Выбрать главу

1906 - 11 сакавіка, пакаранне смерцю праз павешанне на браме менскай турмы эсэра Івана Пуліхава за замах на жыццё менскага губернатара П.Курлова. Яго памочніца па замаху Аляксандра Ізмайловіч прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пры савецкай ўладзе Аляксандра пераследавалася як эсэрка. Была расстраляна 11 верасня 1941 года разам з 170 іншымі палітвязнямі ў Арлоўскай турме.

1906 - лета, забастовачны рух сялянаў у Наваградскім павеце, якія спынілі працу на памешчыкаў. Сяляне патрабавалі павысіць заробкі парабкам і паменшыць арэндную плату за зямлю. Сялянскія выступленні падаўлены вайсковай сілай, 137 чалавек былі арыштаваныя.

1907 - 17 сакавіка, у Менску ў падпольнай друкарні арыштаваны сябра партыі эсэраў, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Алесь Гарун (Пружынскі). Праз год засуджаны да ссылкі ў Сібір з пажыццёвым там пасяленнем. Вярнуўся на радзіму пасля Лютаўскай рэвалюцыі.

1908 - 15 верасня, асуджаны на 3 гады зняволення за нацыянальна-вызваленчую дзейнасць паэт Якуб Колас. Адбываў пакаранне ў менскім турэмным замку. Менавіта тут, у турэмнай камеры, пачаў пісаць знакамітую эпапею «Новая зямля».

1914 - 1 жніўня, пачатак Першай сусветнай вайны. Мабілізацыя вайсковаабавязаных беларусаў на вайну.

1914 - жнівень - верасень, удзел беларускіх салдат ва Ўсходне-Прускай аперацыі расейскай арміі.

1915 - люты - кастрычнік, наступ і акупацыя германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі да лініі Дзвіна - Паставы - Баранавічы - Пінск. Гэтая тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй 4 гады.

1915 - жнівень, наступ германскіх армій. Гераічная абарона фортаў Гарадзенскай крэпасці. Страты палеглымі склалі болей за 3 тысячы салдат і афіцэраў.

1915 - у сувязі з нямецкім наступам і захопам паловы тэрыторыі Беларусі царскі ўрад на прыклад з Паўночнай вайны вырашыў абязлюдзіць тэрыторыю, якую маглі заняць немцы, і арганізаваў прымусовае бежанства: з Гарадзенскай губерні 751.000 чалавек, з Віцебскай - 52.000, з Віленскай - 164.000, з Менскай -162.000. Найбольш апусцелі Гарадзенскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Пружанскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі, Наваградскі паветы. Агулам з-за ваенных дзеянняў бежанцамі сталі 2 мільёны 292 тысячы чалавек. З іх у 1919-1924 гадах вярнулася на радзіму толькі каля 700.000. Адначасова аказалася зруйнаваная гаспадарка рэгіёнаў, адкуль вывелі ў Расею беларускае насельніцтва. Прымусовае бежанства 1915 года моцна паўплывала на далейшы лёс Беларусі.

1916 - 18-28 сакавіка, удзел беларускіх салдат у беспаспяховай наступальнай аперацыі расейскіх армій у раёне возера Нарач.

1916 - расстрэл салдатамі на загад ваенных уладаў рабочых маёнтка Прылукі блізка Менска за забастоўку.

1916 - зруйнаванне пад час ваенных дзеянняў гістарычнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах блізка возера Свіцязь, злучанай з імем Адама Міцкевіча. Зруйнаванне старажытнага Лаўрышаўскага манастыра на Нёмане, заснаванага князем Войшалкам.

1917 - 27 лютага, удзел беларусаў у Лютаўскай дэмакратычнай рэвалюцыі ў Петраградзе. Арганізацыя беларускіх суполак у войску. Усталяванне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу.

1917 - 25 кастрычніка, удзел беларусаў-камуністаў у Кастрычніцкім бальшавіцкім перавароце ў Пецярбурзе.

1917 - 31 снежня, разгон узброенай сілай Усебеларускага з'езда ў Менску на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаха. Рада з'езду абвясціла пра свае ўладныя паўнамоцтвы ў межах Беларусі.

1918 - пачатак грамадзянскай вайны. Удзел беларусаў ва ўсіх ваенных аперацыях Чырвонай Арміі і Белага Руху.

1918 - 12 студзеня, ўдзел спаланізаваных беларусаў у мяцежы польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Аб'яўленне вайны Савецкай Расеі, заняцце корпусам Меншчыны і Магілеўшчыны дзеля далучэння да Польшчы.

1918 - 24 студзеня, бой паміж легіёнамі Доўбар-Мусніцкага і атрадамі Беларускай Чырвонай Гвардыі каля станцыі Ялень.

1918 - 31 студзеня, вызваленне чырвонагвардзейцамі ад польскіх легіянераў гарадоў Жлобіна і Рагачова.

1918 - 18 лютага, германскія войскі, скарыстаўшыся з адмовы Троцкага падпісаць на Берасцейскіх перамовах сепаратны мір паміж Германіяй і Савецкай Расеяй, пачалі наступленне па ўсяму фронту. Акупацыя немцамі цэнтральнай і ўсходняй часткі Беларусі.

1918 - 20 лютага, атрады Вялікай беларускай рады і корпус Доўбар-Мусніцкага ўзялі пад свой кантроль Менск. Камендант горада Канстанцін Езавітаў увёў у Менску ваеннае становішча.