— Усё ж ён многа каго ведаў і чуў. I Блока, і Аляксея Максімавіча…
Ён пераходзіць да іншых маскоўскіх знаёмых:
— Маку пабачым, дый яшчэ хто-небудзь, відаць, адзавецца…
Мака… Канстанцін Міхайлавіч ведаў яе дзяўчынкай, калі сябравала з малымі сынамі. Ад тых часоў і яе дзіцячае імя — Мака. Цяпер гэта маці дачкі і сына, высокая, чарнакосая і чарнавокая жанчына. Гаворкі з ёю, відаць, нагадваюць пару, калі сям’я была ў поўным складзе: з Марыяй Дзмітраўнай і сярэднім сынам Юркам. Вось чаму Мака (Маргарыта Мікалаеўна) заўсёды запрашаецца ў госці. Канстанцін Міхайлавіч глядзіць на яе з добрай бацькоўскай любасцю, стараецца дагадзіць ласункамі яе дзецям.
Трэцяя асоба, каго хоча пабачыць ён у Маскве, — былое ташкенцкае захапленне.
Пасля пераезду Коласа ў Мінск яна пачала падаваць голас даволі часта: пісьмы прыходзілі кожны тыдзень. Але не сустракалі ўжо водгуку.
Аднойчы ў Маскве я на цэлы дзень накіраваўся па справах. Неспадзявана вярнуўся раней часу і застаў у гасцях у Канстанціна Міхайлавіча жанчыну. На стале стаяў няскончаны абед, сухое віно. Канстанцін Міхайлавіч пазнаёміў нас. Госця пасядзела, пасля, паабяцаўшы пазваніць, пайшла.
Канстанцін Міхайлавіч прылёг на канапу.
— Яна цяпер кажа: «Баялася, каб вам сям’і не разбіць». Не, нецікава ёй было. Кожны дзень па вершу ёй пісаў. I сам насіў, замест паштальёна. Зараз усё званіла, званіла, пабачыцца дамагалася.
Канстанцін Міхайлавіч выпіў віна.
— Марна жыве яна. Муж пакінуў. Трэба дзяцей гадаваць. Абяцала даць перапісаць мае ташкенцкія вершы.
На гэтым, здаецца, і скончылася шматгадовае і, калі меркаваць па вершах і дзённікавых запісах, моцнае захапленне. Аднак мінулася яно не само…
Канстанцін Міхайлавіч скончыў казку «Як птушкі дуб ратавалі». Рэч доўга не ўдавалася, шмат правіў, даў вылежацца. Перад чытаннем ён папярэдзіў:
— Прысвячэнне ты не ведаеш каму.
Казка здалася мне напісанай адным дыханнем.
— Можа, яно і не так добра, як ты гаворыш.
— Натхненне моцнае чуваць, дзядзька Якуб. Ад прысвячэння, пэўна.
Ён моўчкі скасавурыўся:
— Здагадаўся?
Здагадцы дапамог сам Канстанцін Міхайлавіч.
— Укінь у скрынку пісьмо Былінцы, — папрасіў ён аднойчы.
Знаёмых з такім прозвішчам не ўспаміналася. На канверце стаяла імя адной мінчанкі. Іх знаёмства пачалося ў рэдакцыі газеты, куды зазвалі групу пісьменнікаў параіцца аб далейшым супрацоўніцтве. Пілі чай. Былінка, мусіць, адзіная прадстаўніца «прыгожага полу» на гэтым прыёме, частавала старэйшага і найбольш паважнага госця — Канстанціна Міхайлавіча, а разам з ім і Сяргея Гарадзецкага. Як далікатныя кавалеры старога выхавання, яны гаварылі гаспадыні стала прыемныя рэчы. Яна хораша пасміхалася і выглядала яшчэ лепш, як гэта бывае з жанчынамі, калі трапляюць яны ў кола добрай увагі.
Галантнасць у адносінах да жанчын ніколі не пакідала Канстанціна Міхайлавіча. Ён скідаў з сябе змору сямі дзесяткаў, рабіўся гаваркі, абыходлівы, не забываўся пацалаваць ручку, падкінуць, як гэта гаворыцца, камплімент. Аднойчы зусім сур’ёзна пакрыўдзіўся, што наша выпадковая спадарожніца, суседка па купэ, больш размаўляла са мною. Пакрыўдзіўся, але толькі на хвіліну. Зараз жа пасміхнуўся і сказаў: «Я, здаецца, раўную. Дай божа і табе, Максім, адчуць гэта ў 70 гадоў».
Вернемся да Былінкі. Праз некаторы час яна пачала заходзіць у Коласаў дом. У вузкім коле знаёмых, следам за Канстанцінам Міхайлавічам, яе пачалі клікаць Алеська. Імя Былінка, мусіць, было дадзена за невялічкі рост і кволасць. Адным словам, расшыфраваць літары А.Б. у прысвячэнні не складала вялікіх цяжкасцей[20].
З лістоў Канстанціна Міхайлавіча да жанчын, — а лістоў гэтых знойдзецца вельмі і вельмі шмат, — некалі вырастуць цікавыя творы. Зараз даводзіцца гаварыць сцісла, не называючы прозвішчаў, пакідаючы за тэкстам развіццё і згасанне той ці іншай сустрэчы ці перапіскі.
Згаданая ўжо, крыху старамодная галантнасць і ветлівасць ніколі не пакідалі Канстанціна Міхайлавіча абыякавым і да жаночага гора і да жаночай усмешкі. Іменна яны — гора і радасць — заўсёды моцна ўваходзілі ў душу Канстанціна Міхайлавіча. Пачыналася распытванне, спагаданне, пасля з’яўляліся лісты. Колас прывыкаў да чалавека, лічыў яго сваім, не адлучаў яго ад уласнага ўнутранага жыцця.
Усе, як ён сам, павінны рабіць па справядлівасці, так жа ставіцца да абавязкаў, прагнуць праўдалюбства, высока трымаць гонар.
Іначай Колас думаць не мог.
Часамі праз гэта ён рабіўся безабаронным, як дзіця. Бо не ўсе сустрэтыя ім падыходзілі пад вымаляваны ў думках хоць бы прыблізны ідэал чалавека.
20
У каментарыях да V тома Збору твораў Я. Коласа (1962) памылкова пазначана: