Выбрать главу

Як бы ў нечым крыху вінаваты, сядае, вось адказаў лёгкім паклонам на прывітанне Коласа і па-ранейшаму загаварыў з сваім ваенным суседам. А той правёў рукою па вачах, наліў два бакалы з коптурам і ўстаў:

— За здароўе і да дна!

— Мнагавата!

— А за тое, што — маладзец!

Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з вечара ўзрушаны, узяўся гартаць «Цёркіна» і цяпер рад павіншаваць свайго госця.

— За тое, што — маладзец! — паўтарае ён учарашнія словы.

— У першую чаргу за вас, Канстанцін Міхайлавіч, — у тон адказвае Твардоўскі. — За ўсіх малайцоў, што падняліся тут, у Беларусі. Я нядаўна чытаў вершы тых, каго ведаў раней, і многае — упершыню. Уражанне такое, як быццам увесь час дакранаешся да жыцця народа. I расказваецца дастойна.

Гэта — пра «Анталогію беларускай паэзіі». Па ўсім відаць, што рэдагаваў кнігу Твардоўскі не без задавальнення, хоць меў шмат клопату з адсевам тэкстаў.

— Хочацца, каб кніга служыла не адзін год, — дадае ён. — Магчыма, спіс аўтараў шыракаваты, але складалі вы самі…

— Магчыма, — згаджаецца Колас. — Але ж і ў жыцці цэлых краін усяляк здараецца. Адна старонка сто год жыве, а другая — не паспела напісацца, а ўжо не расчытаеш. Тут мы нічога не паправім.

— Дык што б вы параілі? — асцярожна запытаўся відавочна нязгодны Твардоўскі.

— Я не шукаю паслаблення, Аляксандр Трыфанавіч. Дый, мусіць, яно і не патрэбна. Уважыўшы нешта аднаму, можна ўсю літаратуру пакрыўдзіць. Я думаю пра маладых, — працягвае Канстанцін Міхайлавіч. — Напэўна, дзе хто з іх будзе слабой старонкай у нашай агульнай кнізе. А праз колькі год — выблісне.

— У маладых ёсць адна перавага: яны некалі самі сябе паправяць, — заўважае Твардоўскі. — Тут часам трэба і пахвала…

У той вечар яшчэ паспявалі песень. На беларускую, дзе расказваецца, як маладзіца будзіла «маладога абдымаючы, а старога ды штурхаючы», Твардоўскі адказаў падобнага зместу сваёю, відаць, улюбёнаю, дзе гаварылася, як старому клалі пад галаву трысцё.

Колас не можа наслухацца. Кожная народная песня яму дарагая. I не ў сольным ці харавым выкананні праслаўленых майстроў, а так проста за сталом, калі спевакі не вызначаюцца ні галасамі, ні слыхам, а вядуць мелодыю, як загадвае сэрца. Нездарма аднойчы ён на запытанне, што лепей уключыць у канцэрт на ягоным юбілеі, параіў: «Папрасіце маіх сяброў-пісьменнікаў, хай паспяваюць „Валачобную“».

Госці пачынаюць збірацца на вакзал, а Канстанцін Міхайлавіч і слухаць не хоча. Прапануе заснуць гадзінку і заўтра ў поўным складзе падацца ў Балачанку.

Твардоўскі расчулены, просіць адкласці беларускі лес на другі раз:

— Вы дапусцілі нас у сваё сэрца, Канстанцін Міхайлавіч, вось мы і пабылі ўсюды, дзе вам люба. Дазвольце развітацца. Вы — магутны на сваёй зямлі чалавек, але чыгуначнікі прывыклі трымацца рэек, і цягніка нам сюды не пададуць…

Назаўтра ў Балачанцы, седзячы на баравой паляне, Колас пачынае як бы сам сабе:

— Дзівак! Не паехаў сюды, а сам казаў — зямлі пакланіцца трэба. Пахадзіў бы па лесе, яшчэ б сілы прыбавілася. Як у былінных асілкаў. Ёсць, ёсць у яго ад гэтай пароды, і нямала.

Не трэба пытацца, пра каго гэта.

У гасцях у Канстанціна Міхайлавіча Твардоўскі і яго сябры расказвалі былі ваенных гадоў. I ўспомнілі адну, больш падобную да небыліцы.

…Стаяла восень 1944 года. Я дапазна затрымаўся ў рэдакцыі газеты «Звязда», здаваў апошні матэрыял на заўтра. У пакой зазірнуў дзяжурны па нумары.

— Прыехаў Твардоўскі, цябе пытае[3].

Гэта было неспадзявана, мы ніколі не сустракаліся, і раптам — «пытае». Але здзіўляцца асабліва не прыходзілася, ваенны час спрашчаў адносіны. У сакратарыяце высокі, русага воласу падпалкоўнік паціснуў руку і загаварыў, як з даўно знаёмым.

— Еду з фронту, вось ноч захапіла.

Гасцініцы ў горадзе яшчэ не было. Я жыў у маленькім пакойчыку, спаў амаль на голых дошках і, здаецца, без падушкі. Дзе прытуліць госця і, галоўнае, чым прыняць? Відаць, усё зразумеўшы, Твардоўскі спытаў:

— А можа, мы адшукалі б Аркадзя?

Я ўспомніў, дзе можна зараз пабачыць Куляшова. Якраз у той вечар нас абодвух запрашалі слухаць новую паэму. Я не мог трапіць туды на прызначаную гадзіну і запрапанаваў Твардоўскаму пад’ехаць разам.

— Вы думаеце, зручна?

Аднак іншага выхаду не было. У дом Аляксандр Трыфанавіч адразу не зайшоў, я выклікаў Куляшова, і яны ўдвух з гаспадаром кватэры запрасілі госця на агеньчык.

вернуться

3

Датычна сустрэч Коласа з Твардоўскім у Мінску. Аўтары ўспамінаў пра Аляксандра Трыфанавіча называюць розныя даты, і чытач можа збіцца з ладу. Па розных дадзеных устанаўліваецца першая сустрэча ў верасні 1944 г.