Выбрать главу

На пачатку работы гэта акалічнасць заставалася па-за ўвагай аўтара. Уладаючы шырокім дасведчаннем у пазнанні навакольнага, ён бачыў такім жа спрактыкаваным і героя. Бачанне не супадала с рэалізацыяй, але Колас лічыў, што тут справу можна паправіць.

Кінулася яму зараз у вочы і перагрузка любоўнай лініі: Дзяжа — Насця, Дзяжа — Галя, Чэх — Насця. За гэты кошт лепей пашырыць і ўзмацніць франтавыя малюнкі, эпізоды з салдатамі і афіцэрамі. Твор даваў падставы. Начное дзяжурства Дзяжы, шпіталь, паездка на Дон, тылавая муштра, зварот на фронт патыхаюць шырокім эпасам, пераносяць у тлум і паветра той пары. Па краіне шумуе нястрымны салдацкі паток:

Плыве саматугам, гарласты і прагны, Дарогамі і без дарог. Прастор адчыняе бяздонныя багны, Вялікі расійскі разлог.
Паток увальецца ў драўляныя хаты, Прастор застанецца, як быў: Раўнінны, гарысты, лясамі багаты[24], Дзе ж спыніцца грозны разліў?

Іншая зборня знайшла сабе прытулак на ціхім Доне:

Вядомы Савінкаў, Радзянка, Графы, бароны і князі, Падонкі рускае гразі, Патрыятычная трасянка Ад кулака і да паўпанка Шукала страчанай «стези».

Настройка на эпас была закладзена ў самым пачатку паэмы. На грунце народных узораў, перавышаючы ў паэтычнасці зробленае ім дагэтуль, Колас піша пра вайну:

Ходзіць ліха бязвокае, Ходзіць ліха бязвухае, Бязногае, бязрукае, А ўсё згледзіць, падслухае, У ваконца пастукае, Нішчыць поле шырокае, Сушыць мора глыбокае, На задворках галёкае.
Ходзіць ліха разлогамі, Ходзіць ліха узмежкамі…
Ліху дзверы адчынены, Ліха ўвойдзе праз шчыліны…

Вайна змусіла народ на вялікае ўзрушэнне. З болем і гневам ідзе з людзьмі паэт:

Ідуць, плывуць людскія хвалі Наперарэз адны другім. Няма канца, супыну ім, Іх шум глухі ўбіраюць далі…
З усіх краін Русі ярэмнай Ідуць без скарг яе сыны… Ідуць на глум, на здзек дарэмны… Карміць сабою бур’яны
I сеяць косці дзе папала, Карпаты кроўю паліваць, А на Стаходзе[25] класці гаць…

Чалавечыя хвалі зліваюцца, крыжуюцца, разбіваюцца адна аб адну:

Плывуць струмені і патокі З сялянскіх хат і гарадоў…
Жывуць сваім жыццём чыгункі, Людскія хвалі несучы… Ідзе Урал, Кубань і Церак… Народ з-пад Горадні, з-пад Вільні, Бядою ўзрушаны, журбой.

Не, ні на трохі не збяднела майстрава рука! Відаць, занадта сурова ставіцца Канстанцін Міхайлавіч да сябе зараз. Згусткі чалавечага болю выйшлі з ягонага сэрца і, ператварыўшыся ў карціны, кратаюць, хвалююць і ўражаюць нас. I зусім не скупіўся ён на фарбы, апісваючы прыроду. Толькі тут яна не гаманлівая і прыветлівая, як здавалася дзіцячым вачам сыноў лесніка, і не ўрачыста-загадкавая, як адчувалася малому Сымонку, — маўклівая, наскрозь працятая горам паўстае яна ў няспынным чалавечым руху на крывавыя загоны баёў.

У нейкі сум агорнут шлях, Глядзяць панура лес і горы, Паўночных рэчак вадазборы У цёмных пахмурных брыжах Ялін і піхт. Хаўтурным тонам Звініць акорд прастораў тых У ззянні іскраў залатых, Калі свой сноп, вянок чырвоны, Рассцеле сонца на разгоны Маўклівых далечаў пустых. Маркотна, сцішна і бязлюдна, I томіць гэты краявід…

Раней мы не сустракалі падобнага ў Коласа. Замілаванне красой і шчодрасць фарбаў саступаюць месца ашчаднасці таноў, стрыманасці і лаканічнасці. Дыхнуўшы бунінскім «Лістападам», аўтар не адкінуў сваіх ранейшых набыткаў. Зусім поруч узнікае малюнак залітай сонцам Украіны:

I роўнядзь ціхая палёў, I постаць стромкіх тапалёў, I, нібы ўсыпаныя жарам, Шляхі сланечнікаў пад ярам[26], I пасмы-віткі плецянёў, Дзе купы вішань і чарэшань, I між іх кучмы спелых сліў Вартуюць яблыкаў наліў — Бурштын з багрою перамешан!
вернуться

24

У поўныя зборы твораў 1962 і 1972 гг. (т. X, с. 409 і 404) відавочна перанесена памылка перапіскі ці першадруку: «Раўніны гарысты, лясамі багаты».

вернуться

25

Маецца на ўвазе ваенная аперацыя на рацэ Стаход з вялікімі ахвярамі. У поўных зборах твораў (т. X, с. 223 і 222) памылкова надрукавана: «А на стаходдзе…»

вернуться

26

Тут яр — схіл, а не назва мясцовасці, як надрукавана ў поўных зборах твораў (т. X, с. 228 і 227): «Ярам».