Выбрать главу

Канстанцін Міхайлавіч крыху памеркаваў.

— Відаць, яшчэ раней трэба было брацца за патапленне. Каб дзед расказаў пра яго, калі пачуўся стук тапара ў парку. Тады ўспамін аб даўняй помсце панам перагукваўся б з новым насланнём на іх. I Сымон меў бы болей падставы прарочыць: «Гора будзе твайму дому».

Ён некаторы час маўчыць. Нялёгка расставацца з ужо гатовым, вынашаным. Але патрабавальнасць мастака бярэ верх.

— Усё ж такі не трэба. Цяжкасць не ў тым, куды паставіць паданне. Яно самастойнае, патрабуе разгорнутага расказу. Пачнеш скарачаць — будзе невыразна. А раскажы падрабязна — будзе затрымка. Так што забудзем покі што Паненскае возера. Калі яно сапраўды спатрэбіцца, дык успомніцца і цвёрда стане на месца.

— Сягоння зноў гасціў я ў юнацтве, — сустрэў мяне праз некалькі дзён Канстанцін Міхайлавіч, — Мала і глуха напісаў я пра Нясвіж, пра настаўніцкую семінарыю. Малюнкі таго жыцця ўсё часцей наведваюць мяне…

— За рыначным пляцам у Нясвіжы стаялі таполі. Яны як бы адгароджвалі семінарыю ад горада. Гэта ў пэўнай меры пасавала да характару яе. Жылі мы адарваныя ад свету, ледзь не пад замком.

«Каб хутчэй як вырвацца з гэтага чортавага калегіума!» — пад злую руку гаварылі мы. I, відаць, нездарма. Многае ў нашым выхаванні супадала з прыёмамі колішняй езуіцкай школы. У Нясвіжы брацці-езуіты доўга такі калечылі маладыя душы. Нешта падобнае рабілася з намі. З другога боку — семінарыя з’яўлялася нібы продухавінай. Куды яшчэ маглі падацца сялянскія дзеці?

Быццам кроплі са страхі, прадзяўбала нам мазгі розная непатрэбшчына. Паспрабуй вось завучы такі кавалачак.

Канстанцін Міхайлавіч, пасмейваючыся, чытае на памяць:

«Засим вскоре должны были произойти состояния: господина, родителя, гражданина и право собственности. Все сие как полезное и необходимое для рода человеческого в теперешнем его состоянии без сомнения утверждено самим богом…»

— Забыўся далей. Пасля такой штукі самую складаную тэарэму глынеш, як пірог з макам. Я заўсёды адпачываў, калі браўся за фізіку ці геаметрыю. А то зубрыш-зубрыш, ачмурэеш, хоць на сцяну лезь. Тады выручаў Алесь Сянкевіч. Грымне сваім густым голасам, яго так і звалі — Бас: «Адчыняй дзверы з курнай хаты! Прасвяжы чарапы, божыя сабакі!» Гэта была каманда курыць. Мы смяяліся і ішлі выганяць туман дзяшоваю табакаю.

— Божыя сабакі? — Канстанцін Міхайлавіч адказвае на маё запытанне. — Папярэдніцай нашай семінарыі некаторым чынам была дамініканская школа[2]. У ёй, па-мойму, Сыракомля вучыўся.

— Так і мінала наша жыццё за заслонаю таполяў. Галоўны ўваход у семінарыю быў з плошчы. На дварэ змяшчаліся кватэры дырэктара і настаўнікаў і наш студэнцкі інтэрнат. Семінарыя мела два сады. Адзін пры самым вучэбным корпусе, а другі — насупраць інтэрната, цераз вулачку. Сад гэты быў абгароджаны мураванаю сцяною.

На свята іом-кіпур богабаязныя арандатары саду маліліся, каб адхіліць з’яўленне нячыстай сілы. Семінарысты, пагрукаўшы ў сцяну каламі, як тараном, ішлі на прыступ. Лезлі ў сад і ўчынялі рабунак. Адзін толькі К. навалакаў у інтэрнат цэлыя мяхі ігруш. Высыпле на падлогу: «Частуйцеся!»

— Апраналіся мы ў семінарыі проста. Не ведаю, ці можна назваць гэтую вопратку формаю. Нешта падобнае насілі і вучні каморніцкіх школ. Наверх — чорнае паліто. Шапка — чорная, аколыш сіняваты, на ім цэшка, з літарамі «УС» — «учительская семинария». Мы, праўда, расшыфроўвалі гэтыя літары іначай, непрыстойна.

Порткі таксама насілі чорныя, запраўлялі ў боты з напускам. А кашуля — з чырвонага паркалю, рускага крою. Так званая касаваротка.

Хто лепш вучыўся — залічалі на казённы кошт. Рублёў дваццаць з нечым прыпадала на нос у кожную чвэрць. За гэтыя грошы нас кармілі, адзявалі, куплялася папера.

Харчаваліся мы з агульнага катла. Нешта трапілася аднойчы такая паласа: якую страву ні паспытаеш — несалёная. Нехта адразу ж выдумаў, што гэта «пане каханку» ажыў і скупіў усю соль у Мінску, Слуцку і ў Нясвіжы. А мы засталіся з недасолам.

Канстанцін Міхайлавіч падрабязна пераказаў распаўсюджанае апавяданне пра Карла Радзівіла з яго ўлюбёным зваротам «пане каханку». Гэты князь, ахвотнік шырока пажыць і пакрасавацца багаццем, нібыта надумаўся ўлетку з форсам праехацца на санях.

Здабыць у гэты час снегу нават такому магнату не ставала кішэні, і дарогу ў замак густа пасыпалі соллю.

— Можа і праўда, — дадае Канстанцін Міхайлавіч. — Звалі ж дзе-нідзе шляхту «недасолкамі». За тое, што быццам іх продкі ў часе князевага праезду панаграбалі цішком у аброчныя торбы солі з-пад палазоў. Радзівіл угневаўся: «Што, панове, не маеце чым у гаршку пасаліць?» I загадаў нашуфляваць ім той солі поўныя брычкі, каб не было дзе сесці.

вернуться

2

Манахі-дамініканцы называлі сябе божымі сабакамі, ад лацінскага domines canis.