Выбрать главу

А цяпер толькі нашы дзеці ў здранцвенні глядзелі на гэтае відовішча. Напэўна, ніколі ў сваім жыцці яны не бачылі, каб я плакаў. Гэты старэчы грозны, люты твар, гэтая страшная галава Медузы[12], чыйго погляду ніхто не мог вытрымаць, на вачах мяняўся і рабіўся чалавечым.

Я пачуў, як нехта сказаў (здаецца, гэта была Яніна):

— Каб вы не паехалі, можа… Чаму вы паехалі?

Чаму я паехаў? А хіба я не паспеў бы вярнуцца? Паспеў бы, калі б далі тэлеграму не да запатрабавання, а на вуліцу Брэа!.. Хюбэр неасцярожна дадаў:

— Паехаць і нават не пакінуць адраса… Дзе шукаць, куды пісаць?..

І тут цьмяная дагэтуль здагадка стала ўпэўненасцю. Абапёршыся абедзвюма рукамі на падлакотнікі крэсла, я прыўстаў і, калоцячыся ад гневу, закрычаў Хюбэру:

— Няпраўда!

Ён замармытаў:

— Бацька, апамятайся!

— Так, так! Вы ўсе махляры!.. Вы ведалі мой адрас! Паглядзі мне ў вочы, нягоднік, і паспрабуй сказаць, што вы не ведалі адраса!

Хюбэр спрабаваў запярэчыць:

— Адкуль жа нам было яго ведаць?..

— А хіба ты не сустракаўся з чалавекам, з якім я меў справы ў Парыжы?! Не сустракаўся?! Няўжо ў цябе і на гэта павернецца язык?!

Усе акамянелі і са страхам глядзелі на мяне. Хюбэр апусціў галаву, як хлапчук, злоўлены ў падмане.

— Дарэчы, не дорага вы яму заплацілі за здраду! Не вельмі вы шчодрыя, дзеці мае! Дванаццаць тысяч гэтаму няшчаснаму за тое, што ён аддаў вам такое багацце! Гэта ж амаль нічога!

Я зарагатаў і моцна закашляўся. Дзеці анямелі. І толькі Філі выціснуў праз зубы: «Гнусная гісторыя!..»

А я гаварыў далей, і кожнае маё слова выкрывала іх. Панізіў толькі голас, калі заўважыў умольны сынаў жэст:

— Гэта вы вінаватыя, што я не развітаўся з ёю. Вы ведалі пра кожны мой крок, але вам трэба было, каб я нічога не западозрыў. Вы хаваліся ад мяне. Калі б вы паслалі тэлеграму на вуліцу Брэа, я адразу зразумеў бы, што мне здрадзілі. І нічога на свеце не магло вас прымусіць зрабіць гэта, нават апошняя просьба вашай маці! Вы яе, вядома, шкадавалі, але пайшлі напралом…

Вось што я ім сказаў, прыгадаўшы і яшчэ большыя грахі. Хюбэр пачаў упрошваць сястру:

— Прымусь яго змоўкнуць, Жэнеўева! Прымусь! Людзі ж могуць пачуць!..

Жэнеўева абняла мяне за плечы і зноў пасадзіла ў крэсла.

— Не трэба, бацька! Супакойся, прашу цябе! Не час цяпер на гэта… Потым на свежую галаву пагаворым… Імем маці нашай заклінаю… Яна яшчэ тут, у труне…

Смяротна бледны Хюбэр прыклаў палец да губ: зайшоў кіраўнік пахавальнай цырымоніі са спісам важных асоб, якія ў жалобнай працэсіі павінны былі ісці побач з катафалкам. Я ўстаў і зрабіў некалькі крокаў. Сям'я расступілася перада мной, і я, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй. Ледзьве-ледзьве хапіла мне сілы дайсці да пакоя, дзе ляжала нябожчыца. Ад дзвярэй да труны дарогу ярка асвятлялі свечкі. З неймавернай цяжкасцю перастаўляючы ногі, я дайшоў да труны і ўпаў на калені. Тут да мяне падаспелі Жэнеўева і Хюбэр, дапамаглі мне ўстаць, падхапілі пад рукі і далікатна павялі. Адзін я ўжо не змог бы падняцца на другі паверх. Адна манашка згадзілася пабыць каля маёй пасцелі, пакуль ідзе цырымонія. Хюбэр рабіў выгляд, нібыта між намі нічога не адбылося. Перад тым як пайсці ён папытаўся, ці добра зрабілі, што ўнеслі ў спіс важных асоб старшыню калегіі адвакатаў. Я нічога не адказаў і адвярнуўся да акна. Там церушыўся дробны нудны дождж…

Унізе ўжо чуўся тупат ног. Відаць, увесь горад прыйдзе на пахаванне. З кім толькі мы не звязаны па лініі Фандадэжаў! А па маёй! Суд, адвакатура, банкі, увесь дзелавы свет… Мне было прыемна адчуваць, што я апраўдаў сябе перад сям'ёй і даказаў сваю невінаватасць. Я злавіў дзяцей на хлусні. Яны не адважыліся адмаўляць сваёй віны… Дом запоўніўся манатонным прыглушаным гоманам, нібы ў ім спраўлялі нейкі дзіўны, незвычайны баль без музыкі. Пачалася цырымонія развітання з нябожчыцай. А я прымусіў сябе засяродзіцца на злачынстве сваіх дзяцей: яны, і толькі яны, вінаватыя ў тым, што я не быў побач з Ізай у яе смяротны час… Але дарэмна нагнятаў я ў сабе сваю старую нянавісць. (Так бывае з загнаным канём: прышпорвай яго, не прышпорвай — а ён ужо нікога не слухаецца.) Сэрца маё памякчэла, полымя нянавісці прытухла… Чаму? Можа, таму, што я адпачыў… А можа, ад таго, што апошняе слова было за мной…

вернуться

12

Медуза — у міфалогіі старажытнай Грэцыі страшыдла, у якога на галаве замест валасоў варушыліся змеі. Людзі камянелі на месцы, паглядзеўшы на яе.