Выбрать главу

Тут жа, не даючы апомніцца, дыхнула навальніца, нагадаўшы пра пачатак нашэсця. «Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца», — чытаў роўна, не павышаючы голасу, паэт, а мы, усхваляваныя, сачылі, як па чарзе змяняюцца тоны і фарбы, святлее неба, лягчэй робіцца жыту, і пачынае яно пакрысе падымаць калоссе, сагрэтае ўзышоўшым сонцам.

Недзе далёка перагукнуўшыся з Янкам Купалам, у тым жа народным ключы, але зусім па-свойму, вырасла афарыстычнае выслоўе, простае і ад гэтага яшчэ больш моцнае:

Наперад і толькі наперад, — Ні кроку назад.

А словы вернасці радзіме і партыі злажыліся ў ёмкую лаканічную формулу:

Мы тым, браты, жывы і дужы I поўны бясстрашша, Што маем такое аружжа, Як партыя наша[4].

Колас даўно скончыў чытаць, а мы ўсё маўчалі, удзячныя яму за часіну чыстага і глыбокага перажывання.

У той вечар, вярнуўшыся ў Маскву, мы яшчэ няхутка развіталіся. То словам, то думкай радаваліся, што можам у кожную хвіліну папытацца рады ў Коласа, а то і проста, без патрэбы, падысці да яго, адчуць на сабе ягоны позірк.

Пра нешта падобнае ў адчуванні гаворыць і Канстанцін Міхайлавіч зараз, больш чым праз дзесяць год пасля сустрэчы ў Вузкім.

— Вы пайшлі тады, а мы з Марусяю — услед. Дапазна хадзілі па парку. I што кожны з вас гаварыў і як трымаўся — усё перабралі. I сышліся зрэшты на адным: вялікае гора — вайна, і яна ўмацавала ў людзей пачуццё сям’і. Нават далёкія людзі пачалі адзін у адным сваякоў адчуваць. Няўжо ж яно страціцца, з такою мукай і крывёй народжанае пачуццё? — гадалі мы з Марусяй. Выходзіць, нашы сумняванні мелі падставу. Магло зноў да вялікай бяды дайсці, каб…

Канстанцін Міхайлавіч на трохі змаўкае.

— Каб… не просты і мудры закон прыроды, якому падпарадкуюцца нават усеўладныя. А колькі мы яму паклонаў палажылі! I я… У той самай «Адплаце»…

Ён глыбока ўздыхае і задумваецца. Далейшыя словы тлумачаць аб чым. Аб Вузкім, аб той пары, калі не быў яшчэ адзін.

— Нябожчыца праўду думала. Марыя Дзмітраўна не любіла яго. Казала: у такіх людзей не ўгадаеш, дабро табе зробіць ці злое. Нездарма ў народзе пра нізенькіх асоб кажуць: палавіна на зямлі, а палавіна — пад зямлёю. Не даходзілі гэтыя Марусіны словы да майго сэрца. Толькі ў Ташкенце аднекуль узялася адна думка. Запомніў яе для аповесці.

Мы часамі лішняе ўтлумачваем самі сабе пра чалавека. А страціўшы крытычныя адносіны, надзяляем яго звышнатуральнымі рысамі, надаём уяўнага бляску. I тым самым прыніжаем сябе, падпадаем пад яго магічную сілу.

Навеялася гэта думка, пахадзіла яна са мною з тыдзень і адступілася.

Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Я страшэнна чакаў кожнай перадачы, ведаў на намяць усе загады, лічыў салюты. Удзячнасць за гэта перавысіла мае сумненні. Яны забыліся, і з гэткім настроем пісаў я «Адплату». Цяжка і доўга пісалася яна, дый засталася неацэненай.

Тут адзін мой знаёмы прычыніўся. Я яму даў па-сяброўску рукапіс пачытаць. Дык ён спачатку мне ў вочы рознае гарадзіў, а пасля ганіў, дзе толькі мог. Стварылася вакол паэмы нездаровая абстаноўка… Ну, і досыць!

Аб гэтым даводзіцца чуць не першы раз. У голасе Канстанціна Міхайлавіча ўздрыгвае па-дзіцячы горкая крыўда. Пры ўсёй дальнабачнасці і спрактыкаванасці ён падзяляе лёс многіх аўтараў — памыляцца ў ацэнцы сваіх твораў — і схілен ставіць «Адплату» ледзь не на адзін узровень з «Новаю зямлёю». Аднак сёння ў яго няма настрою паглыбляцца ў далейшыя меркаванні на гэтую тэму.

Канстанцін Міхайлавіч гаворыць, што спадарожнічала напісанню «Адплаты».

— У той час усё прыбывала добрых спраў і вестак. Мы гналі немцаў, забіралі свае землі і гарады. На кожную падзею хацелася адгукнуцца. Але змясціць у паэму ўсё, што чулася і думалася, не было змогі. А пісаць верш — пераб’ецца настрой, і страціш смак да работы. Вось і знайшоў я продухавіну. Пачаў пісаць лірычныя ўстаўкі. Яны ўвязваліся ў агульную тканіну паэмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны…

Тут адкрывалася магчымасць яшчэ раз зазірнуць у патайнае. У свет фармавання твораў.

Я пацікавіўся, з чаго і як узнікла задума, і заадно спытаў, ці даводзілася яе змяняць і што цяжэй за ўсё ўдавалася.

— Ад задумы амаль не адступаў. Усплывала сёе-тое пішучы, як заўсёды. Але гэта нязначныя рэчы. Ішоў строга па плану. Вось пацікаўся.

вернуться

4

Страфа падаецца ў першапачатковай рэдакцыі.