Выбрать главу

Леў Сапега

(1557-1633)

Зварот да ўсіх саслоўяў

(Прадмова да Статута Вялікага Княства Літоўскага)

Мудрыя людзі усіх стагоддзяў сыходзіліся на думцы, што ў кожным — калі б яно ні ўтварылася — гаспадарстве дастойнаму чалавеку нічога не можа быць даражэй за вольнасць. Затое няволя яму настолькі агіднаю мае быць, што не толькі маёмасцю, a i смерцю яе адганяць ад сябе павінен.
Таму i не дзіўна, што людзі, якія сябе шануюць, каб не падпасці пад панаванне чужацкае, у змаганні з усякім наспротнікам не шкадавалі ні скарбаў сваіх, ні горлаў. Калі ж аднак, здаралася, трацілі волю, дык усё роўна паводле парадкаў чужых не хацелі жыць.
A хіба лепей намнога, каб чалавек быў ад старонняга ворага вольны, ды мусіў свайго трываць над сабою?!. Вось жа, на ўтаймаванне усякага ліхадзея вынайдзены муштук, ці — іначай — цуглі, каб, маючы боязь перад законам, утрымліваўся ад гвалту i ад сваволі i над слабейшым ды над бяднейшым не пасвіўся i не змушчаўся.
Закон i ўсталёўваецца на тое, каб дужы-заможны не ўсё, што яму зажадаецца, чворыў. Як зазначыў некалі Цыцэрон, каб маглі мы вольнасцю карыстацца, становімся для таго нявольнікамі закону.
Калі наймілей дастойнаму чалавеку жыць у айчыне сваёй бяспечна i не баяцца, што нехта добрую славу яго зганьбуе альбо здароўю яго i целу прычыніць шкоду, альбо маёмасці — страту, нічому другому, адно закону дзякаваць мае, што век у спакоі жыве i ніякай змушты, ніякага абылгання i крыўды ніякай не зносіць. Мэта i вынік усіх законаў, што існуюць на свеце,— каб кожны добрую славу сваю, здароўе i скарб-нажытак меў непашкоджанымі i страты у гэтым ніколі не спадкаваў.
Наша вольнасць, якою мы ганарымся сярод хрысціянскіх народаў, найперш у тым палягае, што пана, які б панаваў не паводле законаў, але паводле жадання свайго, над сабой не маем, a самі валодаем сваёй славай, нажыткам сваім i сваім жыццём.
Бо калі б хто-кольвечы нас у гэтых трох рэчах укрыўдзіў i пасвіцца стаў над намі паводле свайго ўпадабання, той быў бы не панам нашым, а — парушальнікам нашых законаў i руйнавальнікам вольнасцяў апынуўся, а мы — нявольнікамі ў яго.
Але, дзякаваць пану Богу, за панаваннем ix міласці каралёў i вялікіх князёў, з праўдаю ў згодзе, маем гэтую ўладу i вольнасць нашу ў сваіх руках i, законы творачы самі сабе, старанна вольнасць ва ўсім зберагаем. Не толькі сусед i супольны жыхар у айчыне, але i сам пан гаспадар над намі ніякай звярхоўнасці ўжыць не можа, адно толькі тое, што дазваляе яму закон.
Маючы ў нашых руках гэтакі скарб, што ніякай капою грошай аплачаны быць не можа, належыць, каб кожны дастойны жыхар гаспадарства уведаў аб ім i, уведаўшы добра, утрымліваўся ад спакусаў i сунімаў заўзятасць, i згодна з законам напісаным справаваўся i анікога не крыўдзіў.
Але калі будзе пакрыўджаны сам, каб ведаў, дзе абароны i лекаў у крыўдзе сваёй шукаць. Як адзін рымскі сенатар другога за тое ўпікаў, што той закону айчыны сваёй не ведаў, гэтак усякі жыхар, што сваёю вольнасцю ганарыцца, але не хоча ні ўведаць, ні зразумець закону, якім абаронена вольнасць яго, заслугоўвае ганьбавання.