Відавочна, зараз Канстанцін Міхайлавіч гаварыў недаказанае, што збіраўся, але забыў сказаць ці праз нейкую прычыну стрымаў сябе. Бо нашто ж тады было яму некалькі год назад у кнізе «Сымон-музыка» рабіць закладку са словамі «Творчы дух» і «Адступленні»? Я не забываўся пра гэта і лічыў размову няскончанай. Цяпер яна вычэрпвалася. Што такое «Адступленні», стала ўжо ясна. Быў самы час запытацца і пра другое.
— «Творчы дух»? — пасля маўчанкі перапытаў Канстанцін Міхайлавіч. — Гэта гісторыя аб марна загубленым раздзеле паэмы. Да таго ж сваёю ўласнаю рукою… Толькі я ўжо змарыўся гаварыць, а ты слухаць… Давай вячэраць…
Працяг размовы не прымусіў сябе доўга чакаць. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Ён пачытаў перапісаныя на машынцы лісты і аддаў іх апусціць у скрынку. Потым зірнуў запытальна на мяне:
— Помніш, як Сымонка ўцёк з карчмы? Загарэўся ад Якімавых слоў, выкраў скрыпку і — ходу! Раней гэты раздзел чытаўся не так. Хлопца моцна пакрыўдзілі. Ён іграў, у яго быў найвышэйшы момант натхнення. А карчомныя слухачы абсмяялі.
Канстанцін Міхайлавіч гаворыць з любасцю і лёгкім засмучэннем. Параўноўваю ў думках абодва варыянты раздзела і пачынаю адчуваць, што і сам гарнуся больш да першапачатковага, чым таго, што ведаюць усе.
Як тонка і глыбока стасавалася там мастацкая думка ўсяго твора да канкрэтнага вырашэння асобна ўзятага раздзела! Сымон у стане імправізавання… Ён так паглыбіўся ў бачанне і выяўленне бачанага ў музыцы, што, іграючы,
Шчаслівая размова мастака з людскімі сэрцамі трывае, на жаль, нядоўга. «Момант творчасці разбіўся». Карчма не зразумела і не магла зразумець таго, што іграў малы музыка! А скрыпка расказвала, як творчы дух абудзіў людзей, яны пачалі гаварыць гучна і смела, але зварот іх не знайшоў водгуку. Не пазнаў, не прызнаў, не палічыў іх за сваіх абыякавы свет.
Ці ж пад сілу было ўспрыняць гэта карчомным абівайпарогам, што патрабавалі ад хлопчыка ўлюбёную «Лявоніху»?
Гордасць распроствае худзенькія Сымонкавы плечы:
Хлопец уздымаецца да разумення свабоды мастака — гаварыць не па загаданым, а як жадаецца яму самому і адстойвае сваё права…
Як жа магло здарыцца гэтак? Чаму быў выкасаваны раздзел паэмы, які з найбольшай паўнатою раскрываў яе задуму, дзе герой, можа, не па напалу пачуцця, але па ўзнёсласці і непасрэднасці яго, становіцца блізка да Канрада з «Дзядоў»?
Нарэшце, у нашай літаратуры гэта бадай адзіны, калі не лічыць «Страшнай музыкавай песні» Максіма Гарэцкага, паэтычны дакумент, які адлюстроўвае стан душы імправізатара, падаючы адначасна і яго тварэнне.
На дапамогу маім меркаванням і развагам прыходзіць сам аўтар.
— Мне здалося памылковым рабіць простых людзей вінаватымі перад Сымонам. Няхай сабе яны не зразумелі ягонай ігры. Чаго мужык у карчму валокся? Бо там быў яго клуб, яго тэатр, яго бібліятэка. Дзе ты з суседам пабачышся, навіну пачуеш? Або дзе можна параіцца, якога надвор’я чакаць на лета? Калі жывёлу ў поле выганяць, калі сеяць? Нарэшце, дзе льга хоць крыху душу падвесяліць? З пана пасмяяцца, са злое долі пакпіць? Усё там жа — у карчме.
Да гэтай установы мужык куды больш хінуўся, як да царквы. Сяляне хадзілі туды, бо баяліся: не пойдзеш, бог угневаецца і нашле якой бяды на галаву. Цераз гэты страх найбольш адбывалі маленне. Набажэнства доўгае, суровае. Пазірай спадцішка на абразы і слухай. Цябе ўвесь час палохаюць за кожны крок рознымі карамі. Стой, не дыхні, не варухніся. Ногі мерзнуць, у папа з рота пара верне…
А ў карчме цёпла. Прыпрыся на лаве і сядзі хоць да раніцы, мянці языком. Не маеш залатоўкі на чарку, карчмар напавер дасць. У папа такой ласкі ніколі не заслужыш. Дарам рота не разявіць, не то каб ахрысціць дзіця ці маладых звянчаць…
Вось табе і адмычка, чаму людзі да карчмы хінуліся. Не дзіва, што не папала пад густ слухачам Сымонкава музыка. Ведалі «Лявоніху», любілі яе і патрабавалі іграць. Вінаваты яны ў гэтым? Наўрад. Уся іх віна, што яны цёмныя… Але ж не гэтыя людзі змушалі разменьваць талент на дрындушкі. Яны паспачувалі Сымону, устыдзілі таго хлопца, што чапляўся да малога музыʹкі…
Цяпер разумееш, ад чаго я адштурхваўся? Хацеў выразней асудзіць іншы бок. Людзей, што мерыліся пакарыстацца з хлопцавага таленту, залыгаць яго на службу. Вось і пацягнуў я лінію благіх асоб. Ад дзеда-жабрака да карчмара, а пасля да князя. Насупраць іх роўна, як пад шнур, паставіў добрых: Ганну, Якіма, Данілу. Дзве сцяны: адна насупраць другое. Можа, яно ў творы выйшла не гэтак проста, а думаў-то я якраз так…