Выбрать главу

— Напісаў я ў турме адзін верш. Пачатку не помню. А змест такі. Чалавек наняўся на працу да пана. Работы было многа і цяжкое. Касіў, араў ад цямна да цямна. А дайшло да разліку, дык за тыдзень заплацілі яму тры грыўні. Вось і разважае наш дзядзька:

А дома ёсць жонка, дзяцей тых, як маку, За дзень набярэшся — плячэй не чуваць. Трыццаць капеек! Заткні іх… у горла… Толькі вам жыць на свеце… Тапчы вас у гаць…

Канстанцін Міхайлавіч смяецца:

— Рыфмаў, што тут стаялі, не буду падказваць.

Гэтымі невялічкімі абразкамі бадай і абмежаваліся гаворкі аб судзе і турэмным побыце. Не таму, што не помніў тае пары Канстанцін Міхайлавіч ці не хацеў варушыць яе. Яго ўспаміны ў «Весніку НКА» і ў часопісе «Асвета» перагукваліся з многімі старонкамі «На ростанях».

А над гэтай кнігай усё яшчэ цягнулася работа, і лішні расказ пра тыя ці іншыя падзеі мог перабіць ахвоту да пісання.

— Раскажаш, а потым не пішацца, — заўважаў Канстанцін Міхайлавіч. — Здаецца, усе ўжо гэта ведаюць. I самому робіцца нецікава.

Такімі ж абрывачнымі выглядаюць і прыгадкі Коласа пра паездкі ў Вільню, як у свой час было прынята называць Вільнюс.

— Пасля выхаду з астрога з’явіўся другі клопат: трэ было ратавацца ад ваеннай службы. Трапляць з турмы ў казарму мне страшэнна не хацелася…

11 верасня 1911 года[8] адбыў я свой тэрмін. Выйшлі мы з Уладзімерам Міцкевічам на волю. Думаем: куды падацца? Пайшлі да аднаго таварыша. Гэта быў Аляксандр Іванавіч Райскі. Лічыўся ён не малою шышкаю: служыў памочнікам начальніка канцылярыі мінскага губернатара. Трапілі на абед. Пасядзелі, параіліся, да вынікаў так і не дагаварыліся.

Я пайшоў на вакзал і — проста ў Вільню. Ехаў туды не з пустымі рукамі. Вёз тры сшыткі ў цыратовых вокладках. I ўсё з вершамі. Прыехаў рана ў горад. Гадзін 6 было. У таннай гасцініцы не ўпадабаў, а на дарагую — грошай не хапала. Хадзіў па вуліцах, пакуль добра не вывіднела. Дождж, слата. Трэба сшыткі хаваць. Трымаю іх пад пільчаком, а зайсці няма куды.

Нарэшце прыблукаў у 3-ю прыходскую школу да настаўніка Зотава. З яго дачкою ў снежні 1907 года мы ў Пецярбург ездзілі. Напаілі тут мяне каваю. Толькі я перамёрз, і мне здалася тая кава халоднаю.

Пасядзеўшы, надумаўся я заглянуць да Івана Кірылавіча Касяка. Ён блізка стаяў да рэвалюцыйнага руху, памагаў нам грашыма, калі сядзелі ў астрозе. Патрапаў пешкі за Вільню, у Ландварова. Касяка ў школе не было, знайшоў яго на кватэры.

Прытулілі мяне, далі павячэраць. Было позна. I апанавала мяне туга. Так стала цяжка, думаў — звар’яцею. Пачало мяне скрэбці за душу яшчэ ў Зотавых. Але там быў невялікі прыступ. А ў Касяка, калі паслалі пасцелю і зачынілі вокны на просвы, — хоць гвалту крычы. Здаецца, зноў апынуўся ў каменным мяху…

— 19 верасня выехаў я да сваіх у Смольню. Туга не адпускала мяне. Не бачыў выхаду. Усё вакол нібы замкнулася, яшчэ горш, чым у тым астрожным карцэры. Няма надзеі на існаванне. Невядома, як заўтра жыць, што рабіць. Кавалак у горла не лезе, асабліва як падумаю, што адбіраю апошняе ў сям’і.

Пачаў лячыць нервы. Узялося на прымаразкі. А я апранаю кажух, ногі — у валёнкі, і шыбую на Нёман. Акунуся і падужэю. Сталі з’яўляцца думкі пра «Сымона-музыку», праўда, змрочныя. А ўсё ж забываўся, папішу — і як быццам пажар з плячэй скінецца.

Філіповіч, мой таварыш па класу, мала таго — сядзелі на адной лаўцы, паклікаў да сябе ў Лунінец. Добрая душа! Перадаў мне сваіх вучняў, дзяцей чыгуначнікаў. Я пачаў рэпеціраваць іх. Плата слабаватая: два рублі на месяц з галавы. Добра, калі галава кемлівая, а ў другую і табліцу множання калом не ўб’еш. Нават у Люсіне плацілі на рубель больш.

У Філіповічавым пакоі зрабіў я школку. Займалася ў мяне 20 чалавек. Трошкі правёў наперад «Сымона»… Але… дабрабыт мой быў не вечны. Пасля новага 1912 года прыйшла ад воінскага начальніка позва — збірацца ў салдаты. Я даў дзёру ў Смольню, а потым у Беларуч да Івана Міцкевіча, «дарэктара». Знайшлі і там. Зноў позва…

— Вызваліцца ад арміі ці атрымаць адтэрміноўку можна было толькі адным шляхам. Трэба было знайсці настаўніцкую пасаду. А для гэтага — падавай пасведчанне аб «палітычнай добранадзейнасці». Дзе ж у мяне, к чорту, добранадзейнасць!

Вырашыў я папрасіць такую паперку па дружбе ў Райскага. Ён адпісаў: не марнуй часу, едзь да Русецкага. А той служыў інспектарам народных школ у Пінску. Я ведаў яго яшчэ з Пінкавіч. Знаёмства прыдалося. Русецкі прызначыў мяне ў Купяцічы, вёрст за 12 ад горада. Гэта прызначэнне было ўмоўнае, абы прызначыць, каб потым можна было «перавесці» ў іншае месца.

вернуться

8

У аўтабіяграфіі — 15 верасня.