Кніга не скончана
«Твая кніга — не дапісана, не палохайся, гэта яе перавага. Адно ты яшчэ ўспомніш і дапішаш сам, тое пра Коласа, аб чым хацелася б ведаць больш, у цябе выпатрабуюць, прымусяць дадаць чытачы, яны ж раскрыюць і невядомае табе самому. Такога парадку лісты можна будзе проста далучыць да новых выданняў».
Гэтак адгукнуўся на аповесць мой сябар, рускі пісьменнік. Ён першы прыслаў некалькі невядомых выказванняў Я. Коласа. Следам пайшлі лісты ад чытачоў, з пажаданнямі, з пераказам уражанняў аб сустрэчах.
Прыгадак сваіх і чужых прыбывала, а я ўсё не мог пачаць новыя раздзелы: вельмі блізка і горка абзывалася расстанне з Коласам, расказваць пра яго апошнія дні яшчэ не ставала змогі.
Толькі ў нядаўні, юбілейны год удалося вывесці на паперу крыху з таго, што захавалася ў накідах і нататках і не выветрае з памяці.
Так у кнізе з’явіліся новыя старонкі. А з часам, можа і яшчэ што знойдзецца для друку.
«На шляхах волі»
Творчая гісторыя. Паручык Дзяжа і яго каханне. Новае ў манеры Коласа. Як аўтар думаў закончыць твор?
Гэта была яго апошняя вясна. Ставала задум і намераў, а рука ўжо не бралася за новае: хто яго ведае, ці давядзецца скончыць. Рупіла выдаць «Казкі жыцця», спарадкаваць публіцыстыку і, можа паспеецца, давесці да ладу паэму «На шляхах волі».
Ва ўзбярэжнай хаціне, у добрым спакоі паслянавальнічнага возера, разам перагледзелі рукапісы і злажылі ў кнігу артыкулы.
Пагаварылі пра «Казкі жыцця». Цяпер перавыданне кнігі стала на цвёрды грунт, заставалася перачытаць рукапіс пасля машынкі і — у выдавецтва. Праўда, не абышлося без непаразумення, аб ім Колас расказваў доўга і смешна. Але пра гэта скажацца пазней.
I яшчэ гаворка адбылася на Нарачы. Шкада, не вельмі працяглая, — ён амаль не заставаўся адзін. Усе ведалі, што прыехаў на дзень-два, і кожнаму з тамтэйшых насельнікаў хацелася як найлепей і сардэчней прывеціць госця.
Аднак гаворка тая нібы завяршыла цыкл некалькіх папярэдніх, калі пакрысе высвятлялася, як пісалася паэма «На шляхах волі». Чатыры дзесяцігоддзі адна работа змяняла другую, а гэта ўсё не выкіроўвалася на апошнюю кропку.
Аўтар, зазвычай акуратны і настойлівы ў завяршэнні пачатых работ, на гэты раз задавольваўся публікацыяй рэчы па кавалках — колькі напішацца.
Пакуль так марудна ішло друкаванне, стражнікі павялі пад канвоем Лабановіча («У глыбі Палесся»), пайшоў блукаць па свеце «Адшчапенец», узяўся за стрэльбу дзед Талаш («Дрыгва»). Што ж, такая гвардыя магла і засланіць сціплую постаць прапаршчыка Дзяжы, галоўнага героя паэмы.
Ваенныя і пасляваенныя гады шчыравалі не менш: «Суд у лесе», «Адплата», «Рыбакова хата». Падзеі твораў, іх героі, перахваляваўшы Коласа, набылі тую ці іншую форму і адступіліся ад ягонага ўяўлення.
Пісьменнікаў стол папрастарнеў, тым часам паэма не зрушвалася з месца. Толькі пасля заканчэння апошняй кнігі «На ростанях» пачала пракідацца ў размовах і гэта рэч.
I вось чаму.
З трылогіі ў паэму вілася нітка: героі ад першай рускай рэвалюцыі ішлі праз вайну ў Кастрычнік. Раскрыўся нячэпаны пяром этап у біяграфіі беларускай інтэлігенцыі.
Значыць, клопату пра такі твор у Коласа не магло не быць. Але, як на тое, пасля вайны не захавалася ў яго ні чарнавікоў, ні машынапісу, нават нумароў часопіса, дзе друкаваўся твор, не было. Так-сяк сабралі: перапісалі, што ўдалося, у бібліятэках, набылі некалькі сшыткаў «Полымя» з прыватных рук.
Канстанцін Міхайлавіч перачытаў усё знойдзенае і ўзяўся крэсліць. Пазначыў перш, што яго найбольш не задавальняла, дзе-нідзе і паправіў, проста з ходу.
А работа ўсё роўна не пайшла! Паміж аднаўленнем, дакладней сказаць, напісаннем двух апошніх раздзелаў зноў мінае амаль год.
Улічым: тры чвэрці стагоддзя на плячах, баляць і кепска трымаюць асадку пальцы, надаедна трывожыць высокі ціск. I ўсё ж нястомны Колас застаецца нястомным: прапускае праз аслабленае сэрца, пераварочвае хворымі рукамі безліч работы. Яго руплівая натура не магла трываць, калі што-небудзь, нават дробнае, павісала ў недаробленасці. I раптам — такая затрымка! Буйны па задуме, дый паспеўшы моцна разрасціся — дзевяць тысяч радкоў з гакам! — твор не можа сабрацца ў цэласць, каб нарэшце паразвязваліся вузлы дарог і чалавечых лёсаў.
Ці толькі страта напісанага раней, як растлумачыў аўтар[22], чыніла перашкоды росту думкі і пераходу яе ў слова? Відаць, заміналі і другія «важкія прычыны». Быў жа час, калі перад вачыма ён меў усе чыста матэрыялы, а цікавасць да работы нібы тлела пад прыскам, пакуль задоўга да вайны не пагасла зусім і не абуджалася яшчэ чатырнаццаць гадоў. Словам, Колас не дакранаўся да паэмы ні больш ні менш як два дзесяцігоддзі.