бо ён не хацеў, каб Люк быў разам з імі. І, жадаючы сыну дабра, ён аддаў яго тваёй маці. Бедная мая Іза, калі б толькі ты і дзеці ведалі, што я прапанаваў гэтаму чалавеку ў той дзень! Цяпер гэта можна сказаць. Я хацеў, каб ён пакінуў гэты сейф сабе на сваё прозвішча, а мне даў даверанасць. Тады ўсё маё багацце можна было б захоўваць у гэтым сейфе. Там быў бы і дакумент, які сведчыў бы, што ўсё гэта належыць Люку. Пакуль я жывы, бацька Люка не меў бы доступу да сейфа, а пасля маёй смерці ён станавіўся яго поўным гаспадаром, пра што, безумоўна, вы нічога не ведалі б…

вернуться

9

У верасні 1914 г. многія парыжане пакінулі сталіцу, баючыся наступлення нямецкіх войск.