Выбрать главу

1602 - снежань, пачатак 4-месячнай паспяховай аблогі 2-тысячным войскам польнага гетмана Яна Хадкевіча шведскага гарнізона ў горадзе і замку Дэрпт (цяперашняе Тарту).

1603 - верасень, дзікунскае забойства перакладчыка і выдаўца Евангелля ў беларускай мове Васіля Цяпінскага роднымі пляменнікамі за выдаткі грошай на друкарню.

1603 - стварэнне Аляксандрам Лісоўскім у Беларусі аддзелаў нерэгулярнай лёгкай конніцы з беднай шляхты і вольных людзей. Гэтыя аддзелы атрымалі назву лісаўчыкоў. Былі адметныя смеласцю, бязлітаснасцю і ахвотай да рабункаў. Ваявалі ў войску Ілжэдзмітрыя II, служылі каралю Жыгімонту Вазе, потым наймаліся да нямецкага імператара Фердынанда душыць чэшскае паўстанне 1620 года. На баку войска Рэчы Паспалітай удзельнічалі ў бітве з туркамі пад Хоцінам ў 1621 годзе. У мірныя гады пераўтвараліся ў шайкі рабаўнікоў. Канчаткова расфармаваныя ў 1636 годзе.

1604 - верасень, перамога войска ВКЛ на чале з гетманам Янам Хадкевічам над шведскім войскам пад Белым Каменем (у Эстоніі).

1604 - удзел вайсковых аддзелаў беларускіх магнатаў у паходзе Ілжэдзмітрыя на Маскву. Бітва 15-тысячнага войска самазванца з 50-тысячным маскоўскім войскам пад Ноўгарад-Северскім.

1605 - 21 студзеня, няўдалы бой палкоў Ілжэдзмітрыя з царскім войскам Васіля Шуйскага пад Дабрынічамі.

1605 - 27 верасня, перамога 4-тысячнага войска Вялікага Княства на чале з гетманам Янам Хадкевічам над 14-тысячным войскам шведаў каля вёскі Кірхгольм за 13 вёрстаў ад Рыгі. Галоўнкую ролю адыгралі гусарскія палкі В.Войны і Я.Сапегі. Беларусы ў гэтай бітве ўзялі 60 трафейных сцягоў разгромленых шведскіх харугваў. Шведы страцілі забітымі 6 тысяч чалавек, войска Я.Хадкевіча - 100 забітымі.

1606 - 20 чэрвеня, паўстанне гараджанаў Магілева супраць магістрата, ачоленае рамеснікамі Стахарам Мітковічам і Пётрам Кузьмінічам. Канчаткова задушана ўладамі ў 1610 годзе, актыўныя ўдзельнікі паўстання пакараны смерцю на шыбеніцы.

1607 - 6 ліпеня, перамога войска, узначаленага Янам Хадкевічам, над войскам ракашанаў (канфедэрацыі шляхты, скіраванай супраць караля Жыгімонта Вазы), якое ўзначальваў Януш Радзівіл.

1608 - удзел беларускай шляхты ў паходзе на Маскву з тушынскім самазванцам (Ілжэдзмітрыем II).

1608 - пачатак безвыніковай 15-месячнай аблогі беларускімі і польскімі аддзеламі на чале з Сапегам і Аляксандрам Лісоўскім Троіца-Сергіеўскай лаўры.

1609 - 4 сакавіка, узяцце штурмам 2-тысячным войскам гетмана вялікага Яна Хадкевіча горада Пярну, які абараняў шведскі гарнізон.

1609 - пачатак 9-гадовай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай за вяртанне ВКЛ Смаленскай зямлі. Пачатак аблогі войскам Смаленска. Узяцце горада штурмам ў чэрвені 1611 года.

1609 - 11 ліпеня, спроба забойства праваслаўнымі ў Відьні вуніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея. На 70-гадовага мітрапаліта напаў гайдук і выцяў шабляй. Пацей паспеў засланіць галаву рукой, і шабля адсекла яму пальцы, перасекла кій і вопратку. Гайдука злавілі, збілі і назаўтра павесілі. Прозвішча яго было Тупэка.

1610 - другое паўстанне магілеўскіх гараджанаў.

1610 - 21 верасня, уваход ў Маскву польскага і беларускага войска на чале з Гансеўскім пасля абвяшчэння баярамі «рускім царом» каралевіча Ўладзіслава Вазы.

1611 - пачатак 2-гадовага мяцежу сялянаў бабруйскіх вёсак супраць правядзення валочнай памеры.

1611 - 29 сакавіка, задушэнне войскамі Гансеўскага ў Маскве паўстання гараджанаў супроць польска-беларускага гарнізона.

1612 - верасень, баі войска Яна Хадкевіча з апаўчэннем князя Дзмітрыя Пажарскага каля Масквы.

1612 - лістапад, вымушаная здача ў палон польска-беларускага гарнізона ў Маскоўскім Крамлі.

1613 - аблога Смаленска маскоўскім войскам.

1613 - красавік, пачатак будаўніцтва Жыровіцкага вуніяцкага манастыра і царквы, дзе змяшчаўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэны найзначнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан, Рыгор Трызна. Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. Пасля прылучэння Беларусі да Расеі Жыровічы забраныя для праваслаўнай царквы.

1614 - красавік, вызваленне палкамі Сапегі і Лісоўскага Смаленска ад маскоўскай аблогі.

1615 - паход палкоў, на чале з Янам Кішкам і А.Лісоўскім на Старадуб і Бранск.

1615 - князь Мікалай Радзівіл Сіротка заснаваў камандорства мальтыйскага ордэна ў Сталовічах над Шчарай.

1616 - паўстанне гараджанаў Мазыра ў абарону сваіх правоў на гарадское самакіраванне. Захоп паўстанцамі замка. Сутычкі з каралеўскімі войскамі.