Выбрать главу

1938 - 25 траўня, расстрэл у Курапатах Палуты Бадуновай, дзеячкі беларускага нацыянальнага руху, былога сакратар ЦК БПС.-Р. Перад тым была асуджана да 10 гадоў зняволення.

1938 - высяленне з Друі на загад польскіх уладаў айцоў-марыянаў, якія праводзілі беларускую культурніцкую палітыку.

1938 - ліпень, арышты духавенства ў Менску органамі НКУС. Усяго за папярэдні год арыштавана і рэпрэсавана 3.250 святароў і актыўных вернікаў, у тым ліку мітрапаліт.

1938 - 9 ліпеня, на Берасцейшчыне ў касцёле св. Тройцы ў Воўчыне (родавы маёнтак Панятоўскіх) перазахаваная труна з астанкамі апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага Ст.Панятоўскага. Труна была перададзеная Рэчы Паспалітай на загад Сталіна.

1938 - 1 верасня, у Менскай турме расстраляны Андрэй Бараноўскі - былы сакратар слуцкай арганізацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, удзельнік слуцкага паўстання.

1939 - 23 жніўня, дакументальнае афармленне змовы паміж сталінскім і гітлераўскім рэжымамі пра падзел узброенай сілай Польшчы і перадзел сфераў уплыву ў Эўропе (так званы «Пакт Молатава - Рыбентропа»).

1939 - 1 верасня, пачатак Другой сусветнай вайны. Напад Германіі на Польшчу. У склад Польскага войска мабілізавана каля 100 тысяч беларускіх салдат і афіцэраў. Удзел беларусаў у гераічнай абароне Вэстэплятэ (там патрапіў у палон закліканы ў войска пісьменнік Янка Брыль). Усяго патрапіла ў нямецкі палон 300 тысяч салдат і афіцэраў Войска Польскага. Загінула более 200 тысяч мірных грамадзянаў.

1939 - верасень, удзел беларускіх салдат у шэрагах польскага войска ў абароне Варшавы, у баях з немцамі над Бугам, у баях з Чырвонай Арміяй.

1939 - верасень, удзел беларускіх дабраахвотнікаў на чале з генералам Ст. Булак-Балаховічам у абароне Варшавы ад немцаў.

1939 - 17 верасня, уступленне СССР у Другую сусветную вайну. На двух франтах - Беларускім і Ўкраінскім - было задзейнічана для наступу на Польшчу каля 1 мільёна салдат, 4 тысячы танкаў, 2 тысячы самалётаў. Беларусы ў складзе Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ва ўз'яднанні Заходняй Беларусі з Савецкай Беларуссю. Баявыя дзеянні паміж чырвонымі і польскімі часткамі адбываліся пад Нясвіжам, Валожыным, Слонімам, Шчучыным, Маладэчна, буйныя баі былі за Горадню, Вільню, Наваградак, Скідаль, у Аўгустоўскіх лясах на Падляшшы, у ваколіцах Сапоцкіна, Далістова, Кадзяўцоў. У складзе польскіх аддзелаў беларусы абаранялі Берасцейскую крэпасць ад нямецкай арміі Гудэрыана. У савецкі палон патрапіла болей за 200 тысяч вайскоўцаў, на тэрыторыі Заходняй Беларусі - каля 70 тысяч салдат і афіцэраў. З іх бальшыня - беларускія ўраджэнцы. Каля 40 тысяч мясцовых шэрагоўцаў з палону выпусцілі. З боку Чырвонай Арміі, па афіцыйных звестках, страты склалі 740 чалавек забітымі, 1860 параненымі. З першай хвалі палонных 4500 афіцэраў змясцілі ў лагер у Казельску, 4000 - у лагер у Старабельску і 6500 вязняў апынуліся ў лагеры ў Асташкаве.

1939 - 22 верасня, Чырвоная Армія заняла Беласток.

1939 - 23 верасня, ў ваколіцах Скідаля сяляне самасудам расправіліся з палякамі-асаднікамі. Былі забітыя 42 чалавекі.

1939 - 25 верасня, сумесны ўрачысты вайсковы парад «перамогі» ў Берасці частак гітлераўскай і сталінскай арміяў. Абмен савецкім і нацысцкім сцягамі на памяць пра «перамогу».

1939 - 26 верасня, у Пружанах органамі НКУС арыштаваны ксёндз Казімір Сьвёнтак па абвінавачванні ў «шпіянажы». Знаходзіўся ў Берасцейскай турме да захопу горада немцамі летам 1941 года, пасля чаго вярнуўся ў Пружаны.

1939 - 29 верасня, у Будслаўскім касцёле Ўзнясення Маці Божай аддзел чырвонаармейцаў расстраляў з вінтовак унутранае скульптурнае аздабленне (апосталаў), вітражы, абразы і цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Адрэстаўраваны толькі ў 1991 годзе.

1939 - кастрычнік, арышт у Маладэчне органамі НКУС першага рэдактара газеты «Наша ніва», вядомага дзеяча нацыянальнага адраджэння Аляксандра Ўласава. Яму было 65 гадоў, і яго асудзілі на 5 год зняволення ў сталінскім канцлагеры. Згодна афіцыйным звесткам, памёр па дарозе ў Сібір недзе ў Марыйскай акрузе. Як было на справе і дзе магіла гэтага шаноўнага чалавека - невядома.

1939 - 10 лістапада, у сваім былым маёнтку, нацыяналізаваным савецкай уладай пасля злучэння Заходняй Беларусі з Савецкай, зверскі забіты мясцовымі «актывістамі» вядомы беларускі дзеяч часоў БНР Раман Скірмунт. Яму было 75 гадоў.