Выбрать главу

I, вядома ж, не было памылкі ў жанры. Колас-эпік і тут выяўляе магутную сілу свае здольнасці. Людзі, якія дагэтуль не паказваліся і не абзываліся ў яго творах, абставіны, у якіх гэтыя людзі дзейнічаюць, дух часу, свежы вецер Кастрычніка не могуць не хваляваць і не цікавіць сягонняшняга чытача.

I, на маю думку, гэты чытач прыйдзе да тых жа высноў, успрымаючы паэму як твор арыгінальны, глыбокі і завершаны.

«Казкі жыцця»

Як яны пісаліся і правіліся. Знікненне рукапісу. Запавет у лісце.

«Казкі жыцця» — гэта кніга была яго заўсёдная рупасць.

— Тут не магу паставіць кропку. Дый, відаць, і не пастаўлю, — гаварыў Канстанцін Міхайлавіч не раз і не мне аднаму.

Так яно і было. Пракінуўшыся па самым золку літаратурнай работы, алегарычныя навелы пісаліся і паляпшаліся да апошніх дзён жыцця. Хоць даўно мінула патрэба ў іншасказаннях і сімвалах, каб завесіць думку больш-менш празрыстым вэлюмам. А як жа іначай было сказаць, што чалавека не пускалі ў чалавечы свет, змушалі занядбаць сваё імя, забыць, з чыйго плоду, з якой глебы ідзе яго карэнне.

Будучы, у большасці сваёй, напісаны да выпадку і несучы ў сабе зерне сапраўдных жыццёвых праяў, Коласавы казкі з бегам часу трацілі надзённую вастрыню сцвярджэння або асуджэння. Затое прыбывалі ў красе і сіле, як і ўсе казкі, легенды, паданні, складальнікам якіх называюць народ, ператвараліся са смалы-жывіцы ў бурштын мудрасці і філасофскага абагульнення і такім чынам рабіліся блізкімі не толькі той зямлі, адкуль былі родам, а ішлі ва ўселюдскі абыходак.

Гэты зборнік, як быццам разасоблены тэматычна, раскіданы па часе, па прасторы, у сапраўднасці — наўздзіў цэльная кніга. Яна знітавана сілай унутранага счаплення, што вынікае з падабенства накіраванасці і сацыяльных задач асобных апавяданняў, змацавана нязменным прыёмам — алегорыя — і стылявым адзінствам. Шматлікія дадаткі розных год, пашыраючы далягляды і тэматыку, не парушылі цэласнасці і сабранасці кнігі.

Можа, праз гэта самае, што здаецца цяпер іх бясспрэчнай вартасцю, «Казкі жыцця» ў розныя часы сустракалі не адной прыхільнасці водгукі і амаль палярныя ацэнкі. Аднак адносіны аўтара не пахіснуліся: ён любіў сваю кнігу і снаваў яе тканіну далей, папаўняючы новымі навеламі, і ніяк нельга сцвярджаць, нібыта «Я. Колас лічыў іх („Казкі жыцця“) адзіным творам»; напэўна, каментатары ўжылі недакладнае слова[28].

Тым часам пасляваенны чытач не ведаў усіх «Казак» у зборы. Разрабаваныя і папаленыя акупантамі бібліятэкі, аднаўляючыся, не маглі здабыць кнігу ў свае фонды, нават для аўтара расшукалі ў другой рэспубліцы. Да перавыдання таксама не даходзілі рукі і, чаго таіцца, не дазвалялі пасляваенныя выдавецкія магчымасці: у першую чаргу хацелася перавыдаць тамы вершаў, паэм і аповесцей Коласа.

Так і далéжалі «Казкі» да падрыхтоўкі збору твораў 1952 года, але не трапілі і туды. Для трэцяга тома — апавяданні — матэрыялу назбіралася больш, чым дазваляў аб’ём. Перад Коласам ляжала напісанае амаль за 35 гадоў. Паспрабуй адбіраць, калі да большасці рэчаў пасля напісання не дакраналася пяро, а некаторыя былі зусім страчаны з вачэй.

Канстанцін Міхайлавіч узяўся рэдагаваць, не мінаючы нічога.

— Выправіцца ўсё як належыць, тады будзе відно, што кладзецца ў том або не дацягвае.

Скончыў работу, а лягчэй не стала: каторую палавіну прагледжаных і папраўленых аркушаў пакінуць для друку?

Без вагання былі адкладзены ўбок рэчы фельетоннага парадку: «Трыумф», «Трагізм», «Драматург і лірычны паэт».

— Гэта ўсё — на потым, паспеецца, — казаў Канстанцін Міхайлавіч. — А можа, наогул ім трэба іншага месца пашукаць, да артыкулаў далучыць, ці што…

Следам пайшлі замалёўкі. «У тыле Дзянікіна» ён палічыў эпізодам для апавядання, а над «Старым канакрадам» задумаўся.

— Гэты дзядзька, здаецца, спатрэбіцца. Пойдзе ў трылогію, калі Лабановіча асудзяць.

Сапраўды, у заключных раздзелах «На ростанях» дзейнічае Касперыч. Канакрад, а сядзіць у адной камеры з палітычнымі, бо… і асуджаны па аднолькавых з імі артыкулах. Ідучы красці коней, ён напіхаў за пазуху пракламацый, ведаючы, што за іх якраз і схопіцца паліцыя, пачне дзьмуць палітычную справу.

Злодзею гэта і трэба было: заместа катаргі, паложанай за канакрадства, ён атрымліваў зняволенне ў крэпасці, да таго ж на карацейшы тэрмін.

вернуться

28

Збор твораў, т. 5, 1968, с. 677.