Выбрать главу
НАЧНЫ ГОРАД
Мы жывём у каралеўстве страху, Ва ўладанні падазроных воч, Тут, дзе пад паветра дымным дахам Скрадзенай нявестай стогне ноч, Ліхтары блішчаць радзей, чым шчасце. А яно на сто кватэр — адно... Брэх сабакі... Ціхі плач дзіцяці... Зоркаю разбітае акно... Постаці прыпозненых прахожых Ціснуцца да купінак святла, I баіцца кожнага і кожны, I свайго пільнуецца жытла. Дзесьці ўскрыкне безнадзейна гора, Дзесьці загарлае смелы кат, I шчыльней зачыніць дзверы горад, I часцей заблішча зарапад. Занач даламае хтось альтанку У двары ля завадской трубы, І сівы ад сполаху світанак Пакладзе на столь прамень слабы. Больш ніхто не просіць дапамогі. Страх карону зняў на светлы час. Мы прачнёмся з думкай: «Дзякуй богу! Цемра зноў не зачапіла нас!»
* * *
Яшчэ ў жыцці я столькі не пабачыла — Зубра жывога, ды каб не за кратамі, Млына сапраўднага, які 6 муку малоў, Нязмушанага свята — без сцэнарыя. Хай чучалы ў музеях заалогіі, I лаўкі сувенірныя ў старых млынах, I святы, дзе ў фальклорных строях «цюгаўцы» Працуюць перад гледачамі рэдкімі,— Хай гэта ўсё я шмат разоў пабачыла, Яно мне не бліжэй за кветкі штучныя, З якіх душа — матыль апошні верасня — Не вып'е ані кропелькі святочнасці. Але пакуль зубры блукаюць між ялін, I недзе на сямі вятрах рыпіць вятрак, I недзе водзяць па дварах казу і Смех, Не скончыцца мая жывая Беларусь, I, пачуваю, здоўжыцца мой шлях зямны, Пакуль не наталюся спраўджаным жыццём.
СТАРЫМ СЯБРАМ
Мой пакой затапіла ізноў Цішыня — глыбіня залатая. Са старых вырастаю сяброў, Як з адзення дзіця вырастае.
Так балюча і страшна, відаць, Толькі дрэвам, губляючым лісце. Лозам памяці не утрымаць Гронкі прозвішч, любімых калісьці. Цішыня... Цішыня... Цішыня У душы заварушыцца востра. Ўсіх прыбіла да берага... Я — Ўсё шукаю свой ззяючы востраў.
Са старых вырастаю сяброў Так жахліва — і так непазбежна... Мой пакой затапіла ізноў Цішыні залатое бязмежжа.
* * *
Перарасцём мы ўсе свае няшчасці, Як некалі—дзіцячыя хваробы: Спазнаюцца маланкавыя страсці I гордай адзіноты цяжкі вопыт. Перажывём смерць блізкіх і далёкіх. Мяжа пакут не перарэжа сэрца... Што ж застаецца ў нас, няверных богу, Каб выжыць? Жах прад смерцю застаецца. I на зямлі той жах ніхто не ўладны Ні высушыць, ні выпіць дзікім мёдам... Жаданнем жыць ваўкі лякуюць раны. Жаданнем жыць лякуем мы самоту. I дай мне, божа, у апошнім крыку Спасцігнуць сэнс зямной кароткай драмы: Хаця жаданне смерці — грэх вялікі, Але баяцца смерці — грэх таксама, I хай не боязь да пары загінуць, Не жах адплыць на невядомы бераг, А свет святла, куды калісь я знікну, Дасць мужнасць мне і прабачаць, і верыць...
* * *
Дождж зязюляй шэрай прыляцеў, У раку упаў бездапаможна. Наплыла самота па вадзе— А ваду ніхто не пераможа —
Змые ўсё. I толькі берагі Лазняком самоту зачаплялі, I пярсцёнак месяца з рукі Маладой лазы упаў у хвалі...
Абміналі хвалі астравок, Дзе будан я з кветак майстравала... А калі мой востраў, як вянок, Патануў — зязюля закувала.
ДАНАЯ
Дождж залаты твайго кахання Працяў сухія камяні. Я двойчы бачыла світанне У тым бясконцым, палкім дні.