Выбрать главу

На вуліцы ім у твар ударыў густы струмень цёплага ветру, ірвануў у дзяўчыны з галавы хусціну.

— Гэта вы нам, Сямён Пятровіч, вецер прынеслі. Учора яго не было, — усміхнулася Вера, папраўляючы косы.

Пад раскідзістым вязам, што нахіліўся над ганкам канторы, яны заўважылі чалавека. Бліснуў агеньчык цыгаркі, і Кузняцоў пазнаў яго. То быў Рыгор, той самы дэмабілізаваны вайсковец, які, разгадваючы тады красворд, першы назваў Паўлюка Труса. Некалькі гадзін таму назад, перад пачаткам сходу, Сямён Пятровіч пазнаёміўся з ім.

Юнак да прызыву ў армію скончыў механічнае аддзяленне сельскагаспадарчага тэхнікума і цяпер працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады.

«Мо кагосьці чакае, каб пайсці разам»,— падумалася Кузняцову, калі яны міналі хлопца.

Кузняцоў праводзіў Веру дахаты. Паварочваючы ў завулак, дзе жыла дзяўчына, ён зноў убачыў на другім баку вуліцы адзінокую постаць. Чалавек бесперапынна бліскаў цыгаркай. А вяртаючыся назад, у кантору, дзе быў абсталяван невялікі пакойчык для прыезджых, Сямён Пятровіч успомніў чамусьці адзін інстытуцкі вечар і сваю ранейшую сяброўку. Тая таксама яму падабалася. Але пачуццё да яе было не такім цёплым, як да гэтай бібліятэкаркі. I чаму так? Вера, як і тая студэнтка, не была асабліва прыгожай — звычайная дзяўчына. Але ж ёсць у ёй нешта такое, што вабіць, прыцягвае.

Сямён Пятровіч быў, як кажуць, не першай маладосці, i таму каханне яго, крыху запозненае, было моцным.

... Бялее на ўсходзе неба, прачнулася, зашчабятала недзе ранняя птушка, а Сямён Пятровіч усё трымае Веру за рукі:

— Ну пабудзь адну хвілінку...

Вера стаіць, прыхіліўшыся да дрэва, пазірае кудысьці на ўсход i ціха спявае:

— Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

Сямён Пятровіч паглядае ў той бок, куды пазірае Вера. Там, далёка-далёка ў небе, яшчэ зіхацяць познія зоры.

А Вера прадаўжае:

— Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Калі Сямён Пятровіч ужо ехаў дадому на веласіпедзе, яго аклікнулі:

— У вас, добры чалавек, няма аганьку?

Бьшцам хто штурхнуў Сямёна Пятровіча пад руку. Руль захістаўся, веласіпед скаціўся ў каляіну і спыніўся. Кузняцоў азірнуўся. На Марцінавым лагу воддаль пасвіліся коні. А бліжэй да дарогі ў шапцы-вушанцы і плашчы-дажджавіку, шырока расставіўшы ногі, стаяў Мацвей Бяляк.

— Запалак, кажу, няма ў вас часам? А-а, гэта вы, грамадзянін суддзя, добрай раніцы!.. А я быў i не пазнаў вас.

Кузняцоў таропка выняў з кішэні і працягнуў конюху запалкі.

— От жа парадкі!.. I хто гэтых упаўнаважаных прыдумаў? — прыкурыўшы, загаварыў Мацвей.— Гэта ж, мабыць, дагэтуль яшчэ засядалі з праўленцамі? А цяпер пасядзі вось у тым судзе цэлы дзень...

Сямён Пятровіч падазрона прыгледзеўся да Мацвея: не, той, відаць, нічога не бачыў. Але крыху ад’ехаўшы, пачуў, як Бяляк прабурчаў:

— Учэпістыя рукі ў гэтай бібліятэкаркі. Баюся, што нездарма яна так за суддзю трымаецца.

6

Пазнаёміўшыся са справай, Сямён Пятровіч склікаў падрыхтоўчае пасяджэнне суда. Яно павінна было зацвердзіць абвінаваўчае заключэнне. Толькі пасля гэтага крымінальная справа можа разглядацца на судовым пасяджэнні.

Павел Рыгоравіч, асядлаўшы акулярамі шырокі нос, час-ад-часу зазіраў у паперы і даводзіў суддзям, чым пацверджана віноўнасць Куксы. Паводле яго слоў, Кукса, выкарыстаўшы момант, калі не было вартаўніка, разбіў шыбу, залез у заспенскую краму і пацягнуў розных тавараў больш як на 5 тысяч рублёў. Адбіткі пальцаў на абломку шкла і след абцаса — пацверджанне гэтаму. Сямён Пятровіч са стомленым, здавалася, зусім безуважлівым выглядам слухаў пракурора і ратаваўся, каб не пазяхнуць.

— Як бачыце, таварышы суддзі, на гэты раз вядомы нам Кукса ўжо не задаволіўся шаснаццаццю рублямі,— закончыў свой даклад праку­рор і, кінуўшы дакорлівы позірк на суддзю, падумаў: «Ну, ці ж яму цяпер да гэтай справы? Ледзь сядзіць ад бяссонніцы. Ды i то, напэўна, у думках стаіць яшчэ пад тымі бярозамі...»

— Кукса ж растлумачыў, што прытрымліваў шыбу рукамі, калі па просьбе крамніка Андрэя Арэшкі забіваў цвічок, каб тая не дрыжала ад ветру. Тады ж i след ад абцаса застаўся. Чым абвергнута гэтая версія? — спакойна запытаў суддзя.

— Хіба такому прайдзісвету можна верыць? Ён жа спачатку сцвярджаў, што зусім у той дзень i не быў у Заспе. А калі эксперты далі заключэнне, што сляды пальцаў i абцаса належаць яму, прыдумаў падобную версію.