Выбрать главу

1921 - 16 студзеня, падпісанне ў Маскве так званага Дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Згодна ўмовам дагавора наркаматы ваенных справаў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, пошты і тэлеграфу аб'ядноўваліся і ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Дагавор пакончыў з рэшткамі суверэнітэту БССР, бо зніклі галоўныя інстытуты, якія забяспечваюць самастойнасць дзяржаўнага існавання.

1921 - люты, рэпрэсіі бальшавіцкага ўрада БССР і расейскага Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення супраць «антысавецкіх беларусаў», найперш эсэраў. БПС.-Р налічвала ў сваіх шэрагах 20.000 сяброў. Пад кіраўніцтвам эсэраў дзейнічала паўстанцая «Сувязь беларускага працоўнага сялянства» (яшчэ 20 тысяч чалавек), якую планавалася пераўтварцыь ў беларускае войска. Гэта была сіла, небяспечная для бальшавікоў у Беларусі. Таму на БПС.-Р былі абрынутыя масавыя рэпрэсіі. У турмы было кінута 860 самых актыўных дзеячаў БПС.-Р, а разам з працаўнікамі розных беларускіх культурных установаў - 1500 чалавек.

1921 - люты, арыштаваны ДПУ ўплывовы грамадскі дзеяч, вядомы навуковец, аўтар «Беларускай граматыкі» Язэп Лёсік. Прабыў за кратамі да 6 студзеня 1923 года. Вызвалены пасля падпіскі аб адмаўленні ўсялякай палітычнай дзейнасці.

1921 - люты, арыштаваны ДПУ і вывезены ў Маскву сябра прэзідыума Рады БНР, арганізатар БПС.-Р Язэп Мамонька. Праз год зняволення сасланы ў Казань. Уцёк з ссылкі ў Коўна, потым пераехаў у Прагу. У 1928 годзе атрымаў дазвол ад савецкай улады на вяртанне ў БССР, але на мяжы быў арыштаваны АГПУ і асуджаны на 10 год канцлагеру. Расстраляны савецкімі карнікамі 10 верасня 1937 года.

1921 - 18 сакавіка, падпісанне ў Рызе мірнага дагавора паміж Савецкай Расеяй і Польшчай пра падзел Беларусі. Згодна ўмовам дамовы да Польшчы адыходзілі 113 тысяч кв. кіламетраў тэрыторыі Беларусі з насельнітвам 4,6 млн чалавек. Амаль такая ж частка Ўсходняй Беларусі (110 тысяч кв. кіламетраў з насельніцтвам болей за 3 млн чалавек) была раней далучаная да Расеі. Для Беларускай ССР пакінулі 52,3 тысячы кв. кіламетраў і 1,353 млн чалавек насельніцтва (паводле перапісу 1920 года). Тры паветы - Люцынскі, Рэжыцкі, Дзвінскі, населеныя беларусамі, - РСФСР самавольна перадала Латвіі за пасярэдніцтва ў заключэнні Рыжскага міру. Ленінскі ўрад назаўжды далучыў да Пскоўскай губерні РСФСР спрадвечныя беларускія паветы Вяліжскі, Невельскі, Себежскі (паводле перапісу 1897 года там адпаведна было 48,3%, 89,5 і 91% беларускага жыхарства).

1921 - сакавік, удзел маракоў-беларусаў у Кранштацкім паўстанні супраць бальшавіцкага рэжыму. Падаўленнем паўстання камандаваў Тухачэўскі. Усе паўстанцы былі расстраляныя з кулямётаў, іх целы кінулі ў мора пад лёд. У гэты ж год Тухачэўскі ўзначаліў у БССР часткі ЧОН (агулам 6000 чалавек), прызначаныя для сумеснай з арміяй вайны з антыбальшавіцкімі паўстанцамі.

1921 - восень, пачатак арганізаваных Расейскім АДПУ дыверсійных дзеянняў беларускіх партызанаў у падуладных Польшчы Лідскім, Гарадзенскім, Бельскім і Ваўкавыскім паветах. Штаб месціўся ў Белавежскай пушчы. Партызанка працягвалася па 1925 год. Сярод вядомых удзельнікаў - Кірыла Арлоўскі.

1921 - 19 кастрычніка, расстрэл у Менску арыштаваных чэкістамі сяброў партыі «Зялёны дуб» Ганны Доўгерт, Ганны Бруевіч, Георгія Крывашэіна, Уладзіміра Кубара.

1921 - лістапад, высяленне на расейскую Поўнач жыхароў вёсак Зафранцузская грэбля, Рэпішча, Ганутава, Уборкі, Сёмкава Слабада на Ігуменшчыне за ўдзел сялянаў у аддзелах «Зялёнага Дуба». Першае масавае прымусовае высяленне беларускага жыхарства савецкай ўладай з радзімы на чужыну. У Балоцкім сельсавеце пасля высялення людзей засталося 20 адсоткаў ад ранейшай колькасці насельніцтва.

1922 - зіма, па прыгаворах савецкіх карных органаў расстраляныя 1691 святар, 1962 манахі, 3447 манахіняў і паслушніц. Без суда расстраляныя каля 15.000 служыцеляў культа розных канфессіяў (гэта ў межах абкарнанай Рыжскім мірам Беларусі).

1922 - 1 сакавіка, утварэнне Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР замест скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. Выконвалі ўсе ранейшыя задачы ЧК. Менавіта яго супрацоўнікі здзейснялі сталінскі тэрор і рэпрэсіі. У 1934 годзе ДПУ ператворана ва ўп�аўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

1922 - 1 сакавіка, Прэзідыум ЦВК БССР прыняў рашэнне аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў дзеля «дапамогі галадаючым Паволжа». Толькі ў Менскай праваслаўнай епархіі было канфіскавана болей за 73 кг срэбра. Адняцце ў вернікаў органамі Савецкай улады рэлігійнай святыні - крыжа Ефрасінні Полацкай. Змешчаны ў музейную экспазіцыю.