Не ведаю, справядліва гэта ці не, але ва ўсім я вінаваціў сваю маму. Мне здавалася, што я расплачваюся за тое, што ў маленстве маці, на маё няшчасце, залішне мяне песціла, галубіла, апякала. І ў маладосці я абыходзіўся з маці надзвычай жорстка і груба. Я папракаў яе за празмерную мацярынскую любоў. Я не мог ёй дараваць і гэтага вялікага мацярынскага пачуцця, якога больш ніхто на свеце не мог мне даць. Даруй, што зноў гавару пра гэта. Думкі і ўспаміны пра маці даюць мне сілы пераносіць тую адзіноту, на якую ты мяне асудзіла. Можа, гэта і справядлівая расплата. Бедная мама, даўно ўжо ты адышла на вечны спакой… Памяць пра цябе жыве толькі ў сэрцы гэтага нядужага старога, — а як бы ты пакутавала, калі б даведалася, што лёс адпомсціць мне за цябе!..
Так, я быў жорсткі да маці. Памятаю, як сумна было ў нашай хатцы ў Аркашоне. У час абеду я ледзь выціскаў з сябе два-тры словы ў адказ на яе нясмелыя пытанні. А бывала, ні з чога ні з якага мог раззлавацца і нагрубіць…
Яна не спрабавала мяне зразумець, разабрацца ў прычынах майго гневу. Для яе гэта быў божы гнеў. «Гэта ад хваробы, — гаварыла яна, — табе трэба палячыцца, супакоіць нервы…» І дадавала, што ёй, жанчыне цёмнай і малаадукаванай, не зразумець мяне: «Канешне, якая я табе кампанія? Маладому чалавеку не вельмі весела са старымі…» І яна, такая эканомная, калі не сказаць, скупаватая, давала мне грошай больш, чым я прасіў, сама штурхала мяне да марнатраўства, прывозіла мне з Бардо нехлямяжыя гальштукі, якіх я ніколі не насіў.
Мы пасябравалі з суседзямі. У іх была дачка, да якой я пачаў заляцацца, хоць яна мне не падабалася. Дактары параілі гэтай дзяўчыне лячыцца кожную зіму ў Аркашоне. Мама не знаходзіла сабе месца ад страху, што я магу чым-небудзь заразіцца ці скампраметую суседку і буду вымушаны ажаніцца. Сёння я ўпэўнены, што займаўся гэтым малапаспяховым заляцаннем толькі дзеля таго, каб зрабіць непрыемнасць маці.
Праз год мы вярнуліся ў Бардо і адразу пераехалі са старой кватэры ў новы дом. Маці купіла гэты асабняк яшчэ задоўга да нашага прыезду, але нічога не гаварыла пра яго, хочучы зрабіць мне сюрпрыз. Я вачам сваім не паверыў, калі ўбачыў, што лакей адчыняе нам дзверы. Мне поўнасцю аддалі другі паверх. Усё здавалася свежым і новым. У глыбіні душы я быў зачараваны такой раскошнай абстаноўкай (хоць на цяперашні розум усё гэта мне здалося б жахлівым), але ўсё роўна бязлітасна раскрытыкаваў мамін выбар і выказаў сумненні, ці варта было плаціць за гэты дом столькі грошай.
І тады шчаслівая мама адкрыла мне поўную карціну наконт нашых фінансавых спраў. Зрэшты, яна не павінна была рабіць гэтага (большая частка нашай маёмасці была яе пасагам і належала асабіста ёй). Пяцьдзесят тысяч франкаў гадавога даходу ды яшчэ грошы, што даваў нам лес, — «кругленькая» сума на той час, тым больш у правінцыі!.. На маім месцы кожны малады чалавек паспрабаваў бы скарыстаць такія грошы і прабіцца ў колы мясцовай эліты. Нельга сказаць, што ў мяне не хапала амбіцый, але мне ледзьве ўдавалася хаваць ад сваіх таварышаў з юрыдычнага факультэта сваю варожасць і непрыязнь да іх.
Амаль усе яны былі сынкамі з арыстакратычных сем'яў, выхоўваліся ў езуітаў, а я вучыўся ў звычайным ліцэі, дзед мой быў пастухом; я не мог ім дараваць сваёй зайздрасці да іх манер. Супакойвала трохі толькі тое, што па сваіх разумовых здольнасцях, як мне, здавалася, гэтыя маладыя франты стаялі ніжэй за мяне. Зайздросціць нікчэмным піжонам і адначасна пагарджаць імі!.. Такое ганебнае дваістае пачуццё можа атруціць чалавеку жыццё. А я зайздросціў ім, пагарджаў імі, і іх спакойная высакамернасць яшчэ больш распальвала маю нянавісць. Вось такі ў мяне характар. Я і ў думках не мог сабе дапусціць, што можна было б паспрабаваць заваяваць іх сімпатыі, - наадварот, з кожным днём я ўсё больш збліжаўся з іх праціўнікамі. Нянавісць да рэлігіі, якая так надоўга ахапіла мяне, прынесла табе столькі пакут і назаўсёды зрабіла нас ворагамі, - гэтая нянавісць нарадзілася на юрыдычным факультэце ў 1879 і ў 1880 гадах, калі абмяркоўваўся сёмы артыкул вядомага дэкрэта[3] і калі выгналі з Францыі езуітаў.
3
У 1879 г. сенатар Жуль Фера ўнёс у сенат законапраект аб вышэйшай адукацыі, паводле якога езуітам забаранялася кіраваць навучальнымі ўстановамі і весці там навучанне. У 1880 г. гэты законапраект абмяркоўваўся ў сенаце, пасля чаго быў прыняты закон аб выгнанні езуітаў з краіны.