Выбрать главу

Паэма была заяўлена амаль следам за «Новаю зямлёю» і «Сымонам-музыкам». I ўсе кінуліся шукаць у ёй не меншай раскошы ў малюнках прыроды, мяккага гумару, сціплага глыбіннага пачуцця.

— Твор атрымліваўся скупейшы за тыя, — пашырае думку Колас. — Другая ў яго была задача. I час я збіраўся ахапіць адменны. Гэта вымагала іншай абстаноўкі. Ды было не цыркаць па кроплі. Хіба што вельмі цярплівы ахвотнік да паэзіі мог гэта вытрымаць. Прачытай кавалачак у снежні і чакай да наступнага снежня, дый то калі аўтар зробіць ласку разрадзіцца… Адкуль жа таму чытачу здагадацца, што і як задумана? Вось і нашкодзіў: і сабе і твору.

— Але ж «Новую зямлю» і «Сымона» вы таксама доўга пісалі…

— Скажы лепей — доўга не пісаў. Затое, як узяўся, дык раздзел за раздзелам… Быццам арэхі лузаў. А тут неяк не ўсё ахоплівалася вокам. Схопішся, бывала, — нечага не ўлічыў, ды позна — надрукавана. Вось і кланяйся чытачу: выбачайце, шаноўны! Вам давялося спачатку чытаць другі раздзел, а потым першы, ды, ведаеце, і дванаццаты раздзельчык напісаўся пасля шаснаццатага. Рабіў-рабіў я дапіскі на хаду, думаў — распішуся, і ўсё стане на цвёрды грунт…[23]

Між брывей у Канстанціна Міхайлавіча збіраецца зморшчка. I ўсё ж — нічога не даруе сабе, нічога не забывае: менавіта такія накладкі былі ў палымянскай публікацыі.

— Відаць, ператаміўся на ранейшых вялікіх работах. Пачаў пісаць не вельмі гатовы. Не быў пэўны, што якраз пра гэтыя падзеі, пра грамадзянскую, мне трэба гаварыць. Вось і не клеілася. Маё пісанне не станавілася наперад іншага клопату і таму бясконца адкладалася.

Канстанцін Міхайлавіч гаворыць яшчэ павольней, сказы карацеюць, большаюць паўзы.

— Так і завёўся халадок… Да твора… Ва мне самім…

Невясёлая ўсмешка ўзнікае на момант і зараз жа сціраецца…

— Ды яшчэ: не тое ўпісаў у пашпарт свайму Барысу. Такія прозвішчы толькі Цішка Гартны вышукваў на Капыльшчыне. Дый то не заўсёды мог да месца падагнаць, а ў мяне зусім недарэчы выйшла: Дзяжа! Каб гэта гумарыстычны твор быў, тады насі здароў, браце, і такое прозвішча. I ў гераіні імя не надта для вершаў: Насця — шчасце — напасці — адно што рыфмаваць лёгка.

Колас загінае на пальцах яшчэ некалькі сугуччаў. З жартам, мусіць, лягчэй вымавіць непрыемнае, можа, самае цяжкое.

— Пачала мяне тачыць здрадная думка: памыліўся ў жанры. Было пісаць у прозе, малы разгон у вершаваным радку. Зірну наперад: не магу пераступіць цераз Лабановіча: ён жа застаўся на раздарожжы, дык, можа, сам у Кастрычнік датупае? Тады нашто Дзяжу весці? А як прыкіну, колькі трэба пастарацца каля напісанага, душа вяне. Ці раз намерваўся, — збяру, думаю, усе цыдулы ды ў грубку, балазе ў нашым доме добра ў печах цягнула. Потым — сам сябе за руку: от жа мне Гогаль знайшоўся! Пачата, дык пішы! А не можаш — прыпні каня да другога пня.

Канстанцін Міхайлавіч усё больш нервуецца, але адцягнуць яго ўвагу на іншае не ўдаецца.

— Ты, пэўна, лічыш — нагаворваю лішняга на сябе, на таго сябе, колішняга. Не! Калі адскочыў ад зямлі на корх, уважай — на цябе людзі глядзяць. Не ашукай іхніх вачэй. Вось так, пасля доўгіх згрызот, я вырашыў: дапішу, чаго б яно ні каштавала. Потым усім агрэхам рады дам. Шмат я рабіў тады на Вайсковым.

Канстанцін Міхайлавіч сядзіць, успёршы галаву на рукі і, здаецца, нічога не бачыць і не чуе. Вымавіў назву завулка, дзе жыў да вайны, і няйначай уявіў… Прытульны дом, ёмка паляцца печы, за стол збіраецца ўся непарушаная яшчэ сям’я. I хораша пішацца, спорна! Як было не выспець рашучасці падымаць сябе на новую работу.

