Выбрать главу

Прыехаў я ў Купяцічы пад восень. Паказаўся, пераначаваў і падыбаў пешкі назад у Пінск. Дзелавод інспекцыі Фядзюк яшчэ закінуў слова, і мяне «перавялі». Стаў я настаўнічаць у 3-м прыходскім вучылішчы. Настаўнікі гэтай школы насілі форму. Спатрэбіліся грошы, дый дахаты хоць крыху хацелася паслаць.

Вось зноў я кінуўся на прыватныя ўрокі. Хапіў ліха! Трапіліся мне дзеці паліцэйскіх, акцызных чыноўнікаў, паповічы. Тупыя, раздураныя, мамчыны сынкі. Перабіраць не прыходзілася, плацілі прыстойна. Зморваўся я страшэнна. Стараўся падагнаць як найлепей, каб паступілі мае выхаванцы ў рэальнае вучылішча. Зарабіў крыху грошай і паехаў на коляды дадому…

— Тады ж, у 1912 годзе, я пазнаёміўся з маладою настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Прозвішча яе было Каменская. Так у маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітраўна.

Добра было б зірнуць на ўсё, што я пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, насіў яе ў пільчаку. У друк, вядома, нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала.

Я дзівіўся, не дабіраў ладу, як гэта можна адважыцца друкаваць вершы пра каханне? Калі ты яго выдумляеш, дык не варта публікаваць няпраўду. А калі пішаш аб тым, што ёсць ці было, — як тады, вывернуўшы наверх усё вядомае аднаму табе і твайму дарагому чалавеку, паглядзець яму ў вочы? Табе давераны сакрэт, ты ўвайшоў як быццам з кімсьці ў змову і раптам распляскаў патайнае дый яшчэ і падпісаўся. Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам.

Я спяшаўся ў школу і не заўважыў, што кніжачка мая выпала з кішэні. А ўвечары Маруся пытае: «У каго ты, Костусь, закахаўся гэтак моцна?» Я гляджу на яе, нічога не разумеючы. Яна ківае галавою і кажа: «Так, так. Не закахаўшыся, такіх вершаў не напішаш». I падае мне кніжачку.

Я збянтэжыўся, давай апраўдвацца. Паказваю даты пад вершамі, а яны ішлі адзін за адным, ад першага дня нашага знаёмства.

Маруся смяецца: «Я ж не па датах зразумела, што гэта ўсё маё. Не магу ж я паверыць, каб ты казаў мне адно, а пісаў каму-небудзь іншаму другое. Не тое мяне засмучае. Шкада, што ад таго часу, як мы пажаніліся, у кніжачцы амаль не прыбавілася запісаных старонак».

На міравую, хоць мы і не пасварыліся, я сеў і напісаў жартлівую паэмку. Як раўнівая жонка знайшла ў паэта вершы пра каханне і выскубла яму чупрыну, не здагадаўшыся, што гэта напісана пра яе. А паэт зразумеў: маюць яго творы сілу, калі ўвялі чалавека ў злосць, і спакусіў тымі самымі радкамі другую жанчыну.

Мараль такая: калі хочаш, каб у сям’і быў лад, не пішы пра жонку вершаў. Перапісаў паэмку ў кніжачку і аддаў на пераховы Марусі. Яна многа ведала адтуль на памяць. А кніжка вытраслася недзе пры пераездах. Адзін, можа, вершык толькі трапіў у кнігі.

Канстанцін Міхайлавіч успомніў радкі з верша «Дзяўчыне»:

Не кажы, што злыя людзі I што свет паганы…

Вось якія бываюць гісторыі… Пажаніліся мы 5 чэрвеня 1913 года. Вяселля не гулялі, толькі выпілі пляшку данскога віна. Было затое шлюбнае падарожжа. Мы паехалі ў Вільню да яе маці. Васіль Дзмітравіч, брат Марусі, сустрэў нас з аўтамабілем, хвацка правёз, а потым падараваў нам на развод гаспадаркі самавар.

У Вільні сустрэўся я зноў з Купалам. I дамовіўся з выдаўцамі, што будзе выпушчана кніжка маіх апавяданняў. Недзе ў 1914 годзе і выйшлі «Родныя з’явы».

Пасля летніх вакацый вярнуліся мы ў Пінск. Жылі ціха і спакойна год. Марыя Дзмітраўна пачала сябе кепска адчуваць, чакала першага дзіцяці. Я адправіў яе ў Крым. А тут абвясцілі мабілізацыю. Я не ведаў, дзе мая жонка, як ёй удасца прыехаць. Трэба было ісці ў салдаты, а гэта яшчэ павялічвала трывогу.

У канцы ліпеня мне забрылі лоб. Трапіў я ў Вяцкі полк[9], размяшчаўся ён у Мінску, дзе цяпер трамвайны парк. Абмундзіравалі нас добра, ва ўсё новае, але вельмі мы былі смешныя, няўмелыя.

У нядзелю пускалі ў горад. Пайшлі мы з Уладзімірам Міцкевічам. Выбіліся бліжэй да цэнтра, на скрыжаванне цяперашняга праспекта і Багадзельнай (зараз — Камсамольскае). Аж тут насустрач чорт генерала нясе. Паводле статута, такую шышку трэба вітаць, стаўшы «ва фронт». Ведаеш? Значыць, стаяць проста, ссунуўшы пяты і трымаючы рукі па швах. Ну, стаць мы сяк-так сталі, але з розных бакоў тратуара. Генералу невядома куды, на каго глядзець. Ён не адчытваў нас, пасміхнуўся і прайшоў міма, нават рукі да козыра не падняў.

вернуться

9

Па іншых вестках — Серпухоўскі. Гл. «Жыццё для народа». Мн., 1952, с. 70.