Аднак даволі тоўстыя папкі чысценька перапісанага на машынцы рукапісу прывабілі, пацягнулі яго паглядзець, як жа выглядае ўвесь твор у цэласці.
Канстанцін Міхайлавіч пачаў чытаць асобныя старонкі, разгортваючы рукапіс то ў пачатку, то ў канцы. Адлажыў убок акуляры.
— Прыйдзецца папабіваць на гэтым пальцы. Усё сабралася ўместа, — ён любіць гэтае слова і ў гаворцы амаль не ўжывае «разам». — I ўжо ясна, што ў мяне як быццам нарадзілася два дзіцяці: адно да вайны, а другое зараз. Злучаюцца ў розны час напісаныя творы, а чытацца павінны, як адна кніга. I не толькі Лабановіч павінен аб’ядноўваць іх. Трэба засыпаць роў трыццацігадовай глыбіні паміж канцом і пачаткам. Я амаль не пераглядаў даваенных аповесцей. А мова наша моцна вырвалася наперад.
Перш за ўсё яе трэба габляваць, асабліва аўтарскую. Героі хай сабе гавораць, як хочуць. І так прамашак багата: у адным месцы Лабановіч — Андрэй Міхайлавіч, а ў другім — Пятровіч… Давай пачнём хіба. Гавораць, адклад не ідзе на лад. Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе.
Чытка першай паўсотні старонак «У палескай глушы» заняла больш за тыдзень. Зрэшты, цяжка было і спадзявацца на лёгкі рэдактарскі хлеб, як бывае пры выданні твораў такіх буйных пісьменнікаў: прачытаў з задаваленнем, злавіў колькі ўдасца стылістычных «скочак» і з палёгкаю накіроўвай у набор.
Колас патрабаваў работы, і не толькі ад сябе. Мы працавалі па чатыры-пяць гадзін штодня, і ён з дакорам паглядаў на ўсё яшчэ тоненькую стопку прачытаных лісткоў. Наракаў на мяне за маруднасць, а тым часам не ў яе ўпіралася справа. Мы памяняліся ролямі: Канстанцін Міхайлавіч прыняў на сябе абавязкі самага прыдзірлівага рэдактара, а я бараніў ад ягоных нападаў яго ж уласны тэкст.
Усё тлумачылася проста. Коласаўская манера пісаць зрабілася куды сціслейшая, карацейшы стаў сказ, змянілася яго пабудова, паменшала пабочных слоў і выразаў. Пісьменнік амаль адмовіўся ад выказнікаў, што складаліся з двух дзеясловаў, не выносіў іх у канец сказа.
Жаданне «засыпаць роў» паміж першай і апошняй кнігамі было нястрымнае, і даводзілася захоўваць пэўную асцярожнасць, каб не закасаваць і не прыгладзіць моўныя і стылістычныя асаблівасці пачатку трылогіі.
Рукапіс быў адкладзены, для зручнасці работа працягвалася па пятым томе збору твораў. Там не засталося ніводнай, літаральна ніводнай старонкі, якую б абмінула, не зачапіўшы, патрабавальнае аўтарскае вока.
Строга кажучы, абедзве палескія аповесці былі перапісаны. Як жа лічыць проста «праўленай» старонку, калі на ёй добры дзесятак, а то і два змен, удакладненняў, перастановак, дапісак. І так усюды, дзе б ні разгарнуўся том. Вось, да прыкладу, мы чыталі:
«У працілежным баку характар гэтай роўнядзі захоўваўся на далёкай адлегласці, і чуць-чуць чырванеўся збоку каля яе дамок трэцяй будкі. З таго боку чуць значна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было прымеціць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок…
— Пайду на спатканне гэтай фігурцы, — рашыў Лабановіч і пайшоў»[10].
Колас правіў:
«У працілежным баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далéчы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок…
— Пайду насустрач, — вырашыў Лабановіч»[11].
Нават неспакушанаму воку няцяжка заўважыць, чым выклікалася аўтарская праўка і чым кіраваўся пры ёй Якуб Колас. Першы клопат быў аб выразнасці малюнка. Пісьменнік замяняе недакладнае «характар роўнядзі захоўваўся» простым і ясным «дарога ішла роўна». Кладзецца яшчэ адзін штрых, і робіцца зразумелым: дзе, каля чаго стаяў дамок будачніка.
Уся карціна ажывае.
Другі клопат — энергічнасць і гнуткасць сказа: замест аднаго першага стала два, лёгкія для чытання і ўспрымання, а заключны спрасціўся за кошт лішніх слоў і таксама загучаў лепш, ямчэй падкрэсліваючы намер героя. Зніклі паўторы «чуць», замест чатырох назаляўшых «бок», «збоку» засталося толькі два, ужо зусім непрыкметных.
Здаецца, і няшмат зроблена, а прыгледзеўшыся — невымерна многа. Гэта і ёсць тая ашчаднасць у выдаткаванні слова і тая ўмеласць у абыходжанні з ім, якая называецца чамусьці не майстэрствам, а яго сакрэтам.
Параўнанне двух тэкстаў трылогіі, зноў паўтару, літаральна на кожнай старонцы касуе гэты сакрэт, шчодра вучачы ўмельству і патрабавальнасці. Не забудзем, дарэчы, што Колас правіў па друкаваным, тыя самыя кнігі, якія вытрымалі ўжо ці мала выданняў, сталі дарагімі чытачу.