Рывок! Як гэта нязвыкла для Коласа з яго паслядоўнасцю работы над творам.
Методыку Коласавага пісання падрабязней і грунтоўней ускрыюць даследчыкі. Мы звярнуліся да некалькіх дзённікавых запісаў, каб убачыць разам з чытачом, як расла задума, як не даваў сабе палёгкі пісьменнік. Нарэшце, чаму не дазнацца, як, з якой прычыны і патрэбы з’яўляліся лірычныя адступленні ў Коласавых паэмах, балазе загаварыў пра гэта ён сам і дазволіў карыстацца тымі радкамі, што звычайна пішуцца толькі для сябе. На гэтым мы і спынімся яшчэ крыху.
11 ліпеня дзённік сустракае нас пэўнымі і няпэўнымі весткамі:
«Закончыў VI раздзел. Прыйдзецца пачысціць яго. Думаю пра наступны, VII. Змест яго выяўлен. Пачаў са ўстаўкі — прыметы: цяжкая зіма 1939 — 40 гг. Вымерзшыя сады — бяда, павал людзей».
У запісу ад 13 ліпеня змест раздзела канчаткова ўдакладняецца:
«Сёмы раздзел пачаў лірычным адступленнем. У ім можна хоць цьмяна выліць часць таго, што тоіцца ў душы… Напісаў да VII раздзела ўступ як асобны верш, які можна змясціць асобна».
Калі меркаваць па змесце, тут размова ўсюды ідзе не аб сёмым, а аб шостым раздзеле паводле нумарацыі друкаванага варыянта.
Гэты, шосты, раздзел якраз і пачынаецца з адступлення «Далёка, далёка ты, край дарагі…»[5].
Як бы там ні было, хоць са скідкамі на гарачыню ўзбекскага лета, нездароўе, выезд на адпачынак, Колас усё ж увайшоў у палавіну паэмы, дапісаў X раздзел, а ўся рэч спачатку разлічвалася на 20 раздзелаў. Дапісаў і застаўся нездаволены вынікамі работы летніх і асенніх месяцаў.
1 кастрычніка ён дае сабе суровы наказ:
«Трэба падганяць паэму. Пішацца яна ў апошні час марудна. I хворасць і становішча скрыжаваных дарог трохі замінаюць рабоце».
Канстанцін Міхайлавіч не адступіўся ад наказу. 2 кастрычніка «…напісаў 32 радкі XI раздзела», а 4-га «…дапісаў XI раздзел. Пачаў XII».
Напісаўшы за тры дні ні многа ні мала — 112 радкоў, 5 кастрычніка Колас занатоўвае: «Водступам аб лесе пачаў XII раздзел паэмы. Большую часць напісаў. Можа, заўтра, калі не будзе перашкод, закончу».
Заданні самому сабе выконваюцца больш чым дакладна. Назаўтра адступленне было не толькі закончана, а і перапісана і адаслана ў Маскву для перакладу.
Пачалося абдумванне далейшага. Пасля ўступу хацелася паказаць баявое жыццё партызанаў і пагарэльцаў у лясах. Колас ведаў гэта толькі па газетах, а тут патрэбна было калі не сваё вока, дык хай бы і трохі менш вострае, але такое, што аглядала там усё само, каб ператварыць убачанае ў жывы і цікавы расказ.
Такіх людзей поблізу не было, даводзілася задаваць работы ўяўленню. Таму нас і не дзівіць запіс ад 9 кастрычніка:
«Пісаў паэму. У замыслах лёгка, проста. Практыка, выяўленне замыслаў цяжэй. Хачу, каб людзі былі жывыя, каб іх бачылі. Шмат патрэбна працы».
«Труднае месца», як назваў Колас гэты раздзел, было пераадолена да 11 кастрычніка, але з агаворкай «патрабуе перагляду».
Да звычайнай патрабавальнасці мастака далучаўся фізічны стан. Здароўе не вытрымлівала. 12 кастрычніка Колас скардзіцца дзённіку:
«На чарзе XIII раздзел паэмы. Самапачуванне такое, што не адважваюся прыступаць да работы. Але рабіць перарывы не варта — потым яшчэ трудней узяцца за работу».
Усё ж у гэты час, калі «…ногі ледзь слухаюць, набліжаецца хірургічная аперацыя», 14 кастрычніка дзённік паведамляе, што работа не спынілася: «Напісаў 24 радкі XIII раздзела». Не спынілася і назаўтра, перад самай аперацыяй: «Трохі падганяў XIII раздзел. Засталося работы на адзін дзень». I адразу ж пасля аперацыі не даў сабе спачынку Канстанцін Міхайлавіч. 16 кастрычніка «…пісаў паэму і варыў абед… Дакончыў за сённяшні дзень XIII раздзел (40 радкоў). Думаю ў адным з далейшых раздзелаў паэмы напісаць адступленне — зварот да герояў паэмы і аб тых умовах, у якіх пісалася паэма, і пра таго, аб кім думаў так многа».
Тут патрэбна ўдакладненне: дзённік сведчыць, што думалася не пра таго, а пра тую.
За ажыццяўленне намеру Канстанцін Міхайлавіч узяўся на другі дзень і запісаў: «У чарнавіку паставіў XIV. Гэта чарговы раздзел, які хацеў пачаць лірычным уступам. Работа не пайшла».
Уступу ў гэтым раздзеле (па канчатковай нумарацыі — XIII) не атрымалася. З’явіўся ён, праўда, не такі, як задумваўся, цераз раздзел, а больш поўна рэалізавалася ўся задума ў эпілогу паэмы.
Праца не наладжвалася доўга. Калі яна давала вынікі, Колас не мінаў выпадку кожны вечар парадавацца гэтаму ў дзённіку. А тут больш чым на тры месяцы (з 23 кастрычніка 1943 г.) усякія ўпамінанні аб «Адплаце» знікаюць з яго старонак. Толькі 2,4 і 8 лютага 1944 года з’яўляюцца прыгадкі, горкія дакоры сабе: «Выбіўся з работы над паэмай. Трэба ж уцягнуцца». «Зараз жа трэба ўзяцца за работу».
5
У час апрацоўкі паэмы два пачатковыя раздзелы былі аб’яднаны. Таму ў дзённіку нумарацыю раздзелаў трэба чытаць з папраўкай: мінус адзінка.