Выбрать главу

1920 - ліпень, вызваленне беларуска-літоўскім Чырвоным войскам ад палякаў Менска, Горадні, Баранавічаў, Пінска.

1920 - 12 ліпеня, цынічны гандаль беларускімі тэрыторыямі з боку ленінскага ўрада РСФСР на карысць Летувы. Падпісаная Масквой дамова мела правесці мяжу паміж Летувой і РСФСР амаль пасярэдзіне Беларусі, аддаючы гарады Горадню, Слонім, Ліду, Маладэчна, Смаргонь, Ашмяны ды інш. БССР у гэтай дамове наогул не ўзгадвалася. Яе зямля лічыліся расейскай уласнасцю.

1920 - 20 ліпеня, пачатак наступлення арміяў Тухачэўскага на Варшаву, узяць якую запланавалі 12 жніўня.

1920 - 27 ліпеня, захоп 3-м конным корпусам Г.Гая горада Ломжы.

1920 - 1 жніўня, у Менску пачаў функцыянаваць канцэнтрацыйны лагер «для прадстаўнікоў варожых класаў», якімі лічыліся былая шляхта, землеўладальнікі, чынавенства, святары. У лагеры было не меней 300 чалавек.

1920 - 13 жніўня, чырвоныя войскі Тухачэўскага выйшлі на рубеж за 20 вёрст ад Варшавы. Сам Тухачэўскі абачліва сядзеў у Менску. У абозе Ф.Дзяржынскі ставіў задачы чэкістам наконт «варожых класаў» у Варшаве.

1920 - 14 жніўня, контрудар польскіх армій. Чырвоныя 4-ая армія, 3-ці конны корпус, палова 15-й арміі мусілі адступаць у Прусію, дзе былі інтэрнаваныя. Напрыканцы жніўня польскія легіёны адкінулі войска Тухачэўскага за Берасце.

1920 - 25 верасня, захоп Горадні польскімі легіёнамі, уваход у Пінск атрадаў генерала С.Булак-Балаховіча.

1920 - 28 верасня, вызваленне Ліды ад палякаў 37-ым палком 3-й Чырвонай Арміі.

1920 - 30 верасня, пасля знішчэння 37-га палка ў Ліду ўвайшлі польскія войскі генерала Э.Рыдз-Сміглага.

1920 - кастрычнік, на папярэдніх мірных перамовах у Рызе паміж палякамі і Савецкай дэлегацыяй польскі бок прапанаваў вывесці польскія і чырвоныя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключна са Смаленшчынай) і правесці там плебісцыт для самавызначэння Беларусі. Маскоўская дэлегацыя катэгарычна адмовілася і прыняла варыянт падзелу Беларусі паміж Польшчай і РСФСР.

1920 - 8 кастрычніка, паўстанне 1-й беларуска-літоўскай дывізіі супраць перадачы бальшавікамі Віленскага края Летуве. Дывізія на чале з генералам Л.Жалігоўскім заняла Вільню і абвясціла пра ўтварэнне Сярэдняй Літвы.

1920 - 15 кастрычніка, заняцце арміяй Булак-Балаховіча Мазыра (выбіты з горада Чырвонымі войскамі 20 лістапада).

1920 - 15-18 кастрычніка, паўторны захоп Менска палякамі.

1920 - 7 лістапада, ўдзел беларускіх салдат у пераходзе палкоў Чырвонай Арміі цераз Сіваш пры ўзяцці Крыма.

1920 - 8 лістапада, армія С.Булак-Балаховіча (15 тысяч) заняла Петрыкаў.

1920 - 8 лістапада, ўдзел беларусаў-чырвонаармейцаў у штурме Турэцкага вала (Перакопа) пры ўзяцці Крыма.

1920 - 10 лістапада, паўторнае заняцце арміяй генерала С.Булак-Балаховіча Мазыра.

1920 - 14 лістапада, выдадзены загад генерала Булак-Балаховіча аб фармаванні Дабраахвотнай беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

1920 - 14 лістапада, пачатак Слуцкага ўзброенага паўстання супраць бальшавікоў. Ахапіла 15 воласцяў Случчыны. Была ўтворана 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войска БНР. У яе склад уваходзілі Першы Слуцкі і Другі Грозаўскі стралковыя палкі, а таксама беларускі батальён з Беласточчыны. Брыгада налічвала 4 тысячы штыкоў і змагалася пад сцягам БНР. Камандзір брыгады А.Сокал-Кутылоўскі. Слуцкая брыгада правяла баі з Чырвонай Арміяй пад Капылём, Ёдчыцамі, Вялікай Балванню, Цімкавічамі, скрозь па рацэ Лані.

1920 - 26 лістапада, прарыў войска Булак Балаховіча праз заслоны Чырвонай Арміі ў нейтральную зону. Раззбраенне часткі беларускіх аддзелаў палякамі. Атрад палкоўніка Яна Балаховіча адмовіўся скласці зброю і два дні вёў баі супраць 18-й польскай пяхотнай дывізіі каля вёскі Якімовічы недалёка ад Турава. Палякі інтэрнавалі 2 тысячы беларускай кавалерыі і пяхоты.

1920 - 28 снежня, канчатковае задушэнне аддзеламі Чырвонай Арміі Слуцкага ўзброенага паўстання. Атрады паўстанцаў, якія перайшлі на тэрыторыю Польшчы, былі раззброеныя і інтэрнаваныя ў лагеры ў Беластоку, а пасля - ў лагеры ў Дарагуску, дзе іх пратрымалі паўгады. Усе тыя ўдзельнікі паўстання, што засталіся на тэрыторыі савецкай Беларусі, былі знішчаныя органамі НКУС у 30-я гады.

1920 - восень, утварэнне палітычнай арганізацыі «Зялёны дуб», скіраванай на супраціў бальшавікам у Савецкай Беларусі і польскім уладам у Заходняй Беларусі. Складалася з баявых «пяцёрак», вакол якіх гуртаваліся ў аддзелы сяляне. «Зялёны дуб» змагаўся і з савецкімі партызанамі, якіх засылала ў Польшчу ДПУ. Дзейнічаў па 1930 год. У 1921 годзе ў межах БССР дзейнічалі 43 паўстанцкіх атрада колькасцю каля 5000 чалавек.