Па смольнінскай сядзібе Канстанцін Міхайлавіч хадзіў асцярожна, нібыта баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне.
Спыніўся і ўважліва зазірнуў у гумно, нібы прадчуваючы, што яно неўзабаве будзе разабрана на дровы праз меру дбайнымі мясцовымі адміністратарамі. А гэта ж будыніна, калі стаяла яшчэ ў сяле, бачыла настаўнікаў, што паз’язджаліся на свой з’езд. Ці мала сумных і вясёлых разваг чулі яе сцены ад самога Костуся Міцкевіча і ад яго таварышаў, бесхацінцаў, пазбаўленых настаўніцкіх пасад.
Ён спрабаваў адстойваць гуменца перад раённымі ўладамі, але ў іх не хапіла кемлівасці не дапусціць разбурэння. Быццам так канечне трэба былі калгасу тыя некалькі дзесяткаў напаўструхлелых бярвенняў.
Стоячы каля хаты, Канстанцін Міхайлавіч падлічыў, колькі год пасаджаным яго рукамі дрэвам.
— Я паўтыкаў іх зусім тонкімі тычкамі. Можа, зім па пяць ім было ўсяго. Зараз, відаць, па пяцьдзесят адстоялі.
I звярнуўся да брата:
— Я да цябе, Юзік, паміраць прыеду. Сяду тут, у цяньку, на Нёман буду пазіраць.
У хаце чакаў накрыты стол. Даніла Канстанцінавіч паспяшаўся паналіваць усім чаркі і хутчэй чокнуцца, каб асцерагчы бацьку ад спакусы, балазе ён загаварыўся з братам.
Убачыўшы пусты пасудак, Канстанцін Міхайлавіч адразу выкрыў хітры манеўр і пакрыўдзіўся:
— Я разумею, што старых людзей можна скідаць з рахунку. Хай будзе так. Але ж мне трэба з Купалам чокнуцца. Як некалі, на гэтай лаве седзячы. Без гэтага я ў Мінск не паеду[19].
Выратавала становішча кропля, якую, не выпіўшы, адставіла на акно гаспадыня.
Чокнуўшыся ў думках з Купалам, Канстанцін Міхайлавіч сабраўся ехаць:
— Яшчэ ў лесе спынімся. Сон зацвітае, трэба выкапаць колькі кусцікаў для саду.
Пастаялі ў лесе, напакавалі ў багажнік «сну», пахадзілі па леташнім верасе і чабароўі. Поблізу на абочыне стаяла нейчая машына. Гаспадар яе, мажны мужчына ў ботах з доўгімі, за калені, халявамі, клыпаў, павольна перасоўваючы ногі, па даволі высокай балотнай вадзе.
Канстанцін Міхайлавіч прыгледзеўся.
— Здаецца, знаёмыя людзі.
Сапраўды, гэта быў работнік Акадэміі навук, які збіраў раннія раслінкі для навуковай працы.
— Маё шанаванне таварышу акадэмічнаму буслу! — гукнуў Канстанцін Міхайлавіч. — Як ваша паляванне?
Потым, адвітаўшыся, разважаў:
— Каб што-небудзь зрабіць, не цурайся ўлезці ў балота, гэта не толькі для навукі, а і для літаратуры абавязкова. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека.
Прывезеную гразь грэлі, Канстанцін Міхайлавіч па гадзіне трымаў у гарачай ванне рукі. Палёгкі не было.
— Не таго мацунку гразь стала, — казаў ён доктару С.О. Ліяранцэвічу, з маўклівага дазволу якога было распачата гэтае «гразелячэнне».
— Пашкодзіць не можа, — тонка ўсміхнуўся Ліяранцэвіч, — а часам возьме і паможацца. Табе ж памаглося, — ён хітра падміргнуў у мой бок.
А справа была такая. Пасля аперацыі апендыцыту я страціў сон і папрасіў у Сяргея Осіпавіча рады. Ён падняў на мяне вочы:
— Не спіш? Будзеш спаць.
I даў шкляную тубачку фанадорму.
Праз тыдзень мы сустрэліся.
— Спіш? — было першае пытанне доктара.
— Сплю.
— А лякарства браў?
— Браў.
— А ведаеш, што ты прымаў? — I весела зарагатаў: — Вітамін С.
Разумны доктар цярпліва і паблажліва паставіўся да намераў Канстанціна Міхайлавіча і яго скаргі на страціўшую сілу гразь прымаў як штосьці зусім натуральнае.
— Так, вядома, усё вытыхаецца, — гаварыў Ліяранцэвіч. — А можа, вы не ў тым месцы гразі набралі?
Колас пачуў у голасе доктара жарт.
— А чаму было адразу не сказаць, што ты не верыш у гэтую гразь, — панура буркнуў ён.
— Трэба, каб хто-небудзь адзін верыў, другому — не абавязкова, — адказаў Ліяранцэвіч з такімі яснымі вачыма, што яны абодва адразу ж заўсміхаліся…
Тым часам рукі балелі, і вітацца з Канстанцінам Міхайлавічам трэба было асцярожна. Малазнаёмых папярэджвалі аб гэтым. Але аднойчы забыліся. Канстанціну Міхайлавічу як віцэ-прэзідэнту Акадэміі прадстаўлялі аспірантаў. Быў сярод іх высокі, плячысты здаравяк. Узрадаваўшыся, — Коласа зблізку ён бачыў ледзь не ўпершыню, — хлапчына павітаўся з усёй шчырасцю дужага чалавека.
Канстанцін Міхайлавіч умомант выхапіў хворую руку, памахаў ёю ў паветры і міжволі вылаяўся, салёна, па-мікалаеўску. Падзьмуўшы на адціснутыя пальцы, дадаў:
— I бяруць жа гэткіх бугаёў у навуку!
19
Мікалаеўшчына ці Смольня? Дзе ж адбылася сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа?
Задаваць гэтыя пытанні і ў меру магчымасцей шукаць адказу на іх прымушае не хто іншы, як сам Якуб Колас. У трох эсэ: «Янку Купалу» (1945), «Памятные встречи» (1947), «Янка Купала» (1952) месцам сустрэчы называецца Смольня, а ў лісце да Л. М. Клейнбарта (7/Х 1928) — Мікалаеўшчына.
Апрача таго, аўтару гэтых радкоў давялося неаднойчы чуць з вуснаў самога Канстанціна Міхайлавіча гісторыю пераезду сям’і ў Смольню, апісанне пажару і намаганні дзядзькі Антося збудаваць новую хату, і нарэшце расказ, як там сустрэліся два сябры (гл. раздзел «З Купалам»). Яшчэ больш дадавала вагі такім сведчанням апошняя паездка з Якубам Коласам у Мікалаеўшчыну і ў Смольню. Тады Канстанцін Міхайлавіч з асаблівай любасцю тупаў па смольнінскай сядзібе, аглядаў пасаджаныя ім дрэвы, а зайшоўшы ў хату, пажадаў «чокнуцца» з Янкам Купалам, «як некалі, на гэтай лаве седзячы» (гл. раздзел «Апошнія дні апошняга года»).
За Смольню выказваюцца літаратуразнаўчыя і даведачныя выданні, сваякі паэта. У гэтай мясціне зараз філіял музея Якуба Коласа, шматлікія наведвальнікі аглядаюць хату і чуюць тлумачэнні наконт сустрэчы ў ёй паэтаў.
У пісьме да Клейнбарта гаворыцца, нібыта сустрэча была ў Мікалаеўшчыне. I не дзіўна. Такой адміністрацыйнай адзінкі, як Смольня, не існавала, прынамсі ў «Списке населенных пунктов Минской губернии» (Мн., 1909 г.) назвы гэтай няма, хоць Альбута (Альбýць) і ўспамінаецца. Смольня з’яўлялася выселкам пры Мікалаеўшчыне і атрымала, відаць, імя паводле работы, якая выконвалася поблізу (збор смалы).
Затое ва ўспомненым лісце ёсць неацэнная падрабязнасць: пасля бяседы сябры «пайшлі спаць у гумно на гарох» (т. XIII, с. 87). Гэтая акалічнасць успамінаецца не раз: «начавалі ў мяне на сенавале» (т. XII, с. 193), «ён паначаваў у мяне» (т. XI, с. 367).
I раптам, ва ўспамінах 1935 г., самых ранніх, чытаем: «…у тую ноч ён (Купала. —
Як бачым, месца і час сустрэчы зменены супраць іншых успамінаў. А там гаворыцца, што пад час прыходу Купалы Колас «быў у сваім сяле», кіламетры за паўтара ад хаты і «борздзенька накіраваўся дамоў», прыхапіўшы пачастунак (т. XI, с. 367). I яшчэ. Калі сястра паведаміла Коласу, што прыйшоў Янка Купала, «…я быў у сяле ў аднаго з сваіх прыяцеляў…», зараз жа развітаўся… «і хутка падаўся дахаты» (т. XII, с. 193).
Пераважаюць, вядома, сведчанні паэта пра сустрэчу ў Смольні. Аднак адкуль, якім чынам маглі ўзнікнуць успаміны, нібыта Купала спачатку прыблукаў у Мікалаеўшчыну, застаўся там нанач, і паэты сустрэліся ў сяле толькі заўтра ў «дарэктара», настаўніка I. Міцкевіча. Вось як верагодна ўсё, нават гаспадар кватэры названы!
Асабіста трымаюся версіі пра сустрэчу ў Смольні. Так я чуў ад Коласа і запісаў у кнізе. Аднак на Мікалаеўшчыну нельга заплюшчваць вочы: нейкія акалічнасці павялі руку Коласа на такія сцверджанні.
Літаратуразнаўцы, трэба думаць, з часам дойдуць да ладу. У 14-томным выданні твораў Я. Коласа гэта супярэчнасць у яго выказваннях не знайшла нават звычайнага ўпамінання ў каментарыях.