Выбрать главу

— I ў чым я зблытаўся? — нібы разважае ён сам з сабою. — Цяпер, як падумаю, тут зусім лёгка рады даць.

Уважліва слухаю, як мяркуе Канстанцін Міхайлавіч даваць гэтай рады. Перш-наперш, ён казаў ужо гэта, але паўтарае зноў, — апусціць два радкі, дзе гаворыцца, што Сымон падпявае скрыпцы. Тады пачуццё і сэнс імправізацыі, занадта складаныя для хлопца, будуць вылівацца з музыкі, як бы абмінаючы яго самога.

Канстанцін Міхайлавіч настроіўся ваяўніча і вызначае ўсё большыя скарачэнні. Выкасаваць у імправізацыі ўсе звароты-прыпевы пасля кожнага пяцірадкоўя.

Яны, праўда, ствараюць урачысты тон, але, па сутнасці, замінаюць успрыяццю. Мусіць, вінавата форма зваротаў, запазычаная з велічальных царкоўных песнапенняў.

Гэта ўсё гаворыцца ў якасці доказаў, чаму трэба выкрэсліваць радкі, а не правіць, як быў падаў думку я.

Астатняе, гэта ўжо вынікае з усяе нашай размовы, — слова «дух» усюды паставіць з азначэннем — творчы.

Я папрасіў дазволу ўзяць з сабою кніжку… Хацелася прачытаць паэму тымі вачыма, як бачыў яе аўтар зараз, без лішняга, непатрэбнага. За вечар я перапісаў увесь раздзел, як думалася Коласу, а раніцаю ўзяўся чытаць…

Усё паўстала ў зіхаткім і трывожным святле: узнік магутны, нават у сціплым зародку сваім, талент. Здалося, у нечым, хай сабе далёка-далёка, ён даводзіцца сваяком тым, хто абдарваў нас «Апасіянатай», «Дэманам», «Курганам». I самае галоўнае: знікла назаляўшае раней адчуванне, нібы аўтар упэўняе цябе ў выключнасці свайго героя, ты як быццам дзеля павагі згаджаешся, але недзе ў глыбіні душы не можаш перамагчы нязгоды і абыякавасці.

Сымон раптоўна набыў рысы сапраўднага існавання. Трэба сказаць праўду: аўтар і раней даваў даволі глыбокіх падстаў, каб мы трывожыліся, хваляваліся за Сымона ва ўсіх яго прыгодах і няўдачах.

Але зараз мне стала шкада яго не як нешчаслівага, мілага, па-дзіцячы здольнага хлопчыка.

Не! Я стаў бедаваць аб марна загубленым таленце, які заявіў аб сабе не аўтарскімі — хай сабе і самымі майстэрскімі — запэўненнямі, а сваёю адзінай талентавай справай — творам! I адразу ва ўсім пераканаў: у рэальнасці ўласнай асобы, у здольнасці бачыць за звычайным дзівоснае, у неабходнасці мець для ўжытку, апрача прыроджанай, яшчэ і мову музыкі.

I мы паверылі ва ўсё гэта, гатовыя на пратэст і больш актыўныя дзеянні супраць несправядлівага свету, які люта вызвяраецца на мастацтва і яго стваральнікаў, калі толькі яны не выказваюць жадання надзяваць ярмо ці хадзіць на задніх лапках…

Пад гэткім уражаннем я перапісаў яшчэ раз карчомны эпізод, каб пры выпадку даць магчымасць аўтару паглядзець і паправіць, як ён знойдзе патрэбным.

На маё здзіўленне, Канстанцін Міхайлавіч даволі ахвотна ўзяўся за перагляд гэтай даўно напісанай рэчы. Пакінуў у сябе рукапіс і прыкладна праз тыдзень пайшоў далей сваіх першапачатковых планаў.

Апрача намечаных радкоў-прыпеваў былі выкраслены чацвёртая, пятая і сёмая строфы імправізацыі.

Пасля, некалькі дзён запар, Канстанцін Міхайлавіч вяртаўся да гэтай работы: прасіў запісваць папраўкі стылістычнага парадку, моўныя і гукавыя палепшанні ў радках.

Ён пачаў прызвычайвацца думаць і нават складаць радкі ў прысутнасці другога чалавека — была практыка сумеснай работы над сямітомнікам і трылогіяй.

Пісаць самому рабілася ўсё цяжэй: неадчэпна балелі рукі.

Большасць сённяшніх чытачоў, відаць, мае прыблізнае ўяўленне аб прадмеце гэтай гаворкі. Першае выданне «Сымона-музыкі» стала унікальным, папраўлены аўтарам IV раздзел трэцяй часткі нават не трапіў у варыянты апошняга збору твораў Якуба Коласа. А будучы пераробленым і пераасэнсованым, гэты раздзел, на маю думку, прымушае другімі вачыма глядзець на ўсю паэму.

Паспрабуйце прачытаць[7].

Маладыя шляхі i старыя краты

Дзень нараджэння. Тры гады турмы ці хвіліна подласці. З’езд і суд. Кухар Пішчалінскага замка. Новае кола пакут. «Сымон-музыка» ратуе ад тугі. Кясельнае падарожжа. Сакрэтная кніжачка. Вайна і чалавек, які мог адхіліць яе. Прапаршчык Міцкевіч. Каманда дэзерціраў. Беспартыйны сакратар партыйнай ячэйкі.

Да дня нараджэння — 3 лістапада — Канстанцін Міхайлавіч часта пісаў усмешлівыя прысвячэнні самому сабе. Агалошваліся яны пры таварыскай бяседзе, у невялічкім дружбацкім гурце. На працягу многіх год кола гэтае не змянялася. Усё яно амаль цалкам, калі дадаць незарыфмаваныя прозвішчы А.А. Куляшова і М.Я. Мацапуры, пералічаны ў вершы пад назвай «66», які да апошніх часаў заставаўся ў аўтографе.

Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі, Што ўспомняць мяне: Танк і Лужанін, Глебка і Броўка, I Маўр зазірне.
вернуться

7

Папраўлены Коласаў тэкст застаўся па-за межамі апошняга збору твораў і фактычна невядомы — да адзінай публікацыі ў «Полымі» (1970, № 12, стар. 172–177) цяпер цяжка даступіцца. Гэтая акалічнасць, а таксама творчыя матывіроўкі ўзнікнення апошняй праўкі раздзела, прыведзеныя вышэй, змушаюць нас на змяшчэнне яго (гл. Дадатак.).

Наогул жа Коласавы паэмы — вялікі прастор для работы даследчыкаў і тэкстолагаў, асабліва для апошніх.

Так, у «Новай зямлі» (т. VI, 1974, стар. 25) чытаем:

Спытаць, праведаць аб зямельцы… Як блізка рэчка ці крыніцы?

Аўтарская апіска відавочная: «крыніцы» вымагае рыфмы «зямліцы».

На стар. 39 радок 99 «А дурань, воўча тваё мяса!» не рыфмуецца з наступным, значыць, радок з рыфмай прапушчаны, і яго трэба шукаць па першых публікацыях.

На стар. 57 радок 132 не рыфмуецца з 135, для атрымання сугучнасці трэба паправіць «Міхаліна» на «Міхалінка».

Тое ж і ў «Сымоне-музыку». На стар. 351 няма палавіны радка 231, тым часам яна лёгка знаходзіцца ў тым жа томе на стар. 536.

У частцы III ў радках 43–44 ёсць таемнае двукоссе. Яно вандруе па ўсіх выданнях паэмы, дык ці не час або растлумачыць, што гэта значыць, або пазбавіцца ад яго (у першай рэдакцыі няма, гл. стар. 539).

На стар. 363 знік радок «Вам дарогі ўсе адкрыты», а ён ёсць і ў першым выданні (стар. 119), і ў першай рэдакцыі (т. VI, стар. 545).