Не падумай толькі, што ля вытокаў нашай бяды стаяла рэўнасць. У тую летнюю ноч 1885 года, калі ты прызналася, што гэты незнаёмы мне юнак быў мінулым летам тваім жаніхом, я зусім не раўнаваў цябе. І толькі намнога пазней прыйшло да мяне гэтая шалёнае пачуццё.
Неверагодна! Толькі праз сорак пяць год атрымаў я магчымасць пагаварыць з табой пра гэта. Толькі ці захочаш ты чытаць далей гэтае пісьмо? Цябе ж гэта амаль зусім не цікавіць. Усё, што звязана са мною, наводзіць на цябе нуду і смутак. Ты ўся растварылася ў дзецях: яны не давалі табе бачыць і чуць мяне. А калі з'явіліся ўнукі!.. Што ж, тым горш для мяне! Але я вось вырашыў апошні раз паспытаць шчасця. Магчыма, мёртвы я буду табе цікавейшы, чым жывы. Можа, пасля смерці я хоць на некалькі тыдняў займу нейкае месца ў тваім жыцці, і ты па клічу апошняга доўгу дачытаеш гэтыя старонкі да канца. Я так хачу ў гэта верыць. І я веру.
II
Сапраўды, я не раўнаваў цябе ў тую ноч, калі ты так шчыра спавядалася. Але як жа табе растлумачыць, што разбурыла гэтая споведзь? Я быў у маці адзіным сынам. Яна рана аўдавела і адна гадавала мяне. Ты ведала яе ці, правільней, бачыла, жывучы пад адным дахам столькі гадоў. Нават калі ты і захочаш, то наўрад ці зразумееш тую душэўную блізкасць, што яднала дзве адзінокія істоты — маці і сына; бо ты вырасла зусім у іншай сям'і — вялікай, моцнай, багатай буржуазнай сям'і, дзе панавалі свае правілы і парадкі. І ніколі ты не зразумееш, з якой пяшчотнай руплівасцю гадавала сына — сваю адзіную ўцеху на свеце, удава сціплага чыноўніка. Мае школьныя поспехі напаўнялі яе гонарам. Я таксама любіў добрыя адзнакі, і іншай радасці, бадай, не ведаў. У тую пару я не сумняваўся, што жывём мы вельмі бедна. У гэтым мяне пераконвалі і наш сціплы побыт, і гаспадарчая ашчаднасць, і асабліва строгая эканомія, якая была для мамы непарушным законам. Я, вядома, меў усё, што хацеў, і ніякай нястачы не адчуваў. Але толькі потым я зразумеў, як няньчыла і песціла мяне маці. У Астэйне ў нас была ферма, адкуль па таннай цане нам прывозілі прадукты. Як бы я здзівіўся, калі б у дзяцінстве мне хто сказаў, што ў нас на стале далікатэсы: адкормленыя кураняты, зайцы, паштэты з бакасаў, - усё гэта мне не здавалася раскошай. Я часта чуў ад старэйшых, што наша ферма нікуды не вартая. І сапраўды, калі яна перайшла ў спадчыну да маці, там былі закінутыя аблогі, дзе калісьці яшчэ мой дзед хлопчыкам пасвіў кароў. Але адкуль мне было ведаць, што бацькі перш-наперш паклапаціліся пра тое, каб аддаць землі пад лясныя пасадкі, і калі мне споўніўся дваццаць адзін год, я стаў уладальнікам дзвюх тысяч гектараў маладога гоннага лесу, дзе ўжо нарыхтоўвалі і вывозілі ўмацавальныя слупы для шахтаў. З гэтых сціплых даходаў маці памалу ўжо адкладвала грошы. Яшчэ пры бацьку «за апошнія франкі» мы купілі маёнтак Калез (аддалі тады сорак тысяч, а цяпер гэтыя вінаграднікі я і за мільён не прадам). Мы жылі на вуліцы Сэнт-Катрын у чатырохпавярховым доме, які бацька атрымаў у спадчыну перад сваім вяселлем. Два разы на тыдзень з вёскі прывозілі кашолку з правіянтам: маці старалася як мага менш «абіваць парог» мясной крамы.
А я клаўся спаць і ўставаў з адной толькі думкай: паступіць у Эколь Нармаль[1]. У чацвер і нядзелю[2] мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, («каб хоць праветрыўся»). Я не з тых дзяцей, якія хваляцца, што сталі выдатнікамі без ніякіх намаганняў. Я быў зубрылам і ганарыўся гэтым: «Зубрыла! А што тут такога?!» Не скажу, што ў ліцэі я з вялікім задавальненнем вывучаў Вергілія ці Расіна. Але што зробіш: задалі — значыць, чытай, зубры і нічога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбніцы чалавечага генія я вылучаў толькі тыя шэдэўры, што былі пазначаны ў праграме. Толькі яны мелі для мяне значэнне. І я пісаў пра іх у сваіх сачыненнях тое, што трэба было пісаць, каб дагадзіць выкладчыкам, — гэта значыць тое, што сотні разоў гаварылася і пісалася цэлымі пакаленнямі абітурыентаў, якія паступалі ў Эколь Нармаль. Вось такім я быў ідыётам, і, магчыма, ім бы і застаўся на ўсё жыццё, калі б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала маці, і я быў вымушаны ўсё кінуць.
Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцінстве і юнацтве. Калі хлопчык расце, развіваецца, нельга яму ад раніцы да ночы сядзець за пісьмовым сталом, згорбіўшыся над кнігамі і сшыткамі. Трэба даваць яму хоць якую фізічную нагрузку.
Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай ніводнага радка. Павер, я гавару толькі пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькіх непрыкметных падзей, — ты пра іх не ведала альбо забылася.