Выбрать главу

1616 - пераможны бой сялянскіх атрадаў каля Глуска з шляхецкай харугвай Сянкевіча.

1617 - паход каралевіча Ўладзіслава Вазы на Маскву. Войска ўзначальваў гетман вялікі літоўскі Ян Хадкевіч. Саюзнікамі былі казакі гетмана Сагайдачнага, рэшткі паўстанцкіх аддзелаў Івана Балотнікава. Безвыніковы штурм Масквы.

1621 - верасень, перамога ў шматдзённай бітве пад Хоцінам 70-тысячнага войска Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Янам Хадкевічам над 220-тысячным турэцка-татарскім войскам.

1622 - аблога і ўзяцце палкамі гетмана польнага Крыштафа Радзівіла горада Мітавы.

1623 - 12 лістапада, мяцеж праваслаўных у Віцебску супраць вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча. Быў жорстка забіты натоўпам, цела біскупа кінулі ў Дзвіну, прывязаўшы да шыі рыбацкую сетку з камянямі. 19 удзельнікаў забойства пакаралі смерцю, а яшчэ 80 уцяклі з горада. Язафат Кунцэвіч у 1643 годзе быў абвешчаны першым святым вуніяцкай царквы ў Беларусі.

1625 - пачатак 4-гадовай вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй.

1632 - пачатак 2-гадовай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за Смаленск.

1633 - аблога маскоўскімі войскамі Смаленска, захоп Асвеі, Друі, Прапойска, Полацка.

1633 - верасень, выступленне гараджанаў Магілева супраць пастою каралеўскага войска. Пяць завадатараў выступлення пакараны смерцю.

1633 - верасень, акружэнне аддзеламі войска Рэчы Паспалітай маскоўскага войска пад Смаленскам.

1633 - аблога загонамі ўкраінскіх казакаў Гомельскага замка.

1633 - 12 кастрычніка, узброены мяцеж гараджанаў Полацка супраць вуніяцкага архібіскупа Селявы ў сувязі з рэлігійным уціскам.

1634 - люты, падпісанне царскім ваяводам М.Шэінам капітуляцыі маскоўскага войска пад Смаленскам.

1647 - мяцеж жыхарства ў Цяляханах. Бой з шляхецкімі аддзеламі.

1648 - красавік, пачатак казацкага паўстання Хмяльніцкага на Ўкраіне, якое перайшло ў антыфеадальную вайну і захапіла Беларусь. Вайна цягнулася з перапынкамі да 1667 года і набыла назву Патопа. У Беларусі за гэты час загінула 52 адсоткі насельніцтва. Ва ўсходніх паветах і на Меншчыне страты насельніцтва складалі да 75 адсоткаў.

1648 - 15 верасня, расстрэл у Берасці салдатамі вуніяцкай харугвы публіцыста, ігумена Сімяонаўскага манастыра Афанасія Філіповіча за адмову выракчыся праваслаўнай веры. У жніўні 1649 года кананізаваны царквой як святы прападобны пакутнік.

1648 - 20-22 верасня, разгром казацкімі палкамі шляхецкага войска Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі.

1648 - верасень, захоп украінскімі казакамі палкоўніка Главацкага горада Гомеля, вынішчэнне ўсіх каталікоў і габрэяў.

1648 - кастрычнік, паўстанне гараджанаў Бабруйска, перамога паўстанцаў каля горада над атрадамі харужага літоўскага Паца.

1648 - лістапад, войска стражніка ВКЛ князя Мірскага ўзяло штурмам Пінск. Былі забітыя 3.000 абаронцаў горада, іхныя дзеці і жонкі таксама былі бязлітасна пасечаныя.

1648 - 30 снежня, у Ігумене мясцовыя паўстанцкія аддзелы разграмілі войска харунжага літоўскага Паца.

1649 - з-за недароду збожжа галодны год у Беларусі, мноства сялянскіх двароў вымерлі.

1649 - 13 студзеня, бой смалявіцкіх жыхароў з двума палкамі наёмнага войска, узначаленых Данаваем.

1649 - 16 студзеня, знішчэнне каля Менска наёмных палкоў Данавая казакамі і паўсталымі сялянамі.

1649 - люты, 4-тыднёвая аблога Бабруйска войскам польнага пісара Валовіча. Узяцце Бабруйска шляхецкім войскам з-за здрады праваслаўнага духавенства і купцоў. Ноччу яны расчынілі гарадскія вароты і пакінулі горад, а ў Бабруйск ўварваліся харугвы польнага гетмана Януша Радзівіла. Гетман жорстка расправіўся і з казакамі, і з паўстанцамі-гараджанамі, і са здраднікамі (на кол пасадзілі 100 чалавек, 150 забілі, 800 пакаралі адсячэннем рукі, усяго паўстанцаў загінула больш за 3.000). Загінула за час баёў у горадзе болей за 4 тысячы чалавек.

1649 - 17 чэрвеня, разгром войскамі гетмана Януша Радзівіла 7-тысячнага атрада ўкраінскіх казакоў Іллі Галоты і паўсталых сялянаў каля Загалля на Прыпяці.

1649 - 30 ліпеня, бітва пад Лоевым войска Вялікага Княства на чале з Янушам Радзівілам з 30-тысячным войскам, якое ачольваў казацкі палкоўнік Міхаіл Крычэўскі. Палову войска складалі казацкія палкі з Украіны, палову - паўсталыя сяляне. Паранены Крычэўскі, які патрапіў у палон, адмовіўся ад прапановы Радзівіла перайсці на службу да яго і скончыў жыццё, разбіўшы галаву аб гарматнае кола.