Не звычайнае самалюбства, не боязь страціць нешта ў людскіх вачах будзіла яго на штодзённую працу — проста не ўмеў адступаць і адступацца ад таго, што думаў, ад таго, што пастанаўляў для сябе ці абяцаў каму іншаму.

Быў выпадак…

Колас любіў Дастаеўскага. I ўспамянуў пра яго ў холе гасцініцы перад даволі вялікім колам добра знаёмых. Успамянуў, а потым загаварыў, шырока і свабодна: першы пісьменнік свету, сэрца, адкрытае для народа, з верхам поўнае любові да чалавека, адданае сваёй бацькаўшчыне.

Чалавек пяць, у кім Колас бачыў здольнасць да самастойнай развагі, слухала не абзываючыся. I ён спыніўся ўражаны, зразумеў: яго думкі не адпавядалі тагачаснаму тону крытыкі. Як быць слухачам: падтрымаць Коласа ці спрачацца з ім?

Канстанцін Міхайлавіч акінуў усіх вачыма, невыразна прамовіў «Бывайце!» — і пайшоў па калідоры да сябе.

вернуться

23

У зборніку «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (Мн., 1980, с. 153–165) сцвярджаецца, нібыта Колас памыліўся ў датыроўцы пачатку работы над паэмай «На шляхах волі».

Тым часам у падборцы навагодніх выказванняў пра свае планы («Звязда», 1935) Колас зазначае: «Пісаць яе (паэму. — М.Л.) пачаў я зімою 1926 года». Тая ж дата паўторана і ў адным з лістоў (т. XIV, ліст 568).

Пачаўшы работу ў студзені 1926 г. (у лютым ужо з’явіўся ўрывак у газеце «Савецкая Беларусь»), пісьменнік меў усе падставы назваць гэту пару зімою. I няма дзіва, што другі раздзел цалкам быў апублікаваны ў сакавіцкай кніжцы «Полымя»: тады творы для чарговага нумара здаваліся за 10–15 дзён да выхаду часопіса, для Коласа гэты тэрмін мог быць яшчэ скарочаны.

Весткі ў «Звяздзе» падаваліся па свежай памяці, ад пачатку працы мінула менш чым дзесятак гадоў. Ён не мог пісаць паэму ў 1925 годзе, як зазначае хранікёрская нататка («Полымя», 1925, № 3), па тоне няпэўная («пачынае працаваць», у «Летапісе жыцця і творчасці» сказана дакладней — «намячае напісаць»). Прыкладна да мая 1925 года пісьменнік аднаўляў страчаны варыянт «Сымона-музыкі», пісаў «На прасторах жыцця» — аповесць разрасталася.

Такім чынам, за датыроўку 1926 годам гавораць: сцверджанне аўтара, факты яго творчай біяграфіі і пісьмо да асобы, на чыёй памяці нараджалася паэма.

Каб гэта было як след узважана, дык невыразнае паведамленне хронікі і ліст, напісаны ў канцы жыцця, пасля дзвюх цяжкіх хвароб, не былі б прыняты за падставы датаваць 1925 годам пачатак работы над паэмай «На шляхах волі» ў 12-ці і 14-томным зборы твораў.

Дзіўна заяўляць, нібыта «…наглядалася пэўная блытаніна адносна часу напісання І(?) раздзела, а значыць, і ўсёй (?) паэмы» («Пытанні тэксталогіі…», с. 156).

Дзе і ў каго блытаніна, пра што размова? Чаму «ўсёй» паэмы, калі аўтарскіх дат няма толькі пад двума пачатковымі раздзеламі?

Спачатку, у 1926 годзе, напісаўся і быў надрукаваны другі раздзел, пасля намеры ў пісьменніка змяніліся, і ў 1927 годзе з’явіўся раздзел, прызначаны адкрыць паэму, стаць першым. Тут, каб і хацеў, не заблытаешся!

Вось у т. XII апошняга збору твораў ёсць што ўдакладняць. Там сцвярджаецца, нібыта Я. Колас выступаў на юбілейнай сесіі Акадэміі навук і на XX з’ездзе КПБ. У сапраўднасці ж Я. Колас такіх прамоў не гаварыў. Няма знаць з якой прычыны, яго артыкул-прывітанне з’езду, надрукаваны ў газеце, тэкстолагі палічылі за выступленне. А на сесіі Акадэміі даклад Я. Коласа з прычыны хваробы яго агалашаў П. Глебка (т. XIII, ліст 500).

Артыкул «Трыццаць савецкіх год» упершыню апублікаваны не ў «Полымі», як надрукавана ў т. XII, а ў «Литературной газете» пад назвай «Моя Беларусь» (1949, № 1).