Выбрать главу

Канстанцін Міхайлавіч успамінае аб тым, што прыходзяць запрашэнні на чытацкія канферэнцыі па трылогіі.

— Трэба будзе пад’ехаць куды-небудзь. Ад чытачоў больш праўды пачуеш, чым ад крытыкаў.

Ён па-маладому смяецца ад раптоўна ўзнікшай думкі:

— А што, калі б наладзіць канферэнцыю герояў? Трэба сказаць, што ніхто з іх цалкам не выдуманы. Але ж боязна: з’едуцца, павыскубаюць мне апошнія валасы. Той-сёй можа пакрыўдзіцца, пазнаўшы сябе. Хіба што адзін Лабановіч змоўчыць.

Ён зноў смяецца і пачынае жартліва лічыць, каму з герояў можна было б паслаць запрашэнні на сустрэчу. Я пакрысе складаю спіс асоб, якія дзейнічаюць у трылогіі, карыстаючыся тым, што зараз называюцца іх сапраўдныя прозвішчы.

Ядвіся — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч.

Саханюк — Дылеўскі.

Шырокі — Фама Іванавіч Гладкі.

Тукала — Сымон Самахвал.

Садовіч — Алесь Сянкевіч.

Анцыпік — Анцыповіч.

Уладзік — Уладзімір Міцкевіч.

Лапаткевіч — Лапцэвіч.

Мілеўскі — Адам Мілюк.

Янкавец — Нічыпар Янкоўскі.

Трайчанскі — Базыль Шчорс.

Айцец Уладзімер — Уладзімір Бяляеў.

Васількевіч — Васілёк.

Тадорык — Іван Фёдараў.

Ротмістр — Солтан.

Галубовіч — Аляксандр Голуб.

Рутовіч — Руткоўскі.

Рагоза — Рагозін.

Алейка — Алейчык.

Касперыч — Каспяровіч.

Тургай — Якаў Сямёнавіч Бязмен.

Вольга Віктараўна — Вольга Віктараўна Ганцова.

Антаніна Міхайлаўна Мураўская — Аляксандра Міхайлаўна Мурашка.

Пракурор суда — Юршэўскі.

Бабека — Кабека.

Адвакат Петруневіч — Петрусевіч.

Семіпалаў — Самойлаў.

Нарадаволец — Бонч-Асмалоўскі.

Кастогін — Канстанцінаўскі.

Будачнік — Курульчук.

Іваш — Ласіцкі.

Дулеба — Камароўскі.

Нічыпар Кудрык, Аксён Каль, свержанскі фельчар Найдус, чыгуначнік Баўдзей, пастух Леўчанка, зняволеныя Мірман, Мардуховіч, Юзафовіч, наглядчык Дожджык — засталіся пад сваімі прозвішчамі. Прозвішча пісара не ўспамянулася, а звалі яго — Пётр Язэпавіч[12].

Адгукнуцца на запрашэнне мог толькі адзін герой трылогіі — А. Голуб. Канстанцін Міхайлавіч ведаў яго маскоўскі адрас, збіраўся пабачыцца і час ад часу пісаў яму добрыя, сардэчныя лісты, з цеплынёй успамінаючы яго імя ў гаворках.

У адным з раздзелаў заключнай кнігі трылогіі прыводзіцца такое чатырохрадкоўе:

Наказана ты, Русь, всесильным роком, Как некогда священный Валаам: Заграждены уста твоим пророкам, И слово вольное дано твоим ослам.

Памяць Канстанціна Міхайлавіча на гэты раз не дала ўратоўчай нітачкі, па якой можна было б дакапацца да вытокаў верша.

— Недзе чуў, — коратка сказаў ён. — А калі і ад каго, не ўспомню.

Радкі былі занадта складаныя, каб належаць безыменнаму аўтару, аднаму з тых, кім у розныя часы нанізваецца фальклорны жомчуг.

Біблейская легенда, з якой яны выраслі, знарочыста ўрачысты тон і крыху архаічная афарыстычнасць падказвалі думку аб руцэ пісьменніка-прафесіянала. Але каго ж іменна? Якія літаратурныя інтарэсы і прыхільнасці былі ў маладога Коласа? Апрача гэтай цікавасці, на пошукі мяне кіраваў і звычайны рэдактарскі абавязак — праверыць, наколькі дакладна падаецца вытрымка.

Перагортванне паэтычных зборнікаў адказу не дало. Не дапамаглі і стосы тагачаснай перыёдыкі — газеты, сатырычныя выданні, аднадзёнкі, якія, не паспеўшы нарадзіцца, забараняліся цэнзурай. Заставалася шукаць у архівах, у следчых справах, у мемуарах удзельнікаў рэвалюцыі 1905 года, у кнігах, дзе гаварылася ці хаця б успаміналася пра гэтую пару. Нічога не знаходзілася.

Трэба было падпісаць у друк карэктуру трылогіі, і зноў нагадалі пра сябе нявысветленага паходжання радкі. І раптам пашчасціла! Я купіў рэшткі некалі добрай бібліятэкі. Вандруючы сярод гэтага кніжнага могільніку, адкладаў ужо зусім непрыдатнае для карыстання і, перад тым як кінуць у печ, праглядаў. Тут і знайшоўся патрэбны верш, і прытым цалкам. Другое дзіва, калі не большае: ён належаў пяру вядомага ў свой час філосафа-багаслова Ул. С. Салаўёва.

Узрадаваўся знаходцы і Канстанцін Міхайлавіч. Патрымаў у руках кнігу — гэта былі «Бюллетени литературы и жизни» за 1913 год. Пасля прачытаў уголас верш.

СОВРЕМЕННОЕ ВОСПОМИНАНИЕ
Израиля ведя стезей чудесной, Господь за раз два дива сотворил: Отверз уста ослице бессловесной И говорить пророку запретил. Далекое грядущее таилось В сих чудесах первоначальных дней, И ныне казнь Моаба совершилась, Увы! над бедной родиной моей. Гонима, Русь, ты беспощадным роком, Хотя за грех иной, чем Билеам, Заграждены уста твоим пророкам, И слово вольное дано твоим ослам.
вернуться

12

Коласава раскрыццё прататыпаў было змешчана ў кнізе з надзеяй абудзіць цікавасць для даследчага пошуку. Уцешна, што зараз з’явіўся пашыраны спіс прататыпаў трылогіі (Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980, с. 111–134).

Ці можна падаваць гэты спіс безагаворачна, у якасці канчатковага? Відаць, рызыкоўна, напрыклад, рабіць вывады датычна паасобных прозвішчаў, аддаючы перавагу не сведчанням самога пісьменніка, а словам земляка ці сястры яго, людзей вельмі паважнага веку, тым часам памяць Якуба Коласа была унікальная.

«Пісьменнік быў даволі дакладны (вылучэнне маё. — М.Л.) у адлюстраванні характараў сваіх герояў», — гаворыцца ў названым зборніку (с. 125). Каб характары трылогіі не былі напісаны выразна і дакладна, твор не прылічаўся б да залатога фонду літаратуры. А паблажлівае «даволі» пасуе не да класікаў, а да няўмелых пачаткоўцаў.

Хутчэй за ўсё, тут даволі недакладна выказана думка, а мелася на ўвазе адзначыць адпаведнасць характараў герояў трылогіі аўтарскім прататыпам. Аднак пра гэта можна меркаваць толькі выявіўшы жывыя рысы, уклад жыцця, ступень чуласці або ўзнёсласці, скажам, Самахвала і прасачыўшы, як тыя ці іншыя якасці выявіліся ў вобразе Тукалы. Адным сказам, не абапёртым на фактычны матэрыял, нельга давесці ідэнтычнасць героя і прататыпа.

Занатаваны мною ўслед за Коласам спіс выклікае сумняванне: «Лужанін у свой час (са слоў Коласа, як ён піша) назваў 42 прататыпы» (с. 112). Як быццам гэта можна зрабіць не паводле слоў Коласа, а пазіраючы ў столь гасцінічнага нумара, дзе аўтар трылогіі выказаў жартоўны намер склікаць канферэнцыю сваіх герояў.

Дарэчы, на наступнай старонцы сумняванне здымаецца, затое з’яўляецца тэрміналогія накшталт «называе», «сцвярджае» і «памыляецца» ў дачыненні да аўтара гэтых радкоў. Гэта зноў-такі недакладныя выразы. Напамяну, «мой» спіс — запіс, а не даследаванне, там няма сцвярджэнняў. Што ж датычыць «памылак», дык як іх можна прыпісваць, аспрэчваючы імя селяніна Каля. У кнізе гаворыцца не аб імёнах, а аб прозвішчах.