Выбрать главу

1865 - разгромная рэвізія Віленскага музея старажытнасцяў, заснаванага ў 1855 годзе гісторыкам і пачынальнікам беларускай археалогіі графам Я.Тышкевічам. Вываз у Маскву на загад генерал-губернатара Мураўёва найлепшых экспанатаў (3.818 археалагічных помнікаў, 3.948 партрэтаў, гравюр, бюстаў, 487 пячатак, 2.097 прывілеяў і аўтографаў, 541 экзэмпляр рукапісаў, 11.014 экспанатаў чучалаў птушак, 8.110 нумізматычных помнікаў, 19.700 тамоў кніг). З экспазіцыі было вынута ўсё, што нагадвала пра былую самастойнасць Вялікага Княства.

1866 - канчатковае закрыццё касцёла Бярозаўскага кляштара картэзіанцаў (кляштар зачынены ў 1832 годзе пасля паўстання). Разабраны расейскімі салдатамі для будаўніцтва казармаў.

1867 - 29 чэрвеня, цырымонія ў Рыме кананізацыі як паўсюднага каталіцкага святога Язафата Кунцэвіча. Занесены ў спіс святых ў Базіліцы св. Пятра з памінальным днём 12 лістапада.

1868 - 19 лютага, спецыяльным законам аднадворцы Менскай, Гарадзенскай, Віленскай, Магілеўскай губерняў пераведзены ў сельскія абшчыны, што рэпрэсіўна зраўнівала гэтую даразборавую шляхту ў правах з сялянствам (110.000 чалавек).

1868 - гвалтоўны перавод з каталіцтва ў праваслаўе на працягу папярэдніх пяці гадоў болей за 60 тысяч сялянаў. Духоўнае насілле здзяйснялася ў мэтах умацавання Расейскай праваслаўнай царквы і русіфікацыі. Гэтым годам закрыты касцёл святой Марыі ў Заслаўі, касцёлы ў Віцебску, Полацку, Глыбокім, Магілеве, Мазыры, Слуцку.

1868 - скасаванне на загад царскай адміністрацыі мальтыйскага камандорства ў Беларусі. Апошні камандор - Людвіг Радзівіл. Касцёл беларускіх мальтыйцаў перароблены ў расейскую праваслаўную царкву.

1871 - удзел эмігрантаў-беларусаў у баявых атрадах Парыжскай камуны. Абарона Парыжа.

1871 - 23 траўня, смерць у баі з версальцамі начальніка ўзброеных сілаў Парыжскай камуны, аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Беларусі ў 1863 годзе Яраслава Дамброўскага.

1873 - 23 траўня, дзеля вынішчэння вуніяцага культу св. Язафата на загад расейскіх уладаў у царкве ў Белай Падляскай саркафаг з машчамі святога перанесены жандарамі з алтара ў склеп і там замураваны. У 1914 годзе перавезены ў Вену, а потым у Рым.

1874 - увядзенне ў Расеі ўсеагульнай вайсковай павіннасці з 21-гадовага ўзросту. Тэрмін службы - 6 гадоў у войску, 7 гадоў - на флоце. Моцны механізм русіфікацыі мужчынскай паловы беларускага насельніцтва, змушанага засвойваць на службе расейскую мову і культуру.

1874 - лістапад, карная экспедыцыя (400 салдат, 200 казакоў) на жыхароў мястэчка Лагішын Пінскага павета. Аднятая ў іх зямля была прададзена менскаму генерал-губернатару. Усіх лагішынцаў збілі бізунамі, з іх гвалтам узялі грошы за «самавольнае выкарыстанне зямлі». Дамагліся вяртання сваёй зямлі праз два гады змагання.

1876 - 11 красавіка, абразлівае пераасвячэнне значнага каталіцкага асяродка - Бялыніцкага касцёла Ўспення, які меў цудатворны абраз Маці Боскай, у праваслаўную царкву. У 1930 годзе будынак быў прыстасаваны бальшавікамі пад клуб, потым - пад склад, а ў 1961 годзе наогул знішчаны тагачаснымі ўладарнымі дзікунамі.

1877 - 24 красавіка, абвяшчэнне Расеяй вайны Турцыі. Удзел беларусаў у вайне ў складзе рэгулярных частак расейскага войска і ў якасці дабраахвотнікаў.

1877 - 17 ліпеня, удзел у баявых дзеяннях Перадавога атрада на чале з генерал-лейтэнантам, беларусам па паходжанню, І.Рамейка-Гурко. Узяцце города Казанлык і Шыпкі.

1877 - 20 ліпеня, удзел беларускіх салдатаў у штурме Плеўны.

1877 - 30 ліпеня, удзел беларускіх салдат у няўдалым штурме горада Плеўны (страты расейскага боку 9 тысяч чалавек).

1877 - 3 верасня, удзел беларускіх салдатаў у бітве з турэцкімі войскамі пад городам Лоўча.

1877 - 11 верасня, удзел беларускіх салдатаў у няўдалым штурме Плеўны (страты расейскага боку склалі 12 тысяч салдат).

1877 - 24 кастрычніка, удзел беларускіх салдатаў у бітве з туркамі за крэпасць Горны Дубняк.

1877 - 10 снежня, удзел беларускіх салдатаў у пераможнай бітве пад Плеўнай. Капітуляцыя 40-тысячнага турэцкага гарнізона.

1878 - 9 студзеня, удзел беларускіх салдатаў у бітве з туркамі каля Шыпкі. Капітуляцыя 40-тысячнай арміі Сулейман-пашы.

1881 - 24 студзеня, удзел беларускіх салдатаў ва ўзяцці расейскім войскам пад камандаваннем М.Скобелева галоўнай крэпасці цекінцаў Дзенгіль-Тэпе.

1881 - 13 сакавіка, Ігнат Грынявіцкі (ураджэнец Клічаўскага павета), выконваючы рашэнне выканкама «Народнай волі», у Пецярбурзе кінутай бомбай забіў Аляксандра II і смяротна паранены загінуў сам.