Выбрать главу

Усё ў гэтым хлопчыку было натуральнае, непасрэднае, чысте. Ён рос, і мяне ўсё больш здзіўляла яго шчырасць і дабрата. Нашы дзеці таксама добрыя, — згодзен, Хюбэр быў «залатым хлопцам», як ты казала. Гэта, бясспрэчна, плён твайго выхавання. Калі б Люк яшчэ пажыў на свеце і стаў дарослым мужчынам, яму можна было б ва ўсім даверыцца. Яго чысціня не была штучнай, выхаванай, набытай: гэта была празрыстая чысціня ручая, дзе высвечваецца кожны каменьчык, кожная жвірынка. Усё яго аблічча іскрылася чысцінёй, як іскрыцца раса на мурожнай траве. Чысціня… Я наўмысна так вылучаю гэтую рысу нашага Люка, таму што яна глыбока закранула мяне. Твае прынцыпы, твае грубыя намёкі, твае бясконцыя грымасы, твае падціснутыя губы не маглі мне даць яснага разумення сутнасці зла. А спасціг я гэта дзякуючы Люку. Ты ўсё гаворыш, што чалавецтва асуджана Богам вечна насіць на сабе пячаць першароднага грэху, але ніхто не знайшоў бы гэтай гнойнай балячкі ў нашага Люка: ён па сваёй прыродзе — беззаганны, прыгожы. А я… побач з ім я балюча адчуваў сваю пачварнасць…

Ці можна сказаць, што я любіў яго, як сына? Не, я любіў яго якраз за тое, што ён не меў нічога агульнага са мной. Я добра бачу, якія рысы атрымалі ад мяне ў спадчыну Жэнеўева і Хюбэр: сквапнасць, прагу да матэрыяльнага багацця, пагардлівасць, уладарнасць (Жэнеўева бязлітасна абыходзіцца са сваім мужам і такая ж высакамерная, як і я). А Люк зусім іншы. Я ведаў: у ім не знайсці мне свайго падабенства.

Большую частку года я пра яго амаль не ўспамінаў. Бацька забіраў яго з пансіёна да сябе на Новы год і на вялікдзень, і толькі на лета хлопчык прыязджаў да нас. А ў кастрычніку, калі адляталі з нашых мясцін пералётныя птушкі, знікаў і Люк.

Ці быў ён набожны? На гэты конт ты гаварыла так:

— Нават гэты дзікі звярок паддаўся ўплыву езуітаў. У нядзелю нізашто не прапусціць месы, ходзіць да споведзі, прычашчаецца… Моліцца ён не вельмі старанна, усё спяшаецца, але што з яго патрабаваць?!

Пра веру, пра Бога мы ніколі з ім не гутарылі. Ён любіў гаварыць пра канкрэтныя рэчы. Часам, калі Люк даставаў з кішэні складаны ножык, паплавок ці дудачку, каб завабліваць жаваранкаў, на траву падаў і яго маленькі чорны ружанец. Хлопчык хуценька падымаў яго і клаў назад у кішэню. У нядзелю раніцай ён, бадай, выглядаў больш сур'ёзным, ураўнаважаным, сталым, і здавалася, што хтосьці яшчэ ноччу ўсклаў на яго худыя плечы нейкі нябачны цяжкі груз.

У Люка было багата чаго, што прывязвала мяне да яго. Магчыма, гэта здасца табе дзіўным, але я хачу расказаць вось яшчэ пра што. У тыя нядзельныя ранкі не раз пазнаваў я ў гэтым хлопчыку брата нашай маленькай Мары, што назаўсёды пайшла ад нас дванаццаць гадоў таму назад. Сапраўды дзіўна: характарам Мары была зусім непадобная да яго: яна ж і мухі пакрыўдзіць не магла… А як любіла яна «лячыць раны на дрэвах»: убачыць дупло — абавязкова абкладзе яго мохам і паставіць туды статуэтку багародзіцы, помніш? Дык вось, у гэтым «звярку», як ты яго называла, для мяне ўваскрасала наша Мары…

У пачатку вайны Люку было амаль пятнаццаць гадоў. Забралі ў войска Хюбэра. Калі ён праходзіў медыцынскую камісію, ты месца сабе не знаходзіла: яго здароўе, якое раней прыносіла табе столькі страху і перажыванняў, цяпер стала тваёй надзеяй. Яшчэ перад мабілізацыяй Хюбэра, калі нудная канцылярская работа ці якія-небудзь непрыемнасці ўзбуджалі ў ім жаданне пайсці на фронт добраахвотнікам, ты пачынала адкрыта гаварыць кожнаму стрэчнаму тое, што раней так старанна ад усіх утойвала: «Ды які з яго салдат?! З яго здароўем?! З яго хваравітай спадчыннасцю…»

Не бойся, бедная мая Іза, што я кіну ў цябе камень. Я ніколі цябе не цікавіў, а ў тую пару — тым больш. І ты тады зусім не заўважала, як пасля кожнай ваеннай аперацыі нарастала ў маёй душы трывога. Мабілізавалі і бацьку Люка. Яго накіравалі ў нейкае міністэрства. Цяпер Люк быў з намі не толькі летам, але і на Новы год, і на вялікдзень. Ад вайны хлопчык быў у захапленні, і ўсё баяўся, што ваенныя дзеянні скончацца, пакуль яму споўніцца васемнаццаць гадоў. Раней яго ніхто не бачыў з кнігай. А цяпер ён глытаў раманы пра вайну, чытаў спецыяльныя працы, вывучаў карты, кожны дзень займаўся фізічнымі практыкаваннямі. У шаснаццаць гадоў гэта быў ужо сапраўдны мужчына. Размовы пра параненых і забітых яго зусім не цікавілі. З самых страшных апавяданняў пра кроў і ахвяры, пра жыццё ў акопах, якія я прымушаў яго чытаць, ён ствараў сабе ўласнае ўяўленне пра вайну — грандыёзнае спартовае спаборніцтва, куды нельга спазніцца. Ах, як жа ён баяўся спазніцца. А ў яго ў кішэні ўжо ляжаў бацькаў дазвол… Набліжаўся пагібельны студзень 1918 года, калі Люку павінна было споўніцца васемнаццаць… Я з трывогай сачыў за кар'ерай старога Клемансо[10]. Так, мусіць, некалі бацькі зняволеных дзяцей чакалі падзення Рабесп'ера і спадзяваліся, што тыран згіне раней, чым іх сыны стануць перад судом.

вернуться

10

Жорж Клемансо (1841–1929), французскі палітычны дзеяч; у 1917–1920 гг. — старшыня савета міністраў і ваенны міністр.