Ён прачытаў заключныя радкі знаёмага мне апошняга раздзела паэмы.
— Далей падганяць майго героя, мусіць, не трэба — там пачынаецца новая кніга. З Лабановічам мы датупалі да вайны амаль, з Барысам — да Кастрычніцкага перавалу. I хопіць. Я ўсё абдумаў, што і дзе падціснуць усярэдзіне. Ды рукі баляць, асадка не трымаецца, нават крэсліць не магу. Вось хіба як вернемся ў горад, тады завінёмся.
На агеньчык падыходзіў Танк.
— А што, Максім, як па-твойму? Кожны твор канчаецца на рубяжы свайго часу. Мінула эпоха, скончыўся і твор.
I здаволены, што Танк падтрымаў яго і падмацаваў прыкладамі думку, добра і хітравата прамовіў:
— Ну, гэта, вядома, тычыцца выдатных твораў.
Усе гэтыя намеры засталіся без здзяйснення…
Але расло жыта, смяяліся дзеці, час выслізгваў вастрыню страты: тое, што ўяўлялася немагчымым, рабілася цяжкім, цяжкое пакрысе станавілася горкім… I ўсё ж нельга было прымусіць сябе дакрануцца да папер і кніг, якія, здавалася, яшчэ таілі дотык рук паэта. Нарэшце, я ўзяўся — гэта быў абавязак, выкананне апошняга запавету — пачаў перачытваць «На шляхах волі».
Твор узнікаў і разгортваўся зусім іначай: мясціны, часам і асуджаныя аўтарам і безуважна абмінутыя чытачом, спынялі глыбінёй і прытоенай сілай, галоўнае ж — уся паэма раптам асвятлілася высокім прызначэннем, якое даў ёй Колас, перад тым як выправіцца ў творчую вандроўку:
Радзіма адшуквае пуцявіны ў Кастрычнік і яшчэ далей — у заўтрашні свет чалавецтва, аб гэтым аўтар сказаў пазней больш выразна.
Тэма і задача як былі цвёрда пастаўлены, так няўхільна і ажыццяўляліся. Гэта ўжо стала зусім ясна. Заадно вывіднела, куды хілілася думка аўтара, што твор жыве ў пэўным гістарычным абсягу, у пэўных межах прасторы і часу: скончыўся час, дзіцем і творцам якому даводзіцца герой, канчай, нечага, і твор, больш нічога адтуль не ўскураеш. Гэта меркаванне фактычна сцвярджала фінал паэмы ў цяперашнім яго выглядзе.
Думка для Коласа не новая. Узнікла яна, відаць, не толькі пад час апошніх размоў пра паэму, а яшчэ ў 1935 годзе, калі надрукаваў раздзелы «На ціхім Доне» і «Зноў у тылу»[27]. Тэма і задача былі як быццам вычарпаны. Не ставала нейкага заключнага штрыха.
Пошукі расцягнуліся аж на два гады. Толькі 14 і 18 красавіка 1937 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’яўляюцца два ўрыўкі: санеты, пазней аб’яднаныя ў зборніку «Мой дом» пад назвай «Наперад», і «Ленін».
Калі прачытаць гэтыя рэчы непасрэдна за XXVI, апошнім даваенным раздзелам, зробіцца відавочным, што гэта варыянт фіналу паэмы, калі не сказаць — фінал.
Праз усе тры санеты праходзіць зварот да вандроўніка, чытай — Барыса Дзяжы, заклік пазнаць праўду ў змроку, пакаштаваць радасць дабра і перамог, выйсці на прасторы жыцця, нарэшце, адчуць жаданне мець «новую радзіму» — камуністычны свет, аб ім менавіта гаварыў Колас у першых радках свае паэмы.
Герой падводзіцца ўсутыч да тварца гэтага свету,
Наступны ўрывак называе яго імя — Ленін. Уласна кажучы, і не ўрывак, а закончаны раздзел, дзе лаканічна і тым больш уражаюча расказана, як Ленін з промня, які каляраваўся вясёлкай у жыцці пад няволяй, з асілка, чыйго прыходу людзі чакалі многія гады, стаў духам непакорнага народу, яго надзеяй і любоўю. Агульны змест і асабліва афарыстычнасць апошніх радкоў пра Леніна, які «час крутога павароту на сцягах піша баявых», амаль не пакідаюць сумнявання, што і санеты і згаданая замалёўка, калі не ставіліся ў якасці фіналу ў паэму, дык у кожным разе прымяраліся для гэтай мэты і могуць завершваць твор. Не перашкода таму публікацыя санетаў як самастойных вершаў, некаторыя лірычныя адступленні з «Адплаты» друкаваліся тым самым парадкам. Пад час канчатковага парадкавання паэмы яны, як і ўрывак пра Леніна, маглі знайсці сваё месца, але апошняя публікацыя была не расшукана, Колас не меў яе і не мог улічыць. Тым часам дамагаўся, казаў, што ў яго было больш напісана і надрукавана — вельмі важнае; цяпер мы ведаем, аб чым яму думалася.
Пры новым перачытванні паэмы высветлілася яшчэ адно: замнога патрабаваў ад сябе аўтар, зашырокія стаўляў сабе ён вымаганні. Не такое ўжо няўклюднае, як яму здавалася, прозвішча ў героя; стылістычныя агрэхі хутчэй характарызуюць стан мовы, чым аўтарскі недагляд; а празаізмы, прызвычаеныя звароты з газет і непаэтычных кніг — не вялікая бяда ў эпічным творы. Асабліва калі яны суседзяць з сакаўным гумарам і цудоўнымі ўзорамі лірыкі: «Гаварыла вольха-маці», «Як пад коўдрай снегавою» і многімі іншымі, да іх мы звярталіся вышэй.
27
У заўвагах да т. X на с. 620 і 610 так названы раздзел XXIV, хоць сапраўдная яго назва — «На ростані».