Чытаў без акуляраў, нягучным, але выразным, крыху глухаватым голасам, без вар’іравання інтанацыі, без пафасу і жэстыкуляцыі, яго добра чуў кожны прысутны ў зале».
Як бачым, слоўны партрэт мала чым адрозніваецца ад прыведзенага ў першым выданні «Сымона-музыкі», ад абвыклага вобліку паэта, якім мы бачылі яго ў сярэдзіне 20-х гадоў.
…Пакінем Якуба Коласа дачытваць сваю паэму раснянскім жыхарам і крыху паразважаем.
Некалі я быў асмеліўся назваць подзвігам агромністыя фізічныя і духоўныя высілкі Якуба Коласа, іх стала б на добрую сотню рук і душ. Думаю і зараз: подзвіг — і няйначай, больш справядліва не скажаш. Але, уважаючы на непрыхільнасць Канстанціна Міхайлавіча да гучнасці і напышлівасці, паспрабуем адшукаць больш сціплае азначэнне.
Колас — узор сапраўднага народнага чалавека ў жыцці і ў літаратуры. Па абавязку сумлення і розуму, па абавязку сына народа ён збіраў, занатоўваў, крышталізаваў лепшыя памкненні, пачуцці, спадзяванні, філасофскую сутнасць, працоўную вогнетрываласць нацыі. Усе сілы яе, што доўга кіпелі, як магма пад земнай карою, і вырваўшыся з рэвалюцыйным выбухам, патрабавалі дасканалых формаў, каб ісці ў свет і быць прынятымі ў ім, як кажуць, на роўных.
Купалу і Коласу давялося стаць адкрывальнікамі таленту беларускага народа ў працы, у барацьбе, у песні і сцвердзіць гэта праз дзве эпохі: паднявольную, несправядлівую, горкую і праз новую, на якую пасвяціў стваральны промень Кастрычніка. Адбылося ўзаемазліццё талентаў: уласна народнага, закладзенага ў працоўных гушчах, і асабістага, паэтычнага, якім былі надзелены народныя песняры. Аналогіі і падабенстваў не так шмат, — першым вымаўляецца імя Шаўчэнкі.
Навочна і адчувальна такое зліццё, відаць, і адбывалася той вясновай ноччу ў Расне. Пачаўшыся каля поўначы, гэта сустрэча цягнулася амаль да трох гадзін ночы. У гарачыні, у сціску ніхто не паварушыўся, не загаварыў з суседам, не рыпнуў дзвярыма. А каб стала ў Коласа змогі чытаць больш, слухалі б яшчэ і яшчэ.
I вось што прыкмеціў тагачасны слухач[31]:
«Быў ён занадта сур’ёзны, быццам чымсьці заклапочаны, нездаволены і нават сярдзіты. А можа, мне так здалося? Але я тады ж адзначыў і гэта добра запомніў, што на працягу ўсяго чытання не было ні ўсмешкі, ні жарту».
Так, падстаў для нездавальнення ў Якуба Коласа ставала. Сабою, творам, дзе не ўсё ўдавалася, як хацеў. Ён правяраў зараз «у глыбінцы» на шырокім слухачы, ці ўсё зразумела, ці даходзяць думкі, ці хвалюе лёс героя. Мог жа ён чытаць тут і з большым поспехам, з шумнымі воплескамі «Новую зямлю». Але не зрабіў, унутраны голас падказаў яму вынесці на тутэйшы суд твор пра разняволенне творчага лёсу і духу, пра тое, што ўжо назаўсёды збіты кайданы з душы народнага таленту.
Назаўтра, перад тым як ехаць на станцыю Цёмны Лес, для чаго школьны вартаўнік запрог у сані канячку, Колас зайшоў развітацца ў настаўніцкую і зірнуў з акна ў бок вёсак Нямеркі, Заполле і Вярбоўка.
— Не можа быць, каб Расняншчына, багатая такімі краявідамі, не дала паэтаў.
Гэта быў працяг думак пра свайго Сымонку і пра адужэлых Сымонаў, гадаванцаў новай пары.
Колас не памыліўся. Упадабаная ім Калініншчына падняла Куляшова, Астапенку, Таўбіна, вучоных-акадэмікаў, ваенных і грамадскіх дзеячаў. У тым жа годзе Колас пабыў у сялян вёскі Шыркі, прысутнічаў на адкрыцці Горацкай акадэміі, гасцяваў у Мсціслаўскім педтэхнікуме.
Вось і амаль увесь год песняра: тое, што ўдалося ўбачыць воку і збольшага асэнсаваць.
Час папоўніць гэтыя весткі. А на працоўны рахунак паэта трэба дадаць пачатак новай аповесці. Настаўнік Андрэй Лабановіч зноў ажыў перад вачыма Коласа. Чатыры раздзелы аповесці «У палескай глушы» пайшлі да чытача з першым нумарам часопіса «Асвета» за 1926 год. Калі ж яны былі напісаны? Ды няйначай у тым самым 1925-м.
Колас працаваў!
Настойліва, дзень пры дні.
Пашыраў фарватэр, па якім павінен быў выплысці на бязмежную хвалю карабель беларускай літаратуры.
А ганарар за адно з выданняў шматпакутнага «Сымона-музыкі» перадаў Мінскаму дзіцячаму дому.
— Розум жывёліны? — Канстанцін Міхайлавіч гаворыць павольна, значыць, разважае. — Па-мойму, гэта катэгорыя — няпэўная.
Мы некалі размаўлялі пра такія справы, і зараз ён пашырае ўжо чутае мною: тыя сальта, што вырабляюць вучаныя сабачкі ў цырку, нават большыя жывёлы, коні і тыгры, відаць, усё гэта не ад розуму. Ёсць некаторая доля прымусу — кіёк з вострым канцом, прысутнічае і заахвочванне — кавалачак цукру або мяса ці рыбы пасля выканання нумара.