Выбрать главу

Яна горка ўсміхнулася.

— Ты як быццам і шчыра гаворыш. Падумаць толькі, ты нават не заўважаў…

Я ўвесь закалаціўся, — засвяцілася надзея. І гаварыць неяк няёмка: калі тое было, сорак гадоў прайшло, патухлі ўжо даўно тыя пачуцці, а вось успомніў — і затрапяталася надзея, што кахала яна мяне, а я і не ведаў… Ды не, цяпер ужо я не паверу.

- І ніколі ў цябе не вырвалася ні слова, ні крыку… Усё ў цябе забіралі дзеці.

Яна закрыла твар абедзвюма рукамі. Толькі цяпер, у гэты дзень, я заўважыў, якія на іх цёмныя плямы і ўздутыя вены.

— Дзеці? Пра што ты гаворыш? З таго часу, як мы пачалі спаць у розных пакоях, я ніколі не клала іх з сабой, нават калі хварэлі. Усё чакала, усё спадзявалася, што прыйдзеш…

Горкія слёзы цяклі па яе старэчых руках. І гэта была Іза. Адзін я мог разгледзець у гэтай непаваротлівай, нядужай старой жанчыне тую юную дзяўчыну — маю колішнюю спадарожніцу ў даліне Лілей…

— Сорамна і смешна ў мае гады ўспамінаць гэта… Даруй мне, Луі.

Я моўчкі глядзеў на вінаграднікі. І ў гэты момант мяне ахапіла сумненне. Няўжо такое можа быць? Жывеш з чалавекам амаль паўстагоддзя і бачыш яго толькі напалову!.. Няўжо з усіх яго слоў, учынкаў мы адбіраем і запамінаем толькі тое, што падаграе нашу крыўду на яго і падтрымлівае злапамятлівасць? У нас жыве нейкае пагібельнае імкненне спрашчаць чалавека, адкідаць усе рысы, якія маглі б змякчыць той агідны вобраз, што мы самі стварылі. Як жа мы спяшаемся выкінуць з памяці тое, што дапамагло б нам намаляваць не карыкатурны, а сапраўдны партрэт чалавека!.. Не, нам часцей за ўсё патрэбна карыкатура… І тады нам прасцей, лягчэй апраўдаць нашу нянавісць… А ці не заўважыла Іза майго хвалявання? Ох, як паспяшалася яна выкарыстаць гэта.

— Ты не паедзеш сёння?

У вачах у яе бліснуў радасны агеньчык, як гэта заўсёды бывала, калі ёй здавалася, што яна «перамагла мяне». Я прытварыўся здзіўленым і адказаў, што не бачу ніякіх прычын, каб адкладаць паездку. Мы ўсталі і памалу пайшлі ў маёнтак па ліпавай алеі. Так было далей, затое не трэба было падымацца ўгору па крутой сцежцы і лішні раз верадзіць сэрца. Што рабіць? Я быў разгублены. А можа, не ехаць? Можа, пайсці ды аддаць жонцы свой сшытак?.. А што, калі… Яна абаперлася рукой на маё плячо. Столькі гадоў яна не рабіла гэтага!.. Алея выводзіла да дому з паўночнага боку. Іза сказала:

— Ніколі гэты Казо не прыбірае садовых крэслаў…

Я разгублена паглядзеў на пустыя крэслы, што стаялі цесным кружком. Тым, хто сядзеў на іх ноччу, трэба было быць бліжэй адно да аднаго, каб гаварыць шэптам. На зямлі многа слядоў. Усюды акуркі тых цыгарэт, што паліць Філі. Тут, між гэтых разгалістых ліп, якія пасадзіў яшчэ мой бацька, пад начным небам засядаў варожы ваенны савет. Тут вырашалася, як аддаць мяне пад апеку або заслаць мяне ў вар'яцкі дом. Неяк аднойчы вечарам я ў парыве самапрыніжэння параўнаў сваё сэрца з клубком гадзюк. Не, не, цяпер-то я зразумеў: гадзюкі пакінулі мяне, выпаўзлі на волю і ноччу скруціліся ў мярзотны клубок сярод вось гэтых крэслаў, і на зямлі яшчэ відаць іх сляды…

«Грошы свае ты атрымаеш, Іза, — думаў я. — Але толькі свае. Больш ты ад мяне нічога не дачакаешся. Я зраблю так, каб і маёнтак вам не дастаўся. І лес прадам. Усё, што я атрымаў ад бацькоў, пойдзе майму сыну. Яго я яшчэ не ведаю. Але заўтра я пабачуся з гэтым юнаком. Які б ён ні быў, ён — не ўдзельнік вашай змовы. Гадаваўся, выхоўваўся ён далёка і не можа мяне ненавідзець. А калі і ненавідзіць, то прадмет яго нянавісці — чалавек уяўны, абстрактны, які са мной нічога агульнага не мае.

Я гнеўна скінуў з пляча жончыну руку і, забыўшыся пра сваё хворае сэрца, хутка пачаў падымацца на ганак. Іза крыкнула: «Луі!..» Я нават не аглянуўся.

XIV

Мне не спалася, я ўстаў, апрануўся і выйшаў на вуліцу. Не так проста было трапіць на бульвар Манпарнас: давялося пракладаць сабе дарогу праз натоўп, пятляць, абыходзіць танцораў. У былыя часы нават такія заядлыя рэспубліканцы, як я, ухіляліся ад гулянняў на свята Чатырнаццатага ліпеня[11]. Тады ніводнаму прыстойнаму чалавеку і ў галаву не прыйшло б удзельнічаць у гэтых вулічных забавах і шэсцях. А цяпер вунь, куды ні глянь, усюды весяляцца, спяваюць, танцуюць. І зусім гэта не вулічны зброд. Ніякіх жулікаў, хуліганаў, зладзеяў. Добра апранутыя маладыя людзі радуюцца самі і радуюць другіх. Сярод жанчын, што танцуюць, амаль няма прастытутак. Часам таксі перапыняюць танец, і тады маладыя людзі жартаўліва, бяскрыўдна чапляюцца за дзверцы, за колы машын. Нейкі юнак незнарок штурхнуў мяне і гарэзліва закрычаў: «Дарогу шаноўнаму старому!» Я праходзіў між двух радоў усмешлівых, радасных твараў. «Што, не спіцца, дзед?» — прыязна кінуў мне чарнявы падлетак з раскошнай шавялюрай… Эх, Люк, Люк! Даўно ты ўжо ў сырой зямельцы!.. А мог бы і ты вось гэтак смяяцца, танцаваць!.. Можа, ты і мяне яшчэ навучыў бы бесклапотна адпачываць, радавацца жыццю!.. Асыпаў бы я цябе і грашыма, і золатам, і падарункамі!.. Ды не… нічога табе ўжо не трэба… Так разважаў я, седзячы на тэрасе кавярні…

вернуться

11

Нацыянальнае свята французскага народа. 14 ліпеня 1789 г. паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Вялікай французскай рэвалюцыі.