Перачытваю радкі, напісаныя ўчора. Няўжо я трызніў? Адкуль столькі злосці і варожасці? І, па сутнасці, я не пісьмо пішу, а вяду дзённік. Зноў бяруся за пяро. Што рабіць? Закрэсліць усё і пачаць зноў? Гэта немагчыма: у мяне мала часу. Што напісана, няхай і застаецца. Адзінае, што я хацеў — гэта адкрыцца перад табой поўнасцю, прымусіць цябе ўбачыць мяне такім, які я ёсць. Ужо трыццаць год, як я для цябе ўсяго толькі аўтамат, які выдае банкноты на тысячу франкаў. Аўтамат працуе не зусім спраўна: увесь час яго трэба трэсці, пастукваць па ім. І ты з нецярплівасцю чакаеш таго дня, калі нарэшце можна будзе адкрыць яго і поўнымі прыгаршчамі браць адтуль…
І зноў я ў палоне сваёй злосці. Трэба лепш вярнуцца да таго месца, дзе я спыніўся ўчора: мне неабходна дайсці да вытокаў маёй нянавісці і жорсткасці. Прыгадаць тую фатальную ноч… Але спачатку ўспомні нашу першую сустрэчу.
У жніўні 1883 года я быў разам з маці ў Люшоне. У тыя часы ў «Атэлі Сакарона» было многа мяккіх крэслаў, канап, пуфаў, дываноў, прыгожых чучал пірэнейскіх сарнаў. А ліпавы водар у алеях Эціні!.. Яго нельга забыць. Прайшло столькі гадоў, але заўсёды, калі цвітуць ліпы, мне ўсё здаецца, што я ўдыхаю ў сябе той чароўны пах! Раніцай я прачынаўся пад роўнае цоканне вослікаў, меладычныя гукі званочкаў і ляскат бізуноў паганятых. Па вуліцах цурчалі срэбразвонныя ручаі горнай вады. Хлопчыкі-падлеткі гандлявалі булачкамі і рагалікамі. Конна праязджалі праваднікі; я глядзеў на кавалькады, што выпраўляліся ў горы.
Увесь другі паверх займала сям'я Фандадэж. Яна жыла ў апартаментах караля Леапольда[4]. «Ну і транжыры!» — гаварыла мама. Гэта не перашкаджала ім заўсёды плаціць са спазненнем (у Бардо, ля самай прыстані, яны арандавалі ў нас вялікі зямельны ўчастак, дзе былі таварныя склады).
Мы з мамай абедалі за агульным сталом, а вам заўсёды падавалі асобна. Я добра памятаю ваш круглы стол ля акна. За ім часцей за ўсё сядзела ваша тоўстая бабулька, якая хавала сваю лысую галаву пад чорнымі карункамі, дзе паблісквалі шкляныя пацеркі. Мне заўсёды здавалася, што яна мне ўсміхаецца, — гэтая ілюзія стваралася таму, што ў яе былі малюсенькія прыжмураныя вочкі, а рот — амаль да вушэй. Ёй прыслужвала манашка з напышлівым адутлаватым тварам, уся ў белым накрухмаленым палатне. Твая маці… якая ж яна была прыгожая! Заўсёды ў чорным… Пазней я даведаўся, што яна пахавала двух сыноў. І не на цябе, а на яе, тваю маці, замілавана паглядаў я спадцішка. Мяне хвалявалі яе аголеныя рукі і плечы. Яна не насіла ніякіх караляў, пярсцёнкаў, завушніц, але ўся яе істота як магнітам цягнула мяне да сябе. Я мроіў ёю і, як стэндалеўскі Жульен Сарэль, ужо рыхтаваў план яе спакушэння. З чаго пачаць? Можа, загаварыць? А можа, лепш падкінуць запіску?.. А цябе… я амаль не заўважаў. Я ўбіў сабе ў галаву, што звязвацца з маладымі дзяўчатамі няма інтарэсу. Да таго ж, у цябе была нейкая фанабэрыстая, знішчальная манера глядзець на людзей, якая ўсіх адпуджвала.
Аднойчы я вярнуўся з казіно і застаў маму за размовай з мадам Фандадэж. Наша госця трымалася і гаварыла падкрэслена ветліва, ласкава, як добра выхаваны чалавек, які не можа сабе дазволіць апусціцца да нізкага ўзроўню грубаватага субяседніка. А мая мама не саромелася: «Ты ў мяне ў руках, і я цябе прыцісну…» Для яе Фандадэжы былі ўсяго толькі неахайнымі плацельшчыкамі. Яна па-сялянску любіла і цаніла толькі зямлю і не вельмі давярала гандлёвым справам і хісткаму купецкаму багаццю. Я спыніў яе на словах: «Вядома, я магу паверыць подпісу месьё Фандадэжа, але ведаеце…»
Упершыню я ўмяшаўся ў дзелавую размову. Мадам Фандадэж атрымала жаданую адтэрміноўку. Потым я не раз думаў, што сялянскі інстынкт не падводзіў маю маці: дорага каштавала мне твая сям'я, і калі б я вам паддаўся, вы хутка разбазарылі б усё маё багацце, усё паплыло б у вашу камерцыю. Якая там камерцыя?! Кантора на першым паверсе, тэлефон, машыністка… Адна паказуха… А грошы як у трубу вылятаюць. Але я адхіліўся… Мы ўспамінаем наша знаёмства ў Люшоне ў 1883 годзе.
Цяпер ваша сям'я сустракала мяне з ветлівай усмешкай. Твая бабуля толькі і ведала, што ўвесь час балбатала за сталом. Слухаць нікога яна не хацела, бо была глухая. А вось твая мама расчаравала мяне, — некалькі разоў мне ўдалося пагаварыць з ёю пасля абеду, і яна здалася мне даволі нуднай асобай. Так што маім рамантычным намерам не суджана было збыцца. Не крыўдуй, калі ласка, за такія ўспаміны, але, праўда, гутарка яе была такая нецікавая, нікчэмная; усе думкі круціліся вакол нейкіх недарэчных дробязяў, ну а мова проста знішчала сваім убоствам… Праз тры хвіліны мне рабілася сумна, і я з адчаем думаў, як хоць дзеля прыліку падтрымаць гэтую бяссэнсавую гаворку…