Выбрать главу

1857 - 1 жніўня, царскім указам аднадворцы (бедная шляхта) у Беларусі, што жылі на ўласнай ці дзяржаўнай зямлі, рэпрэсіўна аднесены да дзяржаўных сялянаў (44.800 сем'яў).

1861 - красавік, паўстанне іўеўскіх сялянаў супраць драпежніцкіх умоваў зямельнай рэформы. Па ўсёй Беларусі на 1861 год засведчаны 379 сялянскіх выступленняў.

1863 - 1 лютага, пачатак паўстання ў Беларусі і Летуве пад кіраўніцтвам Канстанціна Каліноўскага. (За час паўстання адбылося 237 баёў і сутычак з царскімі войскамі.) Нябесным патронам паўстання абвешчаны святы Язафат.

1863 - 13 лютага, захоп паўстанцамі Пружанаў.

1863 - 11 красавіка, бітва паўстанцкага аддзела Людвіга Нарбута з карнікамі каля вёскі Новы Двор.

1863 - 21 красавіка, бітва паўстанцкага атрада Ўладзіміра Машэўскага з карнікамі каля вёскі Азярцы на Случчыне.

1863 - 24 красавіка, захоп паўстанцкімі аддзеламі Горак-Горыцкіх.

1863 - 26 красавіка, бой паўстанцаў з царскімі карнікамі каля вёскі Пагосцішчы аршанскага павета. Загінулі 6 паўстанцаў.

1863 - 28 красавіка, параза атрада менскіх паўстанцаў у баі з карнікамі каля вёскі Пятровічы.

1863 - 22 траўня, пераможны бой паўстанцкіх аддзелаў з царскімі карнікамі каля вёскі Кадыш на Гарадзеншчыне.

1863 - 24 траўня, у Вільні расстраляныя за ўдзел у паўстанні вікары Жалудоцкага касцёла Станіслаў Ішора і ксёндз Ваверскага касцёла Раймунд Зямацкі (абодва - з Лідскага павета).

1863 - 26 траўня, смерць у баі з царскімі карнікамі каля вёскі Парэчча паўстанцкага камісара Дзісенскага павета Генрыха Дмахоўскага, вядомага скульптара.

1863 - 28 траўня, бітва атрада Вінцэнта Козела з карнікамі каля вёскі Ўладыкі на Вілейшчыне (загінулі 100 паўстанцаў).

1863 - 3 чэрвеня, бітва аддзела паўстанцаў з царскімі карнікамі пад Мілавідамі. У 1927 годзе ў гонар палеглых паўстанцаў тут збудаваная капліца.

1863 - 10 чэрвеня, расстрэл у Лідзе ксяндза Ішчалінскага касцёла Адама Фалькоўскага за чытанне вернікам паўстанцкага маніфеста.

1863 - 13 чэрвеня, бітва паўстанскіх аддзелаў Ф.Уладака і Яна Ваньковіча з царскімі карнікамі каля вёскі Новыя Пяскі.

1863 - 15 чэрвеня, бітва паўстанцкіх аддзелаў Валерыя Ўрублеўскага з царскімі карнікамі на Пружаншчыне.

1863 - за ўдзел студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў паўстанні ўказам цара інстытут пераведзены ў Пецярбург. З гэтага моманта ў Беларусі адсутнічаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы.

1863 - 27 ліпеня, пакаранне смерцю праз павешанне на Лукішскім пляцы ў Вільне кіраўніка паўстання Зыгмунта Серакоўскага.

1863 - 5 жніўня, расстрэл у двары менскай турмы паўстанца Янкі Жмачынскага. Гэта да ягоных ног кінула кветкі праз закратаванае акно камеры Каміла Дуніна-Марцінкевіч, арыштаваная за ўдзел у паўстанні, дачка знанага драматурга. Выкарыстанне пад турму для паўстанцаў кляштара і касцёла бернандзінцаў у Менску (цяпер заняты гарнізоннай гаўптвахтай).

1863 - 28 жніўня, расстрэл карнікамі ў Воршы начальніка аршанскага атрада паўстанцаў Ігната Будзіловіча.

1863 - 1 верасня, бітва паўстанцаў з царскімі карнікамі каля вёскі Баруны Ашмянскага павета.

1863 - 20 снежня, расстрэл на Лукішскім пляцы Цітуса Далеўскага, памочніка Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем.

1864 - 27 лютага, пакаранне смерцю на шыбеніцы камандзіра паўстанцкіх атрадаў Магілеўшчыны Людвіка Звяждоўскага.

1864 - 22 сакавіка, пакаранне смерцю на шыбеніцы на Лукішскай плошчы ў Вільні кіраўніка паўстання Канстанціна Каліноўскага. Усяго па афіцыйных дадзеных 128 удзельнікаў паўстання былі пакараныя смерцю. У баях загінула болей за 6.000 паўстанцаў. На катаргу саслана болей за 1000 чалавек, выслана ў Сібір 13.000 паўстанцаў.

1864 - красавік, канфіскацыя паліцыяй бібліятэкі Віктара і Канстанціна Каліноўскіх у Пецярбурзе. Значная частка кнігазбору братоў выяўлена ў публічнай бібліятэцы Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу. Рукапісы Каліноўскіх былі прададзены ў 1872 годзе і бясследна зніклі.

1864 - 5 жніўня, пакаранне смерцю ў Варшаве камандзіра Кобрынскага паўстанцкага атрада Рамуальда Траўгута.

1864 - пачатак 1,5-гадовага зняволення ў менскім турэмным замку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, абвінавачанага ва ўдзеле ў паўстанні. У турэмнай камеры ён напісаў сваю знакамітую «Пінскую шляхту».