Выбрать главу

1426 - удзел беларускіх рыцараў Жыгімонта-Карыбута ў пераможнай бітве гусітаў з крыжацкімі штандарамі каля горада Усці на Лабе.

1427 - рабаўнічы паход войска ВКЛ на паселішчы Ноўгарадскай зямлі.

1430 - 23 жніўня, падрыхтаваная каралеўская каранацыя князя Вітаўта не адбылася, бо асвячоная папам рымскім карона была гвалтам забраная палякамі на загад Ягайлы ў паслоў Вітаўта на польскай мяжы. У наступным гэтая карона, надсечаная мечам, выкарыстоўвалася як карона кракаўскага біскупа.

1430 - кастрычнік, смерць вялікага князя Вітаўта. Сыноў не пакінуў, дачка Соф'я стала жонкай маскоўскага князя Васіля, сына Дзмітрыя Данскога.

1430 - лістапад, абранне баярствам ВКЛ на вялікага князя Свідрыгайлы насуперак умовам Гарадзельскай вуніі і жаданню палякаў, якія хацелі, каб тытул вялікага князя перайшоў да Ягайлы, а ВКЛ засталося без уласнага валадара. Зняволенне Ягайлы ў віленскім замку на загад Свідрыгайлы.

1432 - пачатак 4-гадовай хатняй вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім паміж вялікімі князямі Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Разбурэнне варагуючымі бакамі Крэва, Ліды, Заслаўя, Менска, Барысава, Маладэчна, Трокаў.

1432 - жнівень, напад палкоў Жыгімонта Кейстутавіча на Свідрыгайлу ў Ашмянах. Асада Мсціслаўскага замка.

1432 - 8 снежня, бітва пад пад Ашмянамі паміж вялікімі князямі Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Загінула ў гэтай сечы болей за 10.000 чалавек.

1433 - аблога палкамі Свідрыгайлы Лідскага і Крэўскага замкаў.

1434 - разбурэнне войскам Свідрыгайлы пасадаў Менска. Безвыніковая асада менскага замка.

1435 - аблога войскамі князя Жыгімонта Віцебска і Полацка, верных князю Свідрыгайлу.

1435 - спаленне ў Віцебску на загад князя Свідрыгайлы мітрапаліта кіеўскага Герасіма. Гэты варварскі акт пазбавіў Свідрыгайлу мноства прыхільнікаў сярод праваслаўнай шляхты і блага паўплываў на лёс самастойнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ.

1435 - верасень, бітва на рацэ Святой паміж войскамі князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта. Пераможцам выйшаў Жыгімонт Кейстутавіч.

1440 - захоп змоўшчыкамі (праваслаўныя князі Іван і Аляксандар Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялюша) трокскага замка і забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў замкавай капліцы. На вялікага князя абраны малодшы сын Ягайлы - 14-гадовы Казімір Андрэй (Імя Андрэй было нададзена пры нараджэнні ў гонар дзеда - Андрэя Гальшанскага). Дынастыя Кейстутавічаў сыйшла ў небыццё.

1446 - захоп князем Мазоўшы Баляславам часткі Падляшша.

1443 - вайна Вялікага Княства Літоўскага з Мазовіяй за Падляшша.

1444 - 10 лістапада, удзел беларускіх палкоў у бітве пад Варнай з туркамі. Смерць у бітве караля Польшчы Ўладзіслава Ягайлавіча. Гэта наноў аднавіла вунію ВКЛ з Польшчай, бо вялікі князь Казімір быў абраны палякамі на караля.

1449 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на Калугу.

1454 - удзел войска ВКЛ у 13-гадовай вайне Польшчы з Прускім (Тэўтонскім) ордэном за Памор'е.

1474 - першы напад крымскіх татараў на паўднёвыя землі Беларусі. Усяго з гэтага года па 1569 год крымчакі зрабілі 75 рабаўнічых паходаў і наездаў на Беларусь.

1481 - красавік, няўдалая змова праваслаўных князёў Вялікага Княства (Міхаіла Слуцкага, Фёдара Бельскага, Івана Гальшанскага) супраць вялікага князя Казіміра. Пакаранне схопленых М.Слуцкага і І.Гальшанскага смерцю праз адсячэнне галавы ў Вільні.

1490 - перамога войска Вялікага Княства Літоўскага над татарскім войскам каля горада Зацлава.

1492 - ліпень, пасля смерці вялікага князя ВКЛ і польскага караля Казіміра пачатак першай буйной вайны Маскоўскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім за ўсходнія тэрыторыі ВКЛ. Ваенныя дзеянні цягнуліся 3 гады.

1492 - жнівень, маскоўскія ваяводы папалілі Мцэнск і Любуцк, людзей вывелі ў палон.

1492 - верасень, маскоўскае войска захапіла Рагачоў і Хлепень.

1494 - не маючы сілаў перамагчы маскоўцаў у вайне, рада ВКЛ вырашыла замірыцца праз шлюб вялікага князя Аляксандра з дачкой маскоўскага князя Івана III Аленай. Па ўмовах шлюбу ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі.

1497 - паход войскаў Польшчы і Вялікага Княства на Малдавію.

1497 - рабаўнічы наезд татараў на Мазыршчыну, аблога Мазыра.

1499 - рабаўнічы наезд татараў на Берасцейшчыну. Спаленне горада і крэпасці Берасця.