Падмануўшыся на адной фальшыўцы, ён не паказваў і выгляду. Вонкава адносіны з такім чалавекам як быццам не змяняліся, унутрана ж — замыкаўся ў сабе. Аднак трымаць душу замкнутай для чалавека не мог, і з такою ж лёгкасцю ашукваўся на другой падманцы.
Душа ўсё роўна заставалася адкрытай. Гэтым і тлумачыцца гісторыя некаторых сяброўстваў і ліставання з жанчынамі.
I многае ў лістах патрабуе сапраўднага прачытання. «Абдымаю», «цалую», «хачу бачыць», — пісаў ён знаёмай у Маскву. Здавалася б, тлумачэнняў не трэба. Наадварот, трэба. Бо ён ведаў адрасатку з яе малых год і амаль з таго часу не бачыў, ніколі не выказваў жадання пабачыць, калі здаралася магчымасць. А пісаць — пісаў!
Дык вось мы і збіраемся ў дарогу.
— У цябе, відаць, справы знойдуцца ў Маскве, — не зусім упэўнена гаворыць Канстанцін Міхайлавіч.
— Асаблівых няма.
— Ну, усё роўна завязі мяне. Застанешся там на колькі дзён, у тэатры паходзіш.
Яму рупіць, ці з ахвотаю я еду, ці не адрываюся ад якой-небудзь справы. Таму, вось ужо некалькі дзён запар, вяртаецца да паездкі, пачынае далікатны зандаж, пускае ў ход такія маскоўскія прывабы, як тэатр. Звычайна ён крыху выкпівае мае тэатральныя слабасці. На спектаклі ходзіць рэдка, хоць яго абавязвае да гэтага членства ў Камітэце па дзяржаўных прэміях. Не дазваляе здароўе: пераседзеўшы пару, усю ноч не можа заснуць, а назаўтра парушаецца працоўны рэжым. Аднак многіх акцёраў ведае і любіць, са здавальненнем выслухвае мае ўражанні ад новых пастановак. Калі дома з’явіўся тэлевізар, пачаў глядзець і фільмы і спектаклі, трохі наракаючы на драбнату постацей, невыразнасць твараў.
Дамовіўшыся канчаткова аб выездзе, пачынае аб тым, што яго найболей турбуе. Цяпер такіх рэчаў тры: мова і дальнейшае развіццё культуры ў рэспубліцы; хуліганства і паводзіны моладзі; могілкі. Ужо другі месяц толькі і размаўляе аб гэтым. Падоўгу, хвалюючыся, пашыраючы і паглыбляючы з кожным разам свае намеры.
— Могілкі павінны быць агледжаны і абгароджаны. Павага да нябожчыкаў — павага да саміх сябе. А што ў вёсках? Цягаюцца каровы, свінні, козы… Ляпаюць проста на магілы, апошнюю зеляніну выцярэбліваюць.
Пачаўся гэты клопат з агледзін, які рэзрух на могілках у Мікалаеўшчыне, дзе пахаваны яго бацькі і сваякі. Паглядзеў і звярнуўся ў Савет Міністраў. Стаўляць агароджу вырашыў за свой кошт, але прасіў, каб быў вызначаны выканаўца работ — якая-небудзь будаўнічая арганізацыя. Справе быў дадзены рух, выдаткі ўзяла на сябе дзяржава, а Канстанцін Міхайлавіч стаў дбаць аб добраўпарадкаванні могілак ва ўсёй рэспубліцы.
Канстанцін Міхайлавіч кажа, што рыхтуе два лісты. Адзін — аб выкараненні хуліганства — мяркуе, папярэдне параіўшыся, адаслаць у Маскву.
Не ведаю, ці было зроблена гэта. Але 15 чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч паведамляў з Барвіхі, што раіўся наконт ліста М.С. Хрушчову, што ліст гэты ўхвалены яго дарадцам і выказана пажаданне, каб ён паслужыў «…сігналам для прыняцця адпаведных захадаў па ўпарадкаванню непажаданых падзей і з’яў у нашым жыцці»[21].
Ліст аб далейшым развіцці нашай мовы хоча напісаць і абмеркаваць больш грунтоўна на месцы.
Канстанцін Міхайлавіч звяртаецца да ўсіх бліжэйшых сяброў, каб дапамагалі фактамі. Каму паказваўся гэты ліст, невядома. Колас чакаў з адпачынку М.С. Патолічава, хацеў папярэдне пагаварыць з ім, пачытаць ліст аб мове яму, потым перадаць членам бюро ЦК КП Беларусі.
Старэйшы сын, Даніла Канстанцінавіч, расказвае, што ў дзень смерці Канстанцін Міхайлавіч паклаў у партфель нейкі ліст і паехаў у ЦК.
У Цэнтральны Камітэт Колас ездзіць часта і ахвотна. Патрэба ў гэтым бывае амаль кожны тыдзень: хадайнічае за людзей, здае матэрыялы, якія даводзіцца чытаць як члену ЦК. Апрача таго, рад сустрэцца з М.С. Патолічавым. Ставіцца да яго з клопатам і з апекаваннем старэйшага чалавека, якія відавочна перарастаюць у большае пачуццё. Цэніць у ім дзяржаўны размах, любоў да справы, энергію і ўмельства, з якімі Мікалай Сямёнавіч узяўся за станаўленне нашай прамысловасці.
Выбіраецца Канстанцін Міхайлавіч у ЦК, нікога не папярэджваючы.
Такое права яму даў Мікалай Сямёнавіч:
— Заходзьце ў любы час. Калі што непакоіць, хай сабе самае малое, не трымайце пры сабе — расказвайце.
Летам 1953 года М.С. Патолічаў меўся ад’язджаць у Маскву на іншую работу. Адбыўся Пленум ЦК КП Беларусі.
Канстанцін Міхайлавіч, ён расказваў пра гэта крыху пазней, гаварыў там, як развіваць мову і культуру, рабіў прапановы ў гэтым кірунку. Скончыўшы прамову, не мог стрываць душэўнага парывання, пайшоў цераз увесь прэзідыум да Мікалая Сямёнавіча, паціснуў руку і падзякаваў яму за ўсё добрае, што ён зрабіў для рэспублікі. Пленум пачаў апладзіраваць, і ад’езд Мікалая Сямёнавіча быў адкладзены.