Выбрать главу
ВАЎКАЛАКА
Трымціць у вадзе аер. Хачу цеплыні, спакою. А я — напалову звер — Маўчу нематой людскою. Я — вылюдак для людзей, I я ж для ваўкоў — пачвара. У ціхай, як ноч, вадзе Русалка аб ліўні марыць. I я нават ёй — нішто, Як зорка — нішто для багны. I поўсць не стане шчытом Ад срэбранай кулі прагнай. Аер ад стрэлу ўздыхне, I куля ўвап'ецца ў грудзі... За што ж караюць мяне I бог, і звяры, і людзі?
УЦЕКАЧЫ
Заблудзіў карабель наш у моры. Стырнавы—і сляпы, і стары. А на палубе людзі гавораць, I смяюцца, і стогнуць вятры. Ветразь з плямамі солі і плесні Выпнуў грудзі, нібыта гусак, I змяшалася з хвалямі песня — Не забыцца яе аніяк. Будзе бура — і нехта загіне, Будзе дождж — і нап'ёмся вады... На ўзбярэжжы якойсьці краіны, Быццам чайкі, святлеюць дамы. Там нябожчыкаў з плачам хаваюць — Мы без боязі ў хвалі нырнём. Можа, і нарадзілі нас хвалі — Так замгліўся у памяці дом. ...I калі карабель наш бяздомны Будзе рыфамі ўзяты ў нябыт I спытаюць архангелы, хто мы,— Хай не ўспомніць наш розум слабы...
* * *
...Ён меў прыгожы і злы штандар, Сябрыну, зброю і лес. I ў лесе звалі яго: «Змагар». «Зладзюга» — ў родным сяле.
Ён храмы вогнішчаў будаваў У змрочных вёсках лясных. Любіў жанчыну — не ўратаваў, Таму і гвалціў другіх.
Калі ж душу сваю спапяліў — Забыў каханай імя... Тады аб камень стрэльбу разбіў, Бо знаў: пракляла зямля. А смерць сыходзіла ў ціхі лог. Штандарам валодаў дым, Бо сэрцу болей зманіць не мог Прыгожы лозунг на ім.
ЗМЕЙ
Крывавае золата змей вартаваў дні і ночы, I гінуў у страўніку доўгім няўдачлівы госць. Ды золата ў змея таго адабралі аднойчы. Сціскае ён зараз у кольцах сваіх Прыгажосць. А кольцы яго распляліся па цэлай планеце I душаць празрыстыя рэкі і думкі аб іх, Да замкаў старых запаўзаюць у выглядзе смецця, У храмы — і людзі багоў забываюць сваіх. А каб не знайшлі да ратунку шляхоў патаемных, Па сумных паданнях,— той змей навучыўся пісаць. I дзе пачынаецца голас вучонага змея, А дзе чалавечы — не можам ужо разабраць. У служкі да змея ідуць — во часіны насталі! А добрыя людзі не вераць, што змей гэты ёсць. Каб золата ён вартаваў — дык і зноў адабралі б... ...Раздушвае змей у абдоймах сваіх Прыгажосць.
АРМАГЕДОН
...I калі ў той іконе, што ўзнеслі на дах, Затрымцела варожая дзіда, Нехта ўспомніў: «Ёсць вязень у гэтых мурах, Ён прарок, хай тлумачыць нам дзіва». І паслалі ў скляпенне з надзеяй на цуд Гараджане манаха і вояў. I парушыў нарэшце сваю немату Чорны вязень з сівой барадою: «Што вам трэба? Вы прагнеце праўды святой? Вы ж яе праганялі, панове! Надта доўга каралі мяне нематой. Вы спазніліся. Я ўсё прамовіў. На любым скрыжаванні — праменняў, галля Ці пакорлівых спінаў і лейцаў Нараджалася бедная песня мая, І яе распіналі на месцы. Больш не веру ні ў вечнасць, ні ў праўду сваю. Чуласць познюю я ненавіджу. Я ападак надзеі, ападкам згнію. Мне пакіньце скляпенную цішу». I пасланыя ўбачылі: ён — чалавек, Брудны, хісткі, душою зламаны... I чакаць ратавання ад грэшнага — грэх. I яго яшчэ раз пахавалі. ...I калі запалаў і палац, і кляштар I згарэлі іконы і хаты — Плыў над горадам чорны і вольны ўладар Цень адкідваў у выглядзе кратаў.
БАЛАДА ПРА СВАЁ I ЧУЖОЕ
Ен біўся на чужой зямлі. За што? Не верыць, што дарэмна. Радзіму у яго ўзялі, I ён назваў Радзімай — неба. А суайчыннікі яго Муры замшэлыя ўздымалі. Зямля цішэла ад снягоў, I прыхадні снягі тапталі. «Ратуйце!»— крык стаяў паўсюль, А вой, пакрыўджаны навечна, Мог верыць толькі слову куль, Чужы для веры чалавечай. Ён хмарай плыў. I ветрам быў. I пазабыўся, скуль быў родам. ...I на Радзіме — родных біў, Пракляты богам і народам.