Зрэшты, што ж пра гэта! Уважлівы чытач, маючы каментарый, без намагання зробіць выбар у карысць больш дакладных, лагічных, мацнейшых у мастацкім сэнсе варыянтаў. Праўда, каментарый атрымаўся складаны, калі не сказаць — заблытаны і шматступянёвы, з рымскімі лічбамі.
Можна не сумнявацца, што тэксталагічная работа ў нас уздымецца да ўзроўню навуковага, абапрэцца на шырэйшую практыку выдання поўных збораў, тады будзе выбраны і выдадзены найбольш удалы, ухвалены аўтарам тэкст «Казак жыцця». Цяпер жа мы вымушаны ўзнаўляць і складаць яго самі, кожную хвіліну адрываючыся ад старонкі, каб зазірнуць у заўвагі, у самы канец таўшчэразнага тома.
Пакуль што ў дванаццацітомніку не ўдалося падаць як належыць нават тыя навелы, друкаванне якіх не вымагала карпатлівай работы з некалькімі рукапісамі, — перад вачыма былі першадрукі. Зверым «Залаты прамень» паводле часопіса «Узвышша» (1927, № 5, с. 97–100).
Колас прысвяціў казку вялікаму святу: «Да дзесятае гадавіны Кастрычніка». Дзе падзелася гэта прысвячэнне, цікавае і важнае для чытача і даследчыка?
У часопісе чытаем: «Калі ж малая зорка захоча стаць вялікаю, я палю яе пякучым агнём, а бліскучы след ад яе, што блісне на адзін толькі міг, ёсць знак мае кары» (с. 99). У томе: «Калі малая зорка захоча стаць вялікаю, я налью яе пякучым агнём…» (т. V, с. 532)[29].
Страціў сэнс і другі сказ: «Гэтая радасць снавалася і ў тонкарунных хмарках…» (с. 99), бо ў томе надрукавана «стваралася» (с. 533).
I так далей. Замест «Доўгія вякі блукаў ён у міжпланетных прасторах…» (с. 99) атрымалася зноў бяссэнсіца: «Даўгія вякі блукаў ён між планетных прастораў…» (с. 532-3) «неасяжныя прасторы» (у сэнсе — неабсяжныя) ператварыліся ў «недасяжныя», «галовы» ў «голавы» і г. д.
Колас высмейваў сваё прызвычаенне пісаць не «комін», а «коміна», па-мікалаеўску, але адвыкнуць не мог — пісаў зноў і выпраўляў услед. У томе чамусьці спатрэбілася аднавіць гэта напісанне, увесці «коміну» ў норму. Як быццам у цяперашніх публікацыях хто-небудзь адважыцца паўтараць «пожалуста» і «выграл», хоць менавіта так пісаў Чэхаў з маленства і ў сталым веку[30].
Пералічваць пахібы выдання, хоць бы яны і самі кідаліся ў вочы, аспрэчваць хісткія крытэрыі ўстанаўлення «кананічных тэкстаў» адабрала б лішні час і месца, дый не мая гэта задача.
Што сказалася, сказалася да слова, бо зноў успомніўся не раз прыгадваны тут апошні Коласаў ліст. Яшчэ адзін наказ расчытаў я ў яго радках, толькі многа пазней: кніга будзе выдавацца аж «налета», можа, я ўжо не здолею паклапаціцца пра яе, дык не забудзься…
Вось, уласна кажучы, дзеля чаго і напісаны гэтыя радкі.
Хочацца звярнуць увагу на ўцешныя захады ў публікацыях.
Апошні раздзел у другім томе выдання 1962 і асабліва 1972 года складаюць творы, дасюль невядомыя чытачу, — пераважна: прысвячэнні, жарты, экспромты — з архіваў паэта і прыватных збораў. Адкрываецца новая магчымасць меркаваць пра адносіны пісьменніка з людзьмі, пра літаратурнае асяроддзе, дазнацца тое-сёе з асабістага жыцця.
Тут перад усім прыцягвае Коласава ўсмешка, што, асвятліўшы яго маладыя радкі, не пагасла за астрожнымі кратамі, не згубілася на доўгіх і няроўных дарогах.
Найбольш цікавае, на маю думку, з аддадзеных у агульны ўжытак здабыткаў — лірыка, яна, як відаць, здавалася паэту надмерна асабістай і таму была замкнута ў шуфлядах стала.
Такога Коласа, якім паказваецца ён з гэтых вершаў, мы ведаем мала. Поруч з добра знаёмай па мудрасці развагай пра свет, пра нетрываласць чалавецкага існавання ў ім то тут, то там абзываецца зусім маладое ўзрушэнне сэрца. Нешта падобнае да таго, што было назначылася ў лірыцы пісьменніка 20-х гадоў і — яшчэ раней — у вершах з той страчанай кніжачкі, куды запісваліся радкі аб толькі-толькі прыведзенай з-пад вянца сяброўцы жыцця, але хаваліся нават ад яе: здавалася нясціплым вынесці пачуццё на людскія вочы.
Хаваліся і гэтыя радкі, і па тых самых прычынах.
Мне давялося быць першым, дакладней — другім пасля адрасаткі, чытачом новага любоўнага сшытка. Пачаты ваеннай парой у Ташкенце, гэты сшытак па звароце паэта дадому не прыбавіўся ў колькасці старонак, хоць і застаўся ў тых самых руках.
Адрасатка — чарнявая, невысокая, тугое паставы кабета, не так удалага крою, як моцнага шытва, здалося мне, не абдарвала абаяльнасцю, што хіне да сябе з першага позірку. Не тое, відаць, бачылася ў свой час складальніку сшытка, бо адкуль узялося б тады натхненне!
Але мінуў час, следам знікла і зачараванне. Дый не ўзбекскае неба сінела зараз у шыбах, над вуліцай імглілася парнасць маскоўскага лета, а перад намі сядзела знябытая, нялёгкага жыцця жанчына, ужо адлучаная ад паэта і яго першага прысвячэння не сталом, а прорвай у добры дзесятак гадоў.