Варушыць бандыцкую вершатворчасць — занятак не дужа прыемны. Але найлепшыя выкрываўчыя пёры праз сотні памфлетаў наўрад ці выхапілі б з цемры забыцця і паказалі б так ёмка, на ўвесь плюгавы рост, крывавай няславы ваяку Булак-Балаховіча, чым зрабіў гэта ён сам ва ўласнаручна накрэмзаных, ліслівых і ў той жа час запененых ад прыглушанай лютасці, радках. Зараз яны, апрача смеху, нічога не выклікаюць: зубы — выбіты і заціснуты ў жмені — злосць бяссільная. А чытаць — і дасюль прыкра. I мы ніколі б не браліся за такую работу, каб не меркаванні Коласа, выказаныя з гэтай дый яшчэ з адной прычыны, аб чым — у свой час.
Набяромся цярплівасці і пройдзем па гэтым, не пазбаўленым цікавасці жыццёпісе з вельмі выразнай палітычнай афарбоўкай і малаграматнай назвай «Белавежская тыгра».
Напісана, як заўсёды ў графаманаў, многа і доўга. Было б марнатраўствам падаваць усю пісаніну цалкам. I з прыведзенага відаць, што намеры і «майстэрства» аўтара не выклікаюць дзвюх думак…
Перабіраючы камплекты старых часопісаў[18] у бібліятэцы Літоўскай Акадэміі навук, я знайшоў гэты перл і спецыяльна перапісаў для Канстанціна Міхайлавіча. Успомніліся яго апавяданні «Балаховец» і «Адзін», здавалася, што знаходка павінна быць яму цікавая. Сапраўды, тры ці чатыры вечары Колас гаварыў, не ўпыняючыся, з нязвыклай гарачнасцю. Як замілавана глядзеў ён тады ў наш дзень! Яго трэсла нават пры ўспаміне аб вялікіх і малых праявах здрады; ён ніяк не мог, не хацеў дараваць хоць бы выпадковага сыходу з шляхоў, у бок ад народа.
— «Правадыр», дый не абы-які, а «незалежнага беларускага воінства»! — Канстанцін Міхайлавіч раздражнёна прайшоў па пакоі. — I, не чырванеючы, прызнаецца, што ён цюцька. I гатовы каму хочаш перарваць горла за скарынку, кінутую з падваротні чужой дзяржавы. Праўда, «свае» дзяржавы, такой, як яму хацелася, не было. I быць не магло. Беларус дружна прагаласаваў за саветы.
Колас трымае старонку школьнага сшытка з перапісанай там «Белавежскаю тыграю» двума пальцамі, за самы ражок, і так асцярожна, нібыта гэта калі не футра ўсурыйскага драпежніка, дык халодная скурка хатняй жывёліны, тая самая, у якую ўбіраўся аўтар, каб выгаўкаць свой верш.
— Споведзь, калі бандыт можа спавядацца. Ва ўсякім разе, размова, як кажуць, па шчырасці, зноў жа калі бандыт здольны на такую рэч. Крыніца яго «натхнення» цурчыць па паверхні. Перш за ўсё скарга на непавагу да былых «заслуг». Сабаку трэба карміць. I аб гэтым самазваны генерал вымушан нагадваць. Нават палохаць «старым мядзведзем», ад якога можа быць крута і сабаку і ўсім, каму ён служыць. Сабаку давалі есці да пары да часу, пакуль… Як там пішацца?
Канстанцін Міхайлавіч паднёс да вачэй акуляры і, не надзяваючы іх, прачытаў:
— «Авечак гнаў ён, да птушак краўся». Што ж гэта значыць? Дробныя вылазкі і наскокі на нашы сялібы. Гаспадарам заманулася большага. Сабаку абмалілі рацыён. Яму стала скрутна, захацелася паскавытаць. Але не на месяц, а на яснае панскае аблічча. I цюцьку пацягнула на вершы. А можа, удасца расчуліць каго…
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца, зноў падымае са стала старонку.
— Паўтарыў народнае слоўца: «сабака воўчае натуры». Гэта вельмі трапна прылеплена да яго пысы. Так гаварылі ўсюды, дзе людзі наспытваліся гора ад балахоўшчыны. I на Случчыне і на Мазыршчыне. Вёска ненавідзела гэтую набрыдзь страшэнна. Яна жыла няпісанай мараллю: ці балаховец, ці гадзюка — усё роўна. Сустрэў — забі: сем грахоў даруецца. Але банды сышлі наніц, «бацьку» не заставалася нічога іншага, як уцячы і цешыцца вершыкамі. I яны не засталіся, як і трэба было чакаць, без водгуку…
А наогул, параўнаннем з сабой пакрыўдзіў, нягоднік, сабаку!
Нагадаўшы гэта, Колас пытаецца, ці помню верш, дзе пішацца, як стары сабака і хлопчык адкусвалі па чарзе кавалачкі ад акрайца, «ни капельки друг другом не погребав».
Думка развіваецца. У нашай паэзіі, хутчэй — у рыфмацтве 20-х гадоў табунамі іржалі жарабяты, мэкалі авечкі, імчаліся ў санях коні, гаўкалі сабакі, блішчалі косы і плугі. Але худоба і сельскагаспадарчы інвентар і ў малой меры не належалі аўтарам так званых сялянскіх вершаў — бралі напракат у суседзяў. Тым часам імкненне да свайго ў паэзіі — адзіны перажытак уласніцтва, які трэба вітаць. У вершах буйнога паэта жывёла была жывая. У пераймальнікаў «меньшие братья» ператварыліся ў пудалы, літаратурныя даспехі, у сродкі пафарсіць, прыняць позу: ах-ах, бяда — конь саступае дарогу трактару